Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

— Дзевятнаццаць, — здушана вымавіла яна.

— Значаць, пражыўшы ўсяго дзевятнаццаць гадоў, ты вырашыла, што далей жыць няма сэнсу? — выдыхнуўшы дым, спытаў ён.

“Хто б гэта ня быў, але яго лепш не падманваць”, — пераконваў яе ўнутраны голас.

— Не ведаю, цяпер не ведаю… У той момант я думала менавіта так.

— А калі б табе зараз далі шанец выбраць паміж жыццём і смерцю, на чым бы ты спынілася?

На чым бы яна спынілася? Жыццё — гэта пакуты, слёзы і боль, там на зямлі ўсё тое, што яна шмат разоў бачыла і чула, нічога вартага… Але тут? Наперадзе — таямніца, яна насцярожвала, яна палохала. І яшчэ гэты гатэль, ён нагадаў ёй мінулае, забытае пад сумётамі жыцця: яе хваляванні, яе думкі; тут яна зразумела, што больш падобнага з ёй не здарыцца і ўсё зямное ніколі ўжо не паўторыцца. З аднаго боку гэта абнадзейвала, а з другога, здавалася, можа менавіта гэтага “зямнога” ёй як раз такі і не будзе хапаць…

— Я б выбрала жыццё, — нечакана для самой сябе сказала дзяўчына і ў пакоі трохі пасвятлела.

Мужчына плюнуў на падлогу.

— Чалавек, па сваёй існасці, ніколі не любіць радыкальных перамен, абы толькі яго не чапалі, менавіта з-за такіх калісьці мяне і распялі. Хаця, вядома, ёсць выключэнне, — анархісты, да прыкладу, якіх нажаль ніхто ў сур’ёз не ўспрымае, аднак гэта ўсё з-за прагных да ўлады палітыканаў. А вось калі чалавеку добра прыпячэ, тут ён пачынае корпацца ў глыбінях сваёй чэрствай душы з імкненнем знайсці там праўду, падкрэслю — сваю праўду, якая, часцей за ўсё, зводзіцца да поўнай бязглуздзіцы.

Яна ляжала, не зварухнуўшыся, падклаўшы пад галаву далоні, уважліва слухаючы кожнае яго слова.

— Аднак у нас мала часу. Не ведаю, чаму я іншым разам раблюся такім паблажлівым, а ўвогуле я люблю шукаць прыгоды на свой азадак… Відаць, на гэта ўплывае мая прыхаваная любоў да чалавецтва. Добра, я паспрабую цябе перавесці, пакуль гэта ўсе, што я магу для цябе зрабіць. Таму паспрабуй пражыць сваё новае жыццё, не засяроджваючы ўвагі на ўсякім смецці, якое яго акружае, менавіта ў гэтым і ёсць сэнс існавання. Канечне, гэта зусім не значыць, што табе абавязкова неабходна пайсці ў манашкі, некаторыя не правільна атаясамляюць знакі, якія ім падаюць. Знайдзі сваё прызначэнне…

— Ты Бог? — прыўзняўшыся з ложка і, абапёршыся на рукі, запытала яна.

Мужчына гідліва сыкнуў і дзяўчына зразумела, што зачапіла досыць балючую тэму.

— Не хачу пра яго нават чуць, — ён апантана расшпіліў касуху і яна ўбачыла пад ёй белую майку з чорным надпісам “No God, No Master”.[26] — Я не размаўляю з ім ужо больш за тысячу год, гэты стары ёлуп дастаў мяне сваімі маралямі…

Потым ён сутаргава засунуў руку ва ўнутраную кішэню касухі і дастаў ключ.

— А цяпер спускайся ўніз і аддай гэта Пятру. Паглядзім, як яму такі сюрпрыз.

Лямпы ў калідоры мігацелі па-ранейшаму, раздражняючы зрок дзяўчыны перарывістым святлом. Яна адчула сябе прысутнай на “Тытаніку” — нібы ратуешся з калідора, які паступова запаўняе сцюдзёная вада. Але лепш было б знаходзіцца на “Тытаніку”, там, магчыма, яшчэ заставаўся шанц выратавацца.

Яна праходзіла каля дзвярэй-дамавінаў, адчуваючы на патыліцы подых вышэйшага розуму, які стаіўся ў гэтых сценах, а жудасны калідор нагадваў калідор смяротнікаў.

Яна сыходзіла па лесвіцы, а яе крокі гучалі, як стрэлы ў спіну. Сэрца ў яе грудзях так і карцела выскачыць вонкі і пакаціцца наперад клубком чырвоных нітак.

Яна сціснула зубы.