Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

— Яшчэ адно слова, і я накірую вас на пост замяніць каго з нашых людзей. А туды, як вядома, харчышкі, якія вы ў сваім рэчмяшку цягаеце, браць нельга. Так што вы таксама многім рызыкуеце. Прычым не толькі застацца галодным, але і назаўжды пазбавіцца такога смачнага сала.

Усе засмяяліся, а Антошын пхнуў сябра ў плячо:

— Добра! Падзелімся, Бог з табой.

Аператыўнікі размясціліся вакол вогнішча, пачалі есці. Аднак з-за павароту хутка з’явіўся чалавек.

— Дык гэта ж наш! — пазнаў свайго супрацоўніка Антошын.

І сапраўды, падышоў Брытвін, памочнік оперупаўнаважанага. Ён увесь пакрыўся шэранню і, пераводзячы частае дыханне, паведаміў:

— Уладзімір Міхайлавіч, яны там!

— Дакладна пераканаліся?

— Вядома. У «старшыны» добра бачна павязка на шыі, і «маёра» запрыкмецілі. Абодва некалькі разоў выходзілі ў двор. То дровы насілі ў хату, то ў прыбіральню па чарзе бегалі, то ў хлеў чагосьці два разы лазілі.

— Ясна, — працягнуў Славін, зірнуўшы на аператыўнікаў. — Збірайцеся, таварышы. Не забудзься, сябар Антошын, сальца і іншыя смачныя рэчы разам з мяшэчкам у машыне пакінуць.

Антошын, не адказваючы, шпурнуў рэчмяшок у кузаў. Славін загадаў старшыне-вадзіцелю праз паўгадзіны падагнаць машыну на ранейшае месца. Група рушыла ў дарогу.

Гэтым разам яны ішлі напрасткі, па прасецы. Такім чынам удалося скараціць час на дарогу. Неўзабаве ўсе сабраліся разам. Яшчэ раз уважліва вывучыўшы становішча, Славін пакінуў двух супрацоўнікаў на ўзлеску: калі злачынцы паспрабуюць прабрацца ў гэты кут, яны абавязкова патрапяць у пастку. Астатнія ўдзельнікі аператыўнай групы, зрабіўшы вялікі круг, пачалі набліжацца да хутара. З гэтага боку вокны хаты прыкрываў хлеў. Гэтым і вырашыў скарыстацца Славін, каб неўпрыкмет падысці да будынкаў.

Вось і хата. Аператыўнікі на нейкі момант стаіліся за глухой сцяной, намерваючыся больш дакладна ўзгадніць свае далейшыя дзеянні. І тут усе збянтэжыліся: з-за вугла высунулася кудлатая сабачая пыса. Сабака падаўся яшчэ трохі наперад, у нерашучасці спыніўся, гледзячы на чужых людзей. Ён выскаліў вялікія белыя іклы, глуха загыркаў, як здалося супрацоўнікам, не вельмі зласліва. Славін, не разважаючы, выняў з кішэні частку свайго сухога пайка — кавалак каўбасы, — асцярожна шпурнуў сабаку. Той схапіў пачастунак і гультаявата адышоў да сваёй будкі. Уладзімір з палёгкай уздыхнуў, жэстам загадаў траім супрацоўнікам абысці хату справа. Астатніх людзей павёў налева. Хлопцы дзейнічалі энергічна, зладжана. Ля кожнага акна непрыкметна спынілася па адным аўтаматчыку.

Славін і іншыя аператыўнікі, сагнуўшыся, пракраліся пад двума вокнамі, паціху адчынілі дзверы, увайшлі ў сенцы. Трохі пастаялі, каб вочы прывыклі да прыцемку. Наперадзе былі дзверы ў жылое памяшканне. Але што за імі? Ніхто не ведаў размяшчэння пакояў. Таму супрацоўнікі яшчэ ў лесе дамовіліся, што кожны будзе ўрывацца ў бліжэйшы да яго пакой. Славін асцярожна прыадчыніў дзверы, убачыў вялікую сялянскую печ, стол. За ім сядзелі двое мужчын і жанчына. Уладзімір рэзка расчыніў дзверы, прама з парога загадаў:

— Ні з месца! Рукі ўгару!

У гэты момант супрацоўнікі пракраліся ў два іншыя пакоі.

Яшчэ ні пра што не пытаючы, Уладзімір зразумеў, што тыпы, якія сядзяць з паднятымі рукамі за сталом, былі менавіта тымі, каго шукала аператыўная група. На шыі крайняга — зашмальцаваны бінт. У таго, што быў побач з ім, — вялікі шнар на твары. Не даючы бандытам апамятацца, супрацоўнікі вывелі іх з-за стала, звязалі рукі. Жанчыну вывелі ў суседні пакой, каб яна не перагаворвалася з бандытамі.

Усё было зроблена настолькі хутка, што ніхто са злачынцаў нават не паспеў ачомацца.

Агледзелі хату, хлявы. Там аказаліся не толькі выкрадзеныя рэчы, дакументы, каштоўнасці, але і шмат зброі. У гаспадарцы Птушак знайшлося двое вялікіх саняў, якія супрацоўнікі даверху завалілі боепрыпасамі, запрэглі коней.

Славін разглядаў зорку Героя, знятую з кіцеля ўяўнага маёра: