Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

Іра стаяла каля люстэрка і расчэсвала свае ці то медныя, ці то залатыя валасы. Малінавы сарафан так вабна абцягваў яе цела, што ён проста не змог утрымацца, каб не падысці да яе ззаду і, пажадліва да сябе прытуліўшы, шчыра ёй прызнацца:

— Божа, якая ты прыгожая.

— І без цябе ведаю, — заклапочаная прыхарошваннем, фанабэрыста вымавіла яна. — Лепш абувайся і глядзі, не ўздумай пакінуць навідавоку якую-небудзь брутальную рэч.

— Ты яшчэ доўга будзеш папракаць мяне гэтым?

— Кожны раз, бо толькі ты мог дадумацца пакласці на тумбачку з тэлефонам пачак скарыстаных прэзерватываў.

— Я хацеў яго забраць…

— …і забраць, вядома, забыўся, — закончыла яна за Дзяніса. — Бачыў бы ты потым твары маіх бацькоў…

Дзяніс вінавата паціснуў плячыма і хутка абуў красоўкі. Калі ўсё было гатова да адпраўлення, яны паглядзеліся ў люстэрка, усміхнуліся адзін аднаму і выйшлі за дзверы.

На вуліцы было спякотна, здавалася, што на целе сядзела адразу некалькі пластоў скуры.

— Дай жуванкі, — сказаў ён Іры на прыпынку.

— Я чакала гэтага… Ведаеш, у мяне часам складаецца ўражанне, як быццам кожны раз, калі я з табой сустракаюся, са мной адбываецца адна і тая ж гісторыя — dējа vu, ці нешта падобнае на фільм “Дзень сурка”.

— Усё нашмат прасцей — проста ў цябе ёсць грошы, а ў мяне іх няма.

Іра дастала з сумачкі дзве мятныя падушачкі і паклала яму на далонь. У гэты момант да прыпынку пад’ехала маршрутка.

— Ну, я паляцела, да сустрэчы, — сказала Іра і ў яе празрыста-сініх вачах можна было прачытаць, што яна цалкам здаволеная праведзенай з ім ноччу (а таксама раніцай) і што яна нясцерпна будзе чакаць новага спаткання, і, пажадана, як мага хутчэй. — Тэлефануй.

— Пакуль.

Яна пацалавала Дзяніса ў вусны і яны развіталіся.

Гэтае лета было складаным для іх абодвух. Першы раз у жыцці Дзяніс знайшоў сабе часовую працу, хаця традыцыйна ў гэты перыяд года ніколі не працаваў. Іра папулярна растлумачыла яму, што ў яго ўзросце ўжо даўно неабходна дзесьці працаваць. І, магчыма, яе заўвага засталася б толькі яе заўвагай, калі б у Дзяніса не з’явіўся стымул. Цяпер яны працавалі абодва: яна — афіцыянткай ў рэстаране знаёмых, ён — слесарам механіка-зборачных прац на Мінскім заводзе лядоўняў, больш вядомым, як “Тытан”. Безумоўна, гэта была непрыемная падзея ў яго бесклапотнай біяграфіі, але жыццё, тым не менш, працягвалася далей.

Як толькі маршрутка панесла Іру прочкі, ён засунуў у вушы слухаўкі і пад вясёлыя песні NOFX,[1] прыняўся чакаць транспарта да мятро.

Дзень быў чэрствым. Сонца ў небе нагадвала спешна ўзбіты на патэльню жаўток яйка і ўсё навокал толькі раздражняла. Аднак Дзяніс паспеў прызвычаіцца. Супакойваў той факт, што праца на заводзе праходзіла ў тры змены. На гэтым тыдні Дзяніс працаваў у другую, прынамсі, можна было добра адаспацца, але разам з тым, увесь дзень быў страчаны, дамоў ён вяртаўся апоўначы. Прыярытэтам жа першай змены з’яўляўся адносна свабодны час пасля чатырох гадзін, аднак на працягу ўсяго дня жудасна хацелася спаць, улічваючы пад’ём у пяць гадзін раніцы. І ўрэшце начная змена — мара, бадай, любога абібока: шэсць гадзін працы, пасля чаго дастаткова часу, каб адаспацца і цэлы дзень рабіць усё, што заўгодна. У прынцыпе, такі расклад яго ўладкоўваў.

На прыпынак, між тым, пачынаў сыходзіцца мясцовы пралетарыят. За тыдзень у Дзяніса паспела ўзнікнуць прыхаваная нянавісць да гэтага класа, хаця яго бацькі з’яўляліся яскравымі прадстаўнікамі працоўных мас. Не гледзячы на такі аспект, Дзяніс з усёй упэўненасцю мог сказаць, што працоўныя — гэта быдла, пачынаючы са звычайнай гігіены і скончваючы яго светапоглядам. Дзяніс трываць не мог, уваходзячы ў гардэроб, гэты кіслы пах поту, які заўжды лунаў па ўсім памяшканні і ніякім ветраннем яго немагчыма было знішчыць. За некаторымі стаханаўцамі ён заўважыў даволі нездаровую тэндэнцыю абы-як скідваць у свае шафікі брудную робу разам з смярдзючымі шкарпэткамі. Можна ўявіць, які смурод стаяў у гардэробе! Божа літасцівы, яму ванітаваць хацелася. А іх размовы. Пра што яны? Футбол — гэта істэрыя вар’яцтва. Дзяніс, будучы сярэднестатыстычным маладым чалавекам, ніколі не падзяляў асаблівай цягі да гэтага віду спорту і наогул не выяўляў сімпатый да спорту ў цэлым. Адзінае, што магло апраўдаць футбол, гэта п’яныя дэбошы фанатаў пасля перамогі пэўнай каманды і ўрачыстыя папойкі з гэтай нагоды. Удзельнічаць у апошнім мерапрыемстве Дзяніс бы і сам не адмовіўся, падзяляючы радасць з ачмурэлымі храпамі. Усё выходзіла ў даволі простую формулу: нажэрціся дзеля таго, каб нажэрціся.