Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

— Я? Не думаў пра гэта, але. калі трэба — пайду!

— Вось і выдатна! Рыхтуйся, запасайся літаратурай. З’ездзіш да маці. Ведаю, як знудзіўся па ёй. Ну, а потым і за вучобу.

Славін, збянтэжана і радасна ўсміхаючыся, выйшаў з кабінета. Караткоў павярнуўся да Мачалава:

— Ну, а Крайнюку ты сам паведаміш. Ён калі выпісваецца?

— Паслязаўтра…

Твар Мачалава пахмурнеў. Месяц назад Крайнюк і Бартошык удзельнічалі ў аперацыі па абясшкоджванні групы бандытаў. Участак лесу, дзе павінна была знаходзіцца банда, акружылі і пачалі прачэсваць тэрыторыі. Неўзабаве большасць злачынцаў былі затрыманы, а хто аказваў супраціўленне — знішчаны. У густым хмызняку заўважылі невялікую хату. У яе ўвайшлі Бартошык і Славін. У хаце было цёмна, і Бартошык пасвяціў запалкай. Тым часам з кустоў, убачыўшы ў акне святло, стрэліў адзін з бандытаў. Бартошык быў забіты. Крайнюк кінуўся да кустоў, а другі бандыт стрэліў у яго. Антон, перш чым страціць прытомнасць, паспеў чаргой з аўтамата стрэліць па кустах. Адзін з бандытаў быў забіты, а другі, паранены, працягваў адстрэльвацца. Звар’яцелы ад гора, Славін выскачыў з хаты. Бандыт пабег. Пры любых іншых умовах Славін дагнаў бы яго і абяззброіў, але тады, прыпаўшы на калена, ён доўгай чаргой забіў бандыта.

Мачалаў нават не звярнуў увагі, што патухла папяроса. Караткоў чыркнуў запалкай:

— Ну, а сам калі здасі справы?

— Заўтра прыязджае новы начальнік, адразу ж пачну здаваць. Мала я тут папрацаваў.

— Нічога, дарагі. Вайна скончылася, людзей у нас будзе больш, справяцца тут і без цябе, тым больш, цябе чакае не меней цяжкая праца ў Мінску. Дарэчы, як ты вырашыў з Вольгай Ільінічнай?

— А што тут вырашаць. Засталіся мы з ёй бабылямі. Страта родных стала нашым агульным горам. Гэта гора і аб’ядноўвае нас. Вырашылі мы так: як толькі я здам новаму начальніку справы, яна возьме адпачынак. З’ездзім у мае краі. Паглядзім, што можна зрабіць там. Магчыма, помнік Тані і дзецям паставіць можна. Ну, а затым я застануся ўладкоўвацца, а яна вернецца сюды і будзе афармляць перавод у адзін са шпіталяў, размешчаных у Мінску.

— Правільна вы вырашылі. Вы абое шмат гора перажылі і павінны зараз адзін аднаго трымацца і падтрымліваць.

Таццяна Андрэеўна Мачалава

У вёску з фронту пачалі вяртацца першыя салдаты. Дзе-нідзе ўжо быў чутны віск пілаў і стук сякер. Людзі паступова пачыналі новае жыццё.

Таццяна Андрэеўна і яе дзеці жылі ў невялікай зямлянцы на краю вёскі. Калі прыйшло вызваленне, Таццяна адразу ж напісала ў Маскву. Прасіла паведаміць ёй, ці жывы муж, даць яго адрас. Са слоў былога камандзіра партызанскай брыгады, а цяпер сакратара райкама партыі Глазкова, яна ўжо ведала пра запыт, які паступіў аднойчы ў партызанскі атрад на яе, і пра той адказ, які далі партызаны, лічачы, што Таццяна Андрэеўна і яе дзеці загінулі. Таму і спяшалася адшукаць мужа, узрадаваць яго.

Уся сям’я жыла пакутлівым чаканнем і надзеяй. І вось праз месяц у іх зямлянку прыйшла страшная бяда. Яны атрымалі пахавальную. У гэты момант Таццяна Андрэеўна вырашыла, што скончыліся яе сілы. Страціўшы мужа, яна страціла веру ў жыццё. У яе апусціліся рукі. Дзеці ні на хвіліну не пакідалі маці адну, гатавалі есці, займаліся ўборкай, глядзелі за ёй, як за дзіцём.

Таццяна Андрэеўна добра запомніла той жнівеньскі дзень, калі да яе ў зямлянку завіталі шасцёра вясковых баб. Ва ўсіх было сваё гора: у траіх загінулі мужыкі, а ў іншых — сыны. У той дзень Таццяна яшчэ раз пераканалася ў шчодрасці і шчырасці чалавечай душы, у жаданні дапамагчы адзін аднаму. Гэтыя жанчыны насілі ў сэрцах уласнае гора, а прыйшлі да яе, каб хоць неяк супакоіць. Яны не вохкалі і не ўздыхалі, а проста па-чалавечы, па-жаночаму адкрыта, душэўна пагаварылі з ёй. І Таццяна Андрэеўна зноў адчула жаданне жыць, гадаваць дзяцей. Увечары, калі засталася адна, паклялася, што выгадуе і выхавае дзяцей, каб яны былі годнымі бацькі.

Незадоўга да Дня Перамогі Мачалаву зноў адшукаў Глазкоў. Дамовіліся, што ў чэрвені яна вернецца ў сваю спаленую вёску. «Мы табе дапаможам хату пабудаваць, — казаў ён, — увосень пачнеш вучыць дзяцей калгаснікаў».

Ад думкі, што яна патрэбна людзям, Таццяна паверыла яшчэ больш у сябе, зразумела канчаткова, што за жыццё трэба змагацца.

Мачалава вырашыла з’ездзіць у Мінск, пахадайнічаць пра пенсію на дзяцей, а затым перабрацца ў сваю вёску. Чуллівыя жанчыны сабралі, колькі маглі, грошай на білеты, адварылі бульбы «ў мундзіры», далі — хто кавалачак сала, хто — масла.