Аднак гэта не стрымала дзяўчыну і яна вырашыла падысці да іх. Хлопцы азірнуліся. З выгляду яны аказаліся даволі мілымі, нават нечым нагадалі ёй школьнікаў. Лысагаловыя зусім не здзівіліся нечаканаму з’яўленню дзяўчыны. Наадварот, той, што быў са светлым шчаціннем, адразу працягнуў ёй бляшанку піва і яна ні секунды не вагаючыся, узяла яе. Потым лысагаловыя пасунуліся ў бок і запрасілі яе прысесці. Дзяўчына села між імі і хлопец з цёмным шчаціннем, крануўшы яе за плячо, закрычаў:
— Глядзі, той што лысы зараз падстрэліць гэнага вусатага мекса!
І стрэлы з тэлевізара напоўнілі пакой, а лысагаловыя пачалі падскокваць на месцы ад захаплення, як футбольныя аматары, нібы глядзелі якісьці фінальны матч і дрыгаліся на кожным галявым моманце. У гэтае імгненне чорна-белая карцінка знікла з экрана тэлевізара. Хлопцы раздражнёна кінуліся да “скрыні” і пачалі біць па ёй кулакамі — дарэмна. У хлопца са светлым шчаціннем дзяўчына заўважыла на плячы татуіроўку з надпісам: “Skinheads against racial prejudice”.[25] Гэта былі скінхэды. Але яны не падаліся ёй такімі агіднымі, якімі іх звычайна выкрывалі ў СМІ. Скінхэды селі на падлогу і запалілі па цыгарэце. Нервова зацягнуўшыся, яны пачалі размаўляць між сабой, не звяртаючы ўвагі на дзяўчыну, нібы яна перастала для іх існаваць.
— Я ведаю хто гэта зрабіў.
— І хто ж?
— Гэта той псіхапат з шостага пакоя. Зноў шукаў свой порна-канал, вось і збіў нам увесь кінематограф. Гэта ўжо не першы раз паўтараецца…
— Такіх трэба без суда і следства…
— І яшчэ горш, што менавіта такія вылюдкі гвалцяць дзяцей, добрыя ж бабы не даюць, акрамя толькі шлюх ці педэрастаў, на якіх не заўжды грошаў хапае. Вось і трэба на дзецях адыгрывацца. Ідуць у пад’езды і падпільноўваюць; запрашаюць да сябе, спакушаюць прысмакамі, а потым гвалцяць, здымаюць на камеру, закідваюць у Інтэрнэт, гніды!
— Слухай, пайшлі да яго зойдзем, мне ён ужо добра паспеў надакучыў.
У яе сціснула сэрца. Лысагаловыя, апантаныя сваёй мэтай, адразу падняліся з падлогі і выйшлі за дзверы, пакінуўшы дзяўчыну адну. Як толькі дзверы за імі зачыніліся, яна не здолела стрымацца і па яе шчоках пакаціліся буйныя слёзы, а перад вачыма паўсталі малюнкі з дзяцінства. У дзесяць гадоў у бацькавым гаражы, куды ён часта яе вадзіць, яна абярнула на сябе слоік з белай фарбай. Чорныя, доўгія пасмы валасоў ураз заліло вадкай гадасцю. У выніку маці прыйшлося пастрыгчы яе амаль налыса. Так яна і хадзіла ў школу. Але ніхто не думаў з яе смяяцца. Яна была вельмі прыгожай дзяўчынкай, нават з кароткай стрыжкай і да таго ж магла за сябе пастаяць, таму ёй ніколі не даводзілася чуць у свой бок ніякіх кпінаў. Тады яна таксама была падобна на гэтых скінхэдаў, тады яна была мужнай, тады яна была ўпэўненай у сабе. А цяпер?
Карцінка на экране ўзнавілася, але вестэрн скончыўся — ішлі тытры. Хутка ў пакой заваліліся задаволеныя скінхэды.
Яна ўзнялася з канапы і паставіла на падлогу не дапітую бляшанку піва.
— Што, ты не будзеш глядзець з намі далей, пачакай, можа зараз што-небудзь цікавае пакажуць, — сказаў скінхэд з цёмным шчаціннем, убачыўшы, што вестэрн скончыўся.
Яна адмоўна пагайдала галавой.
— Шкада, ты нам так спадабалася.
— Дзякуй, — расчулена прызналася яна і выйшла з пакоя.
“Куды мне ісці? Вяртацца ў нумар так не хочацца”, — сустрэлі яе ў калідоры турботныя думкі.
У галаве стаяў тлум.
“Ці не доўгі ўсё гэта сон?”
Яна адчула сябе ў эпіцэнтры сюррэалістычных падзей, але дакладна не ведала, што рабіць далей, нібы актрыса, якая выйшла на сцэну і выпадкова забыла свае словы. Ад безвыходнасці дзяўчына спаўзла па сцяне на кукішкі і зморана паклала галаву на калены.