Прыгоды Шэрлака Холмса

22
18
20
22
24
26
28
30
Артур КонанДойл90f52029-2a81-102a-9ae1-2dfe723fe7c7Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік)

«Прыгоды Шэрлака Холмса» – першы зборнік апавяданняў пра знакамітага дэтэктыва, надрукаваны ў 1892 годзе, пасля аповесцяў «Эцюд у пунсовым» (1887) і «Знак чатырох» (1890). Зборнік улучае 12 апавяданняў, сярод якіх шмат добра вядомых і пазнавальных твораў, напрыклад, «Скандал у Багеміі» ці «Стракатая стужка», што неаднаразова экранізаваліся і пераасэнсоўваліся. Нягледзячы на тое, што далёка не ва ўсіх гэтых апавяданнях расследуецца сапраўднае злачынства, зборнік даўно ўвайшоў у залаты фонд дэтэктыўнай літаратуры і адыграў вялікую ролю ў станаўленні жанру.

частные детективы,остросюжетные детективы,английские детективы been Коллектив переводчиковb51ddd0d-e014-11e4-8f35-0025905a06ea
Presto, FictionBook Editor Release 2.6.6 18.12.2018 http://www.litres.ru/pages/biblio_book/?art=394216115c966e51-ebcf-11e8-9580-0cc47a520474 1

v 1.0

ЛитагентЭлектронная книгарня03c6de0d-db5f-11e8-880a-0cc47a545a1e
Прыгоды Шэрлака Холмса Кнігазбо Мiнск 2014 978-985-7119-03-5

Артур Конан Дойл

Прыгоды Шэрлака Холмса

© ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў, 2014

© Маціеўская К., прадм., 2014

© Арцёмаў А., Казлова А., Маціеўская К., Пятровіч А., Янкута Г., пераклад, 2014

© ПУП «Кнігазбор», 2014

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Працяг непазбежны

Агульнавядома, што Шэрлак Холмс (каля 1854 – пасля 1923) свайму стваральніку надакучыў даволі хутка: напісаўшы два дзясяткі апавяданняў і дзве аповесці, Артур Конан Дойл вырашыў, што час заняцца сур’ёзнымі раманамі, зрабіцца другім Вальтэрам Скотам, а дрындушку, якая немаведама з чаго займела шалёную папулярнасць, прыгожа патапіць, напрыклад, у вадаспадзе на фоне швейцарскіх пейзажаў. Але было запозна: нешта не заладзілася ў Холмса з занадта чалавечай смяротнасцю, і ён выплыў, каб расследаваць яшчэ каля сарака справаў (гэта, безумоўна, толькі апісаных ягоным «асабістым Босуэлам»), сысці на спачынак гадаваць пчолаў, паставіць рэкорды па экранізацыях твораў пра сябе і ўвогуле зажыць спакойным і няспешным жыццём звычайнага міфа.

Можна, канечне, скінуць віну на ангельскую каралеву, якая, кажуць, за Холмса вельмі хвалявалася, намякала, што здагадваецца пра «хітры ход аўтара», і – хто ведае – можа, нават пагражала рыцарскім званнем. Але як бы там ні было, варта прасякнуцца ўдзячнасцю да будучага сэра Артура: тое, што місія па забойстве нахабы невыканальная і ніякай «апошняй справы Холмса» ўжо ніколі не будзе, ён зразумеў з першага разу.

Міфы цалкам натуральна пачуваюцца, існуючы ў безлічы версіяў, і Холмс не адстае. Знакамітыя словы пра гарышча мозгу, на якім варта захоўваць толькі неабходнае, а таму не ведае ён, Холмс, што Зямля круціцца вакол сонца, абвяргаюцца яшчэ да канца аповесці, у якой прагучалі: раптам аказваецца, што тыпус з нулявымі, паводле рэестру доктара Ўотсана, ведамі ў літаратуры і філасофіі разумее лацінскія выразы без перакладу, вольна цытуе Шэкспіра, Гётэ, Флабэра (побач з «Я раманаў не чытаю»), ды і Хафіза з Гарацыем не забывае. Меркаванне пра неабходнасць ведаў па ўсіх астатніх астраноміях Холмс мяняе як Галілей – пра цэнтр Сусвету, толькі добраахвотна. Да таго ж гэты «здольны выканаўца і кампазітар немалога таленту» («Саюз рудых») аднойчы расчысціў гарышча мозгу аж для «старажытнай корнскай мовы» («Д’яблава нага»), але ці ж нам ведаць, што можа спатрэбіцца дэтэктыву ў расследаванні заблытаных і таямнічых злачынстваў? Слухаем Холмса: «Злачынствы здараюцца часта. Логіка сустракаецца рэдка» («Лясныя Букі»), – і спакойна чытаем далей: так і задумана.

Не кожнае даследаванне зможа ахапіць усё, што напісалі, намалявалі і знялі па слядах Шэрлака Холмса, які ў гэтых пераасэнсаваннях шмат разоў мяняў аблічча, пол, біялагічны від, характар і эпоху. Ды што там казаць, нават геніяльнасцю мяняўся з Ўотсанам (глядзі фільм «Без адзінага доказу» з Майклам Кейнам і Бэнам Кінгслі) і нават гэта перажыў. Які Райхенбах? Гэтага і постмадэрнізм не бярэ.

