— Значыць, у апошнія хвіліны свайго жыцця ты думала аб тым, што магло быць звязана з маёй асобай. Проста ўсім, хто захапляўся мною пры жыцці, прадстаўляецца мажлівасць пабачыць жывую легенду пасля смерці. Накшталт маральнай кампенсацыі.
— Кампенсацыі кажаш, нічога, добры ў вас тут прыём, — з’едліва вымавіла яна і паглядзела яму ў вочы. — Прабач, я не хацела цябе пакрыўдзіць, забудзем аб гэтым.
І яна паднялася з крэсла. Болей там заставацца было невыносна. Усе тыя навіны, пра якія ёй паведаміў Элвіс, былі даволі неспадзяванымі і таму збілі яе з панталыку. Ёй хацелася збегчы, схавацца ад усіх і застацца адной.
— Пачакай, няўжо цябе не цікавяць усе тыя таямніцы, якія ўзніклі пасля маёй смерці? — разгубіўся ён.
Дзяўчына прамаўчала. І без таго занадта шмат смерцяў адбылося за гэты дзень.
— Усё гэта… — але яна не пачула заканчэння сказу, зачыніўшы за сабой дзверы.
Адчуванне непрадказальнага, пачуццё тагасветнага і непераадольная напруга сціскалі яе скроні. Толькі цяпер яна зразумела, што ўсе шляхі адступу былі адрэзаныя, а прыстасоўвацца да рэчаіснасці было так нязвыкла. Але ўсё ж дзесьці ў глыбіні яе падсвядомасці трымцела невялікая надзея на штучнасць гэтай рэчаіснасці.
“Чаму не відаць святла ў канцы калідора? Калідор звычайны, падлога па-ранейшаму нагадвае шахматную дошку. І хто я ў гэтай партыі? Пешка ці дамка? ”, — падумала яна.
Трэба было вяртацца ў свой нумар і дзяўчына падышла да дзвярэй у канцы калідора. Тузанула за ручку, але дзверы аказаліся зачыненымі. Яна моцна грукнула нагой па дубовай дзвяры-дамавіне і раздражнёна села на падлогу.
“Пайшло ўсё да чорта!”
Калідор зноў пачаў відазмяняцца, ператвараючыся ў вадкую прастору.
— Прабач, я зачыніў за сабой дзверы, — пачула яна пракураны мужчынскі голас. — Падымайся, табе нельга тут заставацца.
Яна ўзняла галаву і ўбачыла невядомага мужчыну. На выгляд яму было каля трыццаці гадоў. Сярэдняга росту. Твар круглы і з іракезам на галаве. Мужчына быў апрануты ў касуху і ірваныя джынсы. Ён лагодна ўсміхаўся.
Яна прыўзнялася і ён, прытрымліваючы яе за локаць, завёў у пакой.
— Дык значыць гэта ты так моцна жадала сабе смерці? — зачыніўшы за сабой дзверы, ціха спытаў мужчына.
Яна падышла да ложка і адразу лягла на яго, падціснуўшы сабе пад грудзі стомленыя ногі.
Раней бы яна ніколі не пачала дзяліцца з незнаёмцам сваімі ўнутранымі хваляваннямі і праблемамі, не ўсё яна магла расказаць і сваім сяброўкам. Але тут усе комплексы і сарамлівасць якімсьці чынам зніклі, як знікаюць сляды на марскім пяску.
Яна паглыбілася ў свае ўспаміны.
— Жыццё страціла для мяне ўсялякі сэнс, — падсумаваўшы свае думкі, сказала дзяўчына.
— Будзь ветлівай, скажы, колькі табе гадоў? — уздыхнуў мужчына і сеў на падлогу побач з ложкам, потым дастаў пачак цыгарэт і запаліў.