Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

— Дачушка-а!!! Людзі добрыя! Дык за што ж яны губяць нас? Мы ні ў чым не вінаватыя. Адпусціце хоць дзіцё! Яна яшчэ нічога ў жыцці не бачыла.

Адзін з фашыстаў падышоў да табурэткі… Маці схапіла Валодзю за плечы, павярнула тварам да сябе, закрыўшы яму вушы рукамі, прыцягнула галаву да сваіх грудзей… Яе вусны ашалела шапталі: «Не глядзі, не глядзі!»

Дахаты яны вярнуліся ўзрушаныя, доўга сядзелі на кухні, не запальваючы святла.

Таццяна Андрэеўна

Прайшло толькі тры тыдні, як пачалася вайна, а Таццяне Андрэеўне Мачалавай здавалася, што прайшлі гады.

Мачалава ўся змарнавалася ад пастаяннай трывогі за лёс мужа. Пётр з’ехаў з вёскі на вяселле да стрыечнага брата. Вяселле павінна было адбыцца 22 чэрвеня, у нядзелю, і раптам — вайна.

Першыя два дні пайшлі на тое, каб хутчэй даставіць з піянерскага лагера дзяцей. А затым пачалося пакутлівае чаканне. Таццяна дні напралёт стаяла на ўскрайку вёскі, глядзела да рэзі ў вачах на дарогу, а Пятра ўсё не было.

Навіны ў вёску прыходзілі з вялікім спазненнем, але ад чырвонаармейцаў, якія спешна праходзілі праз вёску і накіроўваліся на ўсход, людзі ведалі, што немец наступае. Неяк над прасёлкавай дарогай, што цягнулася ад вёскі да лесу, з’явіліся два самалёты з крыжамі на крылах. Яны нізка праляцелі над галовамі людзей, якія ішлі з клункамі ў руках па пыльнай дарозе, развярнуліся і ўдарылі ўніз з кулямётаў.

Пасля таго як сцярвятнікі паляцелі, мясцовыя жыхары пахавалі шаснаццаць чалавек, якія засталіся ляжаць на дарозе і ў кювеце. На чацвёрты ці пяты дзень вайны да Таццяны ў хату прыйшоў старшыня калгаса. Схуднелы, з чорным змардаваным тварам, ён сказаў:

— Табе, Таццяна Андрэеўна, трэба з дзецьмі сыходзіць на ўсход. Можа так здарыцца, што немцы прыйдуць сюды, а ў цябе муж — участковы, сама — настаўніца, і чакаць табе ад іх дабра не трэба.

— Я буду чакаць мужа, — цвёрда адказала Т аня і прытуліла да сябе сына. — Павінен жа ён сюды вярнуцца, а потым ужо на фронт ісці.

Яна ніколькі не сумнявалася ў тым, што Пётр вернецца. Таццяна разумела, што ён, вядома, пойдзе на фронт, але спачатку, хоць на дзянёк, хоць на гадзінку, абавязкова забяжыць дахаты, развітаецца і скажа, што ёй і дзецям рабіць, як быць далей. Яна так і сказала тады старшыні. А той глуха адказаў:

— Гродна, Таццяна Андрэеўна, далёка, і ўсё можа здарыцца ў дарозе. Тым больш, ён чалавек вайсковы, яго маглі прызваць у армію і адтуль. Так што паслухай мяне — і ідзі!

Але Таццяна стаяла на сваім, і старшыня сышоў.

Маладая жанчына спадзявалася не толькі на тое, што муж вось-вось зазірне дамоў, але і на тое, што немцы не дойдуць сюды. «Павінна ж наша армія дзесьці іх спыніць, — думала яна, — не будуць жа ім Мінск здаваць».

І яна чакала. Але праходзілі дні, а Пятра ўсё не было. У вёску дайшлі чуткі, што немцы ўжо ў Мінску, але Таццяна не паверыла і нават аблаяла суседку, якая расказвала пра гэта. Але аднойчы праз вёску днём прайшла нямецкая аўтакалона. Машыны тут не спыніліся і панесліся далей. Выгляд чужых людзей у шэра-зялёнай форме пераканаў Мачалаву ў тым, што немцы ўжо прыйшлі. Таццяна Андрэеўна спрабавала штосьці рабіць па гаспадарцы, пачала збіраць рэчы, якія неабходна ўзяць з сабой, калі вернецца Пётр і ім трэба будзе сыходзіць, але ўсё ў яе валілася з рук.

І вось ужо тры тыдні, як яна чакае мужа.

Таццяна Андрэеўна цяпер не хадзіла на край сяла, яна цэлымі днямі сядзела ў двары. Там яе і заспела суседка Марфа Сцяпанаўна. Абодва сыны Марфы Сцяпанаўны знаходзіліся ў Чырвонай Арміі, жыла яна ў невялікай старой хацінцы, побач з Мачалавымі. Марфа Сцяпанаўна паўздыхала, павохкала пра лёс людскі, а потым сказала:

— Ведаеш, што я хачу табе сказаць, мілая?

Сэрца Мачалавоай стаілася ў трывозе: няўжо што-небудзь з Пятром здарылася? І, імкнучыся захаваць спакой, села на бервяно, якое валялася ля плота.