Знаходзячыся ў пралетарскім асяроддзі, ён пайшоў яшчэ далей, умоўна разгалінаваўшы яго на дзве групы: да першай Дзяніс аднёс працоўных-няўдачнікаў, якім нічога іншага акрамя заводу ў гэтым жыцці і блізка не свяціла, гэтакіх запраграмаваных на кожны дзень гамункулусаў;[2] да другой — людзей, якія ўладкаваліся выключна на кароткачасовы тэрмін, каб падзарабіць грошай. Сябе Дзяніс адносіў да другой катэгорыі і кожны раз цешыўся думкай, што хутка ўсё скончыцца і ён ізноў уздыхне вольным паветрам. Яшчэ больш яго ўлагоджвала канчатковая мэта, той самы стымул — электрычная гітара. О, колькі сэнсу ён укладаў у гэты музычны інструмент. Мара ўсяго дзяцінства вельмі хутка павінна была трапіць да яго ў рукі. Больш таго, уладанне такой гітарай аўтаматычна рабіла Дзяніса паўнапраўным удзельнікам безназоўнага, пакуль, гурта, які ён разам з сябрамі-аднакурснікамі стварыў, прыблізна, год таму і які, дарэчы, зусім не прагрэсаваў. Уся справа заключалася ў адсутнасці інструмента, што ў выніку і прымусіла, гультая, па сутнасці, Дзяніса, пайсці на завод.
І вось чарговы дзень, чарговы васьмігадзінны гвалт над яго целам, загадкава прытаіўшыся ў цені, чакаў наперадзе.
Пад’ехаў 86 аўтобус. Дзяніс зайшоў у яго і cтаў у самым канцы кабіны. Людзі мітусіліся, каб знайсці зручнейшае месца, піхаліся, чапляючы адзін аднаго плячыма і локцямі, наступалі на ногі, не просячы пры гэтым элементарнага выбачэння. Адна тлустая карова наступіла сваім капытом якраз на мезенец Дзяніса і нават не паглядзела ў яго бок. Можа яна штосьці і сказала, ён не чуў — слухаць каліфарнійскі панк было значна прыемней.
Дабірацца да заводу з Ангарскай Дзянісу прыйшлося яшчэ каля сарака хвілін і таму, каб прабавіць гэты час, ён пад песні NOFX пачаў падбіраць у галаве невялікія зарыфмоўкі і менавіта па-беларуску. Гурт, у якім удзельнічаў Дзяніс, засяроджваўся пераважна на беларускамоўных тэкстах, не без яго асабістай падачы.
Едучы ў мятро, Дзяніс уяўляў сябе з хлапцамі на невялікай сцэне якога-небудзь запляванага клуба, уяўляў, як яны крута будуць адтуль глядзецца, і ўсе прысутныя без выключэння, з захапленнем будуць слэміцца пад неразборлівую музыку новаспечанага рок-бэнду.
Гэтыя радкі ўзніклі ў яго галаве спантана, як узнікае, напэўна, усё геніяльнае.
“А што, зусім ня дрэнна”, — падумаў ён.
2
Дзяніс выйшаў з аўтобуса акурат каля Мінскага заводу лядоўняў. Шэры гмах савецкай забудовы паказаўся ў яго полі зроку яшчэ здалёк. Вялікія белыя літары, узгрувашчаныя на дах дванаццаціпавярховага інжынернага корпуса, вылучалі голаснае слова “Тытан”. Ён паглядзеў на бясхмарнае неба, якое мірна распасціралася над заводам і падумаў аб неспадзяваным выбуху. Паднімаючыся па прыступках да прахадной, Дзяніс усміхнуўся ад думкі, што было б няблага, калі б гэты завод нечакана праваліўся ў нябыт, як змрочны дом Ашэраў, ці, на крайні выпадак, на яго б скінулі бомбу. Аднак завод па-ранейшаму стаяў на сваім месцы і вітаў суровы пралетар, які падбіраўся да яго з розных бакоў, як мурашы да мурашніка. Прахадная, у сваю чаргу, шырока расчыніўшы зяпу, апантана глытала людзей, набіваючы каменнае чэрава чарговымі ахвярамі. Усё, чымсьці, нагадвала эпізод з нямога фільма Фрыца Ланга “Метраполіс”.
Мінуўшы дошку гонару, на якой фігуравалі аднолькавыя твары з пустымі вачыма і дурацкімі ўхмылкамі, прахадная ўрэшце праглынула і Дзяніса. Ён увайшоў у фае. Людзі даставалі пропускі, датыкаліся імі да турнікета і паспяхова пераходзілі на іншы бок — менавіта адтуль пачыналася ўсё самае ненавіснае і абрыдлае Дзянісу за апошні тыдзень.
Ён падышоў да кабіны, у якой сядзела вахцёрка даволі прыемнай знешнасці з дробненькім рабаціннем на шчоках і кірпатым носе, і працягнуў ёй свой часовы пропуск. Яна ўсміхнулася Дзянісу беласнежнымі зубамі і спытала, прачытаўшы яго імя:
— Дзяніс Аляксандравіч?
— О так… — адказаў ёй Дзяніс і пакуль пазітыўна настроеная вахцёрка ўводзіла яго асабісты нумар у кампутарную базу дадзеных, прагна прыняўся паглынаць яе шыкоўныя акружнасці, што так спакушальна вымалёўваліся цераз карункавую блузку.
— Ну, што, ёсць там у вас такія? — спытаў ён.
Яна націснула клавішу Enter і аддала яму пропуск.
— Праходзьце.
— Дзякуй, — Дзяніс узяў пропуск і далікатна дакрануўся да яе цёплых пальцаў.
Чырвань акрапіла шчокі вахцёркі і яна збянтэжана адвяла позірк.
“Кабель!” — сказаў Дзянісу ўнутраны голас і ў яго з’явіўся настрой.
Падняўшыся па лесвіцы на другі паверх, ён трапіў у гардэроб. У нос адразу ўрэзала затхлым пахам мужчынскага поту ўперамешку са смуродам завадскіх хімікатаў, якімі наскрозь была прасякнутая ўся рабочая вопратка. Гардэроб быў вельмі доўгім і чалавек, які б аказаўся тут упершыню, папросту змог бы заблудзіцца, як у лабірынце, сярод сініх шафікаў, якія стаялі ў два рады і цягнуліся ў самы канец гардэроба.