Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

Валодзя ўзяў два вядры, пайшоў па ваду. Ля веснічак сустрэў сястрычку Жэню. Тая прапанавала:

— Дай мне адно вядро. Дапамагу.

— Не трэба, сам данясу.

Жэні нядаўна мінула васямнаццаць, але яна выглядала яшчэ зусім дзяўчынкай.

Яны ўвайшлі ў хату. Валодзя ўзяў газету, якую прынёс бацька з друкарні, дзе працаваў наборшчыкам, і пайшоў у свой пакой. Ён, як і бацька, любіў пачытаць перад сном. Прыемна было раней за іншых даведацца самыя свежыя навіны. Бацька заснуў і адразу захроп. Распранаючыся, сын з усмешкай уявіў, як цяпер за тонкую перагародку да бацькі зойдзе маці і скажа: «Ну вось! Разшумеўся, паравозік», — і прымусіць яго павярнуцца на бок.

Валодзя, трохі пачытаўшы, адклаў газету і чамусьці ўспомніў пра міліцыянера, які ўчора прыходзіў у двор, штосьці высвятляў у суседзяў. «А можа, пайсці ў міліцыю? — падумаў Валодзя і тут жа ўявіў сябе работнікам крымінальнага вышуку. — Цікава, як да гэтага паставіліся б бацькі? Хоць чаго ім дзівіцца? Ёсць жа ў нашым родзе і міліцыянеры».

Уладзімір успомніў сваіх стрыечных братоў. Адзін з іх — дваццаціпяцігадовы Аляксей Купрэйчык запрасіў Славіных у нядзелю на вяселле. Але бацькі адмовіліся — бацьку трэба на працу.

«Шкада, што не паехалі, — падумаў хлопец, — у вёсцы цяпер добра. Уначы вогнішча можна было б распаліць, а днём — у сене пакачацца, прыгажосць! — але тут жа сябе перабіў: — Пастой, пра што ж гэта я думаў? А, пра міліцыю». — І ўспомніў свайго другога стрыечнага брата па маці — Мачалава Пятра. Той старэйшы за Аляксея — яму трыццаць пяць. Працуе ў раёне ўчастковым упаўнаважаным.

«Дзіўна, як я мала ведаю сваіх стрыечных братоў, нават бачыў іх усяго некалькі разоў. Трэба будзе адпрасіцца ў бацькоў ды з’ездзіць да кожнага з іх. Толькі ці будуць яны са мной важдацца? У Пятра ўжо двое дзяцей, а мне яшчэ і шаснаццаці няма».

З гэтымі думкамі Валодзя заснуў. У сне ён то выяўляў узброеных да зубоў злачынцаў, то праследаваў небяспечнага рэцыдывіста, уступаў з ім у рукапашную сутычку, то раптам, лёгка адарваўшыся ад зямлі, адчуваючы пры гэтым прыемную бязважкасць, ляцеў у паветры над шырокай ракой, набліжаючыся да невялікага зялёнага астраўка…

Оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Аляксей Купрэйчык

Аляксей лічыў сябе самым шчаслівым чалавекам на зямлі. Адслужыўшы ў пагранічных войсках, ён скончыў афіцэрскую школу міліцыі і быў накіраваны ў Гродна. Так ён стаў оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку. У той час Аляксей сустрэў Надзю Кір’янаву і пасябраваў з ёй. Дзяўчына скончыла медыцынскае вучылішча і працавала ў Гродне. Аказалася, што яны з Надзяй з адной вёскі. І не былі знаёмыя толькі таму, што бацькі Аляксея пераехалі туды параўнальна нядаўна, калі Аляксей служыў у Чырвонай Арміі. Ішоў час. Неўзабаве яны абое зразумелі, што пакахалі адно аднаго.

І вось сёння вяселле. Аляксей ужо які раз разглядаў сябе ў старым, пабітым іржавымі плямамі, яшчэ, напэўна, дарэвалюцыйным, люстэрку, што стаяла ў хаце яго бацькоў.

Чорны касцюм, белая кашуля вельмі пасавалі яму. Аляксей гарэзна падміргнуў сабе і выглянуў у акенца: як бы не сапсавалася надвор’е, бо вяселле вырашылі гуляць у садзе. Здаволена хмыкнуў: «Парадак! Надвор’е як на заказ, спецыяльна для нядзелі».

Падумаў трохі і ўслых нягучна дадаў:

— І для вяселля.

У пакой увайшоў стрыечны брат Аляксея — Пётр:

— Ну як, гатовы да застольных бітваў?

— Рыхтуюся, — адказаў Аляксей і, каб схаваць збянтэжанасць, дадаў: — Вяселле ж першае.

— Упэўнены, што і апошняе.