Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

— А ты мне падабаешся, я хачу, каб ты стала маёй дзяўчынай.

Дзяўчыны, як адна, збянтэжыліся, але першая сабой авалодала рыжая.

— Слухай, хлопчык, схадзі ды праветрыся трохі, не тое мама дома адчытае, — пагардліва вымавіла яна.

Са сказанага Дзяніс зрабіў пэўныя вынікі: па-першае, яе ўсё ж не прывяло ў захапленне яго ўпэўненае нахабства, па-другое, у яе, магчыма, ёсць кавалер і па-трэцяе, яна старэй за яго — выдавала з’едлівае слова “хлопчык”. У той раз Дзяніс быў вымушаны адступіць, аднак падмурак, у прынцыпе, быў зроблены.

Праз тыдзень ён убачыў дзяўчыну ў родным БДПУ і што найбольш яго ўзрадавала — на сваім гістарычным факультэце. Ён даведаўся, што яна вучыцца на чацвёртым курсе і старэй яго на два-тры гады. Далей Дзяніс высвятліў яе дадзеныя цераз “кантакт” і пазнаёміўся з ёй больш грунтоўна. Неўзабаве, Іра знайшла Дзяніса пацешным хлопцам і іх зносіны сталі больш інтэнсіўнымі. Іра называла Дзяніса “хлопчыкам”, а праз месяц стала яго дзяўчынай.

І вось доўгачаканы абед. Чыпушыла за пяць хвілін пакінуў працоўнае месца і ў Дзяніса аж у нутры адклала. Сакральныя паўгадзіны! Дзеля іх ён бы адправіў культ, пакланяючыся ім і прыносячы дарункі.

Калі прыйшоў час, Дзяніс скінуў з сябе пальчаткі, разагнуў спіну і хуценька пайшоў у прыбіральню. Для таго, каб патрапіць у сталовую, хапала трох хвілін і на тое, каб там паесці яшчэ каля пятнаццаці. У выніку заставалася дзесяць хвілін адпачынку, на працягу якіх ён сядзеў разам з астатнімі працоўнымі на лавачцы каля цэха і слухаў іх аднастайныя размовы. Рабіць што-небудзь іншае ў гэты адрэзак часу, было недарэчна, тым больш, некаторыя мужыкі самі запрашалі яго далучыцца да свайго хаўруса.

У сталовай Дзяніс заказаў першае, другое і кампот з булачкай. Сеў, зазвычай, асобна ад усіх у самым куце за апошнім столікам. Ежу нельга было назваць смачнай, але для запаўнення страўніка яна падыходзіла. Пюрэ з катлетай і гарохавым супам пасля напружанай працы з’яўлялася сапраўднай боскай стравай, у выніку чаго Дзяніса часцяком пучыла.

Добра пад’еўшы, ён выйшаў на вуліцу. Цеплыня. Зараз бы на прыроду разам з Ірай і адпачываць. Але замест прывідных мар яго воку адчыняўся шэры асфальт з грузнымі сценамі заводу, жоўтыя пагрузчыкі, працоўныя ў сініх робах і гуд канвеераў. Ён прысеў на край лаўкі каля мужыкоў з “лініі Краўса”, сярод якіх ведаў аднаго Рупара.

— Студэнт? — адразу спытаў у Дзяніса мужык з лысінай.

Ён кіўнуў.

— Студэнты ўсе лайдакі, — сказаў Рупар (як жа Дзянісу хацелася даць яму выспятка), — алкашы і хмыры тыповыя. У мяне, вунь, сын у ПТВ на другім курсе, дык і тое менш п’е, а хіба вы там вучыце што, толькі і ведаеце, як дзевак за цыцкі мацаць і прафесараў старых выводзіць.

Дзяніс трохі збянтэжыўся.

— Што ты хочаш, такая зараз у краіне адукацыя, бяруць каго заўгодна, — разважліва прамовіў мужык у акулярах, які нагадваў былога інтэлігента. — У Еўропе ўсё зусім па-іншаму.

— Зноў ты са сваёй Еўропай пачынаеш, халуй апазіцыйны, — гыркнуў на яго мужык з іншага канца лавы.

— Пайшоў ты…

— Сам ідзі…

У гэты час да працоўнага хаўруса далучыўся прышчаваты хлопец гадоў дваццаці пяці, брыдкай знешнасці і прысеў на кукішкі. Пакручваючы ў пальцах цыгарэту, ён гамзата спытаў:

— Слухай, Сямёныч, а як там учора “Зеніт” згуляў?

Дзяніса аж перасмыкнула.