Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

Пётр прайшоўся праз увесь пакой і прысеў на драўляную лаву:

— У нас з табой ні сярод блізкіх, ні сярод далёкіх сваякоў дваяжэнцаў не было. Усё пражылі ці жывуць з той, якую пакахалі ў маладыя гады.

Пётр толькі сёння прыехаў, і пагаварыць яны яшчэ не паспелі. Пётр быў участковым упаўнаважаным, старшым лейтэнантам. Працаваў і жыў ён у вёсцы.

Аляксей ставіўся да стрыечнага брата з павагай. Дзіва што! Пётр быў не толькі старэйшы за яго і па ўзросце, і званні. Яму давялося многае пабачыць у свае трыццаць пяць. Можа, таму ён і ў міліцыю прыйшоў з некаторым спазненнем — у дваццаць восем гадоў.

Аляксей сеў побач з братам. Яны пагаварылі пра сваю работу. Пётр расказаў пра сям’ю: жонку Таццяну, дзесяцігадовую дачку Юлю і васьмігадовага сына Ванюшку.

— Ведаеш, — казаў ён, — Ваня дакладна пойдзе маёй дарогай. Вельмі любіць міліцэйскую форму. Надзене часам фуражку — і гайда да хлопцаў. Адразу гульні ладзіць — то ў бандытаў, то ў шпіёнаў.

— Шкада, што ты жонку і дзетак не ўзяў, паглядзець бы на іх. Даўнавата не бачыліся.

— Але ты ж ведаеш: Таня дзяцей са школы і сваіх дзяцей у піянерскі лагер павезла. Што зробіш, у іх, настаўнікаў, свае клопаты. Але нічога. Атрымаеш адпачынак і прыязджайце з Надзяй да нас, быццам вясельнае падарожжа зробіце. У нас цяпер добра! Хата вялікая, месца шмат, дый прадуктаў хапае, не тое што дзесяць гадоў таму.

Загаварыўшыся, яны і не заўважылі, як праляцеў час. Паступова пачалі збірацца госці. Аляксею трэба было зайсці ў хату бацькоў Надзі і потым ужо удваіх прыйсці да стала.

Ён выйшаў у двор і каля варот сустрэўся з міліцыянерам. Аляксей не ведаў яго прозвішча, але ў твар паспеў ужо запомніць: як-ніяк, яны разам працавалі ў адным аддзеле. Міліцыянер, убачыўшы Купрэйчыка, паднёс руку да казырка:

— Здравія жадаю, таварыш лейтэнант! А я — па вас.

Купрэйчык здзіўлена зірнуў на трывожны твар міліцыянера.

— Як гэта па мяне? У мяне ж вяселле!

Міліцыянер паглядзеў прама ў вочы Аляксею і дрыжачым голасам сказаў:

— Таварыш лейтэнант, вайна!

Валодзя Славін

Гэта нядзеля ўжо нікога не магла радаваць. Адкрыццё возера, святочныя гулянні не адбыліся.

У 12 гадзін рэпрадуктары разнеслі афіцыйнае паведамленне пра вераломны напад фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. Вайна!..

…28 чэрвеня акупанты ўварваліся ў Мінск. Яны з’явіліся неяк нечакана. Нібы з густых чорных аблокаў дыму дамоў, якія гарэлі. Па вуліцы, міма дома, у якім жылі Славіны, павольна прайшлі нейкія невялікія дзіўнаватыя машыны на гусенічным хаду.

Горад хутка напаўняўся нямецкімі войскамі. Пацяклі бясконцыя калоны салдат. У клубах пылу, густа смуродзячы гарам з выхлапных труб, з грукатам рухаліся танкі, праносіліся грузавікі з ваенным рыштункам, па ўскраінных вулачках ездзілі нямецкія матацыклісты. Чулася чужая рэзкая гаворка. Гарадское насельніцтва стаілася, вуліцы апусцелі. Хто не паспеў пайсці на ўсход, сядзелі за зачыненымі дзвярамі і аканіцамі, зашторанымі вокнамі, праз шчылінкі ў фіранках насцярожана сачылі за акупантамі. А тыя, адчуваючы сябе гаспадарамі, грамілі магазіны, гойсалі па хатах, аўтаматамі касілі курэй.