Вечны супергерой велізарнай шэрлакіяны высілкамі многіх дзясяткаў стваральнікаў атрымаўся абсалютна антыбронзавым, пазбегнуўшы небяспекі, якая так часта пагражае героям і класікам. З Холмсам можна рабіць што заманецца, а міфу гэта толькі на карысць пойдзе. Хіба што спыніць ці стрымаць нельга.

Увогуле, для інтэрактыўнай гульні з чытачом-гледачом усё ёсць ужо ў Дойла: гэтая блытаніна з ведамі, здольнасцямі, уменнямі і нават самім холмсаўскім метадам, які, здаецца, і дэдукцыя, але, можа быць, індукцыя, а можа быць, абдукцыя… Прыняўшы Ўотсана за ненадзейнага апавядальніка, можна – выкарыстоўваючы хоць дэдукцыю, хоць індукцыю з абдукцыяй, а хоць спірытызм, так любімы бацькам Шэрлака Холмса, – доўга і радасна ламаць галаву, спрабуючы зразумець, як жа ўсё было насамрэч і што гэты доктар недагаворвае.

У апошнім (на сёння) фільме Гая Рычы пра Холмса «Гульня ценяў» гэты самы Холмс пасля словаў «The End» ставіць у рукапісе доктара Ўотсана шматабяцальны пытальнік. У далёкім ад Холмса 2014 годзе ў Лондане адкрываецца выстава пад назвай «Чалавек, што ніколі не жыў і ніколі не памрэ». Холмсу і яго храністу ставяцца помнікі ў Англіі, Расіі, Швейцарыі і хто ведае дзе яшчэ. Кожны пяты брытанец думае, што Шэрлак Холмс насамрэч жыў калісьці на Бэйкерстрыт, 221б. Возьмем на сябе смеласць сцвярджаць: астатнія чатыры пятыя ўпэўненыя, што жыве і цяпер.

Кацярына Маціеўская

Скандал у Багеміі

1

Для Шэрлака Холмса яна назаўсёды засталася «той жанчынай». Рэдка чуў я, каб ён называў яе неяк іначай. У яго вачах яна перасягнула і засланіла ўсіх прадстаўніц свайго полу. Не тое каб у яго было да Ірэн Адлер якое-небудзь пачуццё, падобнае да кахання. Любыя пачуцці, і ў прыватнасці гэтае, былі несумяшчальныя з яго халодным, дакладным і надзіва ўраўнаважаным розумам. На маю думку, такой дасканалай машыны, якая мысліць і назірае, свет яшчэ не бачыў, і ў ролі закаханага ён апынуўся б не на сваім месцы. Пра пяшчотныя пачуцці ён заўсёды згадваў толькі са з’едлівасцю і насмешкай. Пяшчотныя пачуцці былі для яго цудоўным аб’ектам для назірання, выключным сродкам сарваць покрыва з чалавечых пабуджэнняў і ўчынкаў. Калі трэніраваны мысляр дазволіць такім пачуццям уварвацца ў свой дакладна і бліскуча ўпарадкаваны ўнутраны свет, яны прынясуць туды бязладнасць, якая паставіць пад сумнеў усе дасягненні яго думкі. Пясчынка, што трапіла ў тонкі механізм, ці трэшчынка на адной з яго моцных лінзаў не зрабіліся б такім бедствам, як вялікае пачуццё для такога чалавека, як ён. І ўсё ж адна жанчына для яго існавала, і жанчынай гэтай была памерлая ўжо Ірэн Адлер – асоба з цьмяным і вельмі сумнеўным мінулым.

Апошнім часам я рэдка бачыўся з Холмсам. Маё вяселле раскінула нас у розныя бакі. Усю маю ўвагу забрала бясхмарнае шчасце і прыемныя хатнія клопаты, якія з’яўляюцца ў чалавека, што першы раз у жыцці робіцца гаспадаром свайго сямейнага агменю. Холмс жа, чыя цыганская душа пазбягала любога таварыства, застаўся ў нашых пакоях на Бэйкер-стрыт, занураны ў свае старыя кнігі, і з тыдня ў тыдзень кідаўся ад какаіну да бурнай дзейнасці, чаргуючы наркатычную дрымоту і ўласцівую яго натуры шалёную актыўнасць. Як і раней, ён быў глыбока захоплены расследаваннем злачынстваў і скіроўваў свае цудоўныя здольнасці і неверагодную назіральнасць на раскрыццё справаў і разгадку таямніцаў, ад якіх афіцыйная паліцыя адмаўлялася як ад безнадзейных. Час ад часу да мяне даляталі цьмяныя чуткі пра яго здзяйсненні: пра паездку ў Адэсу з нагоды забойства Трэпава, расследаванне загадкавай смерці братоў Аткінсанаў у Трынкамалі* і ўрэшце пра вельмі далікатныя і паспяховыя росшукі, праведзеныя на просьбу галандскай уладнай сям’і. Аднак апроч гэтых урыўкавых сведчанняў пра яго дзейнасць, якія я атрымліваў разам з іншымі чытачамі з газет, пра былога сябра і кампаньёна я ведаў мала.