Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

— Як ты мог сваімі бруднымі рукамі чапаць яе?

— Падумаеш! — нахабна ўхмыльнуўся бандыт. — А можа, я пакрасавацца хацеў?

— Нядоўга ж ты красаваўся!

— Што нас чакае? — нясмела, лісліва спытаў «старшына».

— Адплата, — цвёрда адказаў Славін і загадаў збірацца ў шлях.

Старшы лейтэнант Аляксей Купрэйчык

Дзень Перамогі Купрэйчык сустракаў у Берліне. Праўда, не ў цэнтры, а на яго ўскраіне, бо, патрапіўшы пасля шпіталя ў дывізіённую разведку, ён пасля ранення яшчэ так і не прыйшоў у форму. Начальнік разведкі дывізіі падпалкоўнік Арбатаў не дазваляў пакуль Аляксею хадзіць на заданні, і ён займаўся тым, што ў развалінах выяўляў і арыштоўваў нямецкіх салдат і афіцэраў. Цяпер недахопу ў палонных не было. Варта было спусціцца ў любы ацалелы склеп, там абавязкова хаваліся гітлераўскія афіцэры ці салдаты, іх, як правіла, без допыту збіралі ў агульныя групы і накіроўвалі на зборны пункт. Але Купрэйчык увесь час нудзіўся па сваім узводзе і надакучаў Арбатаву просьбамі. Падпалкоўнік быў чалавекам строгім і сухім. Пры кожнай просьбе Купрэйчыка ён моршчыўся і адмахваўся:

— Ну чаго ты прычапіўся да мяне. Паглядзі на сябе: адна скура ды яшчэ костак крыху ў дадатак, ледзь на нагах трымаешся. Вось акрэпнеш як трэба, тады і пашлём ва ўзвод, а пакуль займайся тым, што табе даручылі.

Ад такіх гутарак у Купрэйчыка на душы было моташна. Ён, баявы афіцэр, які прайшоў амаль усю вайну ад Масквы да самага Берліна, павінен адседжвацца ўдалечыні ад перадавой. Яго настрой нават не стаў лепшым пасля таго, як узнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі за той апошні бой, калі ён быў паранены. Аляксея цягнула на перадавую.

Але вось вайна скончылася. Для разведчыкаў наступіла пара бяздзейнасці, і Купрэйчык намерваўся адшукаць свой былы ўзвод, павіншаваць хлопцаў з перамогай, успомніць тых, хто не дайшоў да Берліна і склаў свае галовы дзеля гэтай перамогі, але яго нечакана выклікалі ў штаб дывізіі. Там уручылі прадпісанне, дзе было сказана, што старшы лейтэнант Купрэйчык Аляксей Васільевіч адкамандзіроўваецца ў распараджэнне Наркамата ўнутраных спраў і павінен з’явіцца праз тыдзень у горад Мінск.

Падпалкоўнік Арбатаў упершыню па-сяброўску ўсміхнуўся Купрэйчыку:

— Ну вось, бачыш, як я правільна рабіў, што збярог цябе. Цяпер ты патрэбен краіне для іншых спраў. Ну, дай я цябе абдыму на развітанне.

Праз трое сутак Купрэйчык прыбыў у Брэст і адразу ж накіраваўся ў шпіталь да Надзі. Усё здарылася так хутка, што ён ёй нават не паспеў напісаць пра новае прызначэнне.

Ехаць было недалёка, і неўзабаве ён, сышоўшы са спадарожнага грузавіка, апынуўся сярод мора зеляніны, кветак, сонца. Удыхаючы поўнымі грудзьмі чыстае п’янкое паветра, ён лёгкім крокам ішоў па сцяжынцы, якую толькі што паказаў яму сустрэчны пажылы старшына.

«Прыгажосць-та якая, вось і наступіла сапраўднае мірнае жыццё!» Ад гэтай думкі Аляксею захацелася спяваць, гучна крычаць, смяяцца. Дзіва што, ён прайшоў усю вайну, дзясяткі разоў глядзеў смерці ў вочы — і застаўся жывы! Наперадзе мір, жонка, жыццё! Яго цешыла ўсё: і птушкі, і сонца, і зеляніна роднай зямлі! Як яму хацелася цяпер легчы на гэту вабную родную зямлю, дакрануцца шчакой да мяккай сакавітай травы! Але наперадзе, дзесьці там, за кустамі, што віднеліся непадалёку, ужо праглядаліся хаты, а там — шпіталь, а ў ім Надзя, яго жонка!

— Наперад, дзядзька! — гучна скамандаваў сам сабе Аляксей. — Хутчэй — і ты будзеш узнагароджаны!

Так, яму сёння адназначна шанцавала. Толькі ўвайшоў праз расчыненыя насцеж велізарныя драўляныя вароты, якія вялі на тэрыторыю шпіталя, як сустрэў Надзю. Яна ішла з нейкай дзяўчынай і пра штосьці весела гаварыла. Абедзве былі апрануты ў белыя халаты, але Аляксей адразу ж пазнаў яе. Ён дагнаў іх, плячом злёгку адсунуў дзяўчыну ад Надзі і пайшоў побач з ёй. Дзяўчына хацела абурыцца, але, убачыўшы ўмольны погляд сімпатычнага старшага лейтэнанта, маўчала, чакаючы, што ж будзе далей. А Надзя весела і бестурботна ішла крыху наперадзе, працягвала свой расповед пра ўчарашняе выступленне на сходзе нейкай Краўцовай. Але вось яна замоўкла і павярнула галаву направа, а там замест сяброўкі — Аляксей. Надзя спачатку вырашыла, што ёй здалося. Спынілася, моўчкі і здзіўлена паглядзела на яго вялікімі вачыма. Нарэшце яна зразумела, што гэта не прывід і што перад ёй сапраўды жывы і здаровы Аляксей. Яна дакранулася да яго твару рукой, а затым яе рукі імгненна абвіліся вакол яго шыі.

Пасля першых хвалюючых хвілін яны накіраваліся прама да начальніка шпіталя.

Высокі, мажны, гадоў шасцідзесяці палкоўнік, даведаўшыся, з кім да яго прыйшла Кір’янава, сустрэў Аляксея ветліва. Нават дзеля такога выпадку загадаў прынесці па сто грам спірту.

— Мы прыйшлі да вас параіцца, — перайшоў да галоўнага Аляксей, — як нам зараз з жонкай быць. Я атрымаў прызначэнне ў Мінск, а вось Надзя — тут.