Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

Палкоўнік усміхнуўся:

— Ну, брат, гэтую справу можна выправіць. — Зірнуў на Надзю і сказаў: — Давайце, мілыя вы мае, зробім так: вам, Кір’янава, у першую чаргу я даю трохдзённы адпачынак. Пасля гэтага, — ён паглядзеў на Аляксея, — вы едзеце ў Мінск, уладкоўваецеся, ну і чакаеце яе. А мы за гэты час зробім адпаведныя запыты, каб перавесці вашу жонку ў Мінск. Так што парадак.

Наступіў вечар. Надзя і Аляксей прагульваліся па лясной сцяжынцы. Цёплы ветрык далікатна перабіраў яе валасы. Яны выйшлі на паляну, перайшлі яе і апынуліся ў густых зарасніках гнуткіх бяроз і тонкіх елак. Аляксей зняў кіцель і разаслаў яго пад кустом. Надзя села на кіцель, а Аляксей апусціўся побач. Зямля была цёплай і сухой. Яна паглядзела ўгару і раптам засмяялася ціхім шчаслівым смехам:

— Лёшачка, а паказаць, дзе ты?

— Як гэта, дзе я? — не зразумеў Аляксей.

Надзя паклала галаву яму на плячо і паказала рукой угару на абсыпанае зоркамі неба:

— Глядзі. Я не ведаю, як называецца зорка — гэта тая, якая побач вунь з той, яркай, крыху лявей, бачыш?

На небе зорак было шмат, і Аляксей чыстасардэчна прызнаўся:

— Не, Надзейка, не бачу, там гэтулькі зорак.

— А я бачу, і заўсёды, калі мне станавілася сумна ці было цяжка, я чакала вечара, адшуквала сярод зорак цябе, і мне адразу ж станавілася лягчэй, часам мне нават здавалася, што і ты ў гэта імгненне глядзіш на гэту ж зорку. Я нават размаўляла з табой.

— Родная, слаўная мая.

Аляксей абняў яе і зазірнуў ёй у вочы.

Надзя абхапіла яго шыю аберуч, прытулілася гарачымі вуснамі да яго твару і ледзь чутна сказала:

— Я знайшла цябе, мая зорка.

Уладзімір Міхайлавіч Славін

Славіна выклікаў да сябе начальнік. Уладзімір пастукаў, увайшоў у кабінет. Мачалаў сядзеў за сваім сталом. На старэнькай пашарпанай канапе прыстроіўся сакратар райкама камсамола. Поруч стала — Караткоў. Славін са слоў дзяжурнага ведаў, што прыехаў Сяргей Міронавіч, але яшчэ не бачыў яго. Залацістыя новенькія пагоны падпалкоўніка вельмі пасавалі яму і нават маладзілі. Усе трое прывіталіся са Славіным за руку, і Караткоў, загадкава ўсміхнуўшыся, спытаў:

— Ну, таварышы, хто аб’явіць?

— Давай ужо ты. Ты яму накшталт хроснага, — адказаў Мачалаў.

Караткоў падышоў да Славіна.

— Працаваў ты, Уладзімір Міхайлавіч, добра. Мужна і ўмела змагаўся з бандытамі. Пройдзе трохі часу і з гэтым злом будзе скончана. Аднак спатрэбіцца яшчэ шмат гадоў, перш чым атрымаецца выкараніць злачыннасць. А гэта значыць, Уладзімір, краіне яшчэ спатрэбяцца людзі, здатныя прафесійна, граматна абясшкоджваць тых, хто захоча падняць руку на народнае дабро, на гонар, на Савецкую ўладу. Мы параіліся і вырашылі рэкамендаваць цябе на вучобу ў школу міліцыі. Як ты на гэта паглядзіш?