Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

Майстар збянтэжыўся і злёгку пачырванеў.

— Паслухай, я асабіста правяраў кожную пядзю — усё чыста, — не згаджаўся мужычок.

Рупар манерна прыцмокнуў і адвярнуўся ад яго.

— Сяргей, чорт з ім, на кантролі яшчэ раз правераць, — сказаў мужычку Прошын.

— Ды не можа быць, што шосты… — пачухаў патыліцу чорнавусы.

Калі яны адышлі, Рупар урачыста абвясціў:

— Усё можа, калі з перапою рожа, — і выскаліў шчарбатыя зубы.

Працаваць рабілася ўсё цяжэй і цяжэй. Дзяніс мімаволі ўспомніў аб першых фабрыках — там, як сведчаць крыніцы, людзі працавалі па дванаццаць гадзін у суткі. Адкуль у іх браліся сілы можна было толькі здзіўляцца. Аднак такія роздумы нагняталі абставіны. Яму зусім не хацелася працаваць і каб адасобіцца ад усяго негатыву, які зыходзіў ад завадскога асяроддзя, Дзяніс пачынаў думаць аб Іры. Успамінаючы пра яе, час паскараўся ўдвая.

Дарэчы, з Ірай ён пазнаёміўся даволі іранічна. Гэта адбылося год таму. Неяк, прагульваючы пары разам з аднакурснікамі ў студэнцкім скверыку, Дзяніс сядзеў на лаўцы і піў піва. На суседняй лаўцы сядзелі тры дзяўчыны мадэльнай знешнасці і хлопцы бессаромна тарашчыліся на іх ножкