— Якога чорта?! — абурыўся барадач.
Жанчына хутка вылезла з-пад яго, прыкрыла свае грудзі коўдрай і акінула іх абедзвюх дакорлівым поглядам.
Нічога не адказваючы, дзяўчына развярнулася і выйшла за дзверы, разумеючы, што трапіла ў няспраўную сітуацыю.
Сцены, падлога, столь калідора на яе вачах пачалі ператварацца ў вадкасць, а вушы напоўніў незразумелы імпульсіўны гуд. Не звяртаючы ўвагі на фантастычныя змены ў памяшканні, яна пайшла наперад. Ступаючы па няўстойлівай падлозе, дзяўчына з кожным крокам адчувала, што жыле, у якое ператварылася падлога, зараз яе засмокча. Са столі пачала сцякаць жыжка, падобная на лаву, якая палае з зяпы раз’юшанага вулкана.
“Хто я, дзе я знаходжуся, можа, гэта ўсяго толькі ўласнае трызненне?”
— Прабачце, а ў вас не знойдзецца цыгарэткі? — пачула яна мужчынскі голас.
“Якога д’ябла ім усім ад мяне трэба? Усе ў гэтым гатэлі намагаюцца мяне зачапіць, каб сказаць, спытаць, прапанаваць?!”
Калідор пачаў скажацца, паступова вяртаючы сабе правільную форму і свой папярэдні выгляд.
— Я не палю, — вымавіла яна.
Азірнуўшыся, дзяўчына раптоўна знерухомела. Перад ёй стаяў Ён. Сам Ён! Кароль! Легенда! Не можа быць! Адкуль? Тут? У гэтым несамавітым гатэлі? У гэтай краіне? Глупства! Перад ёй стаяў кароль рок-н-рола! Сам Элвіс Прэслі ўласнай персонай! Ён стаяў пасярод адчыненых дзвярэй пакоя, перакрыжаваўшы рукі пад грудзьмі. На ім была апранута звычайная белая майка з надпісам “Амерыка”. Элвіс асляпляльна ўсміхаўся, а яго прычоска была ў дакладнасці такой, як у 1956 годзе.
“Чарговы імітатар?” — праслізнула ў яе галаве.
Яна ўважліва прыгледзелася да яго. Калі гэта муляж, то самы дасканалы.
— Я ведаю аб чым ты зараз думаеш, — сказаў ён на беларускай мове. — Я гэта ці не я? Усіх, прынамсі, хто бачыў мяне пасля смерці, ахапляў такі ж ступар. Гэта, зрэшты, звычайны інстынкт. Усе, хто захапляліся мною непасрэдна пры сваім жыцці праз гэта праходзілі. І ты, канечне, як я бачу, не выключэнне. З свайго боку я, — ён паглядзеў на далонь, на якой была напісана падказка, — у мільён двухсот пяцідзесяці трох тысячны раз з усёй адказнасцю магу заявіць, што гэта я. Так, перад табой сапраўдны Элвіс Прэслі.
Яна глядзела на яго, не ў стане вымавіць і слова.
— Ды і ў мяне таксама быў шок, калі я пачуў голас з верха, — Элвіс задраў паказальны палец угору.
“Каго ён мае на ўвазе, у гатэлі толькі два паверхі”, — прыгадала яна.
— Уяўляеш, — працягваў ён, — голас сказаў, што мне і тут не будзе супакою. Ён загадаў мне наведваць усіх маіх фэнаў і размаўляць з імі аб чым яны толькі пажадаюць. Гэта быў нечаканы піяр ход майго новаспечанага прадзюсара. Ён надзяліў мяне ўсімі мовамі свету, я нават на вашай трасянцы размаўляць магу.
Яе нечакана перасмыкнула.
— Заходзь да мяне. У маім пакоі ўсё пад стыль бессмяротных пяцідзесятых, там нам будзе зручней пагутарыць.
Яна не магла ні зварухнуцца, ні нават што-небудзь сказаць, але ўжо не ад убачанага, а ад пачутага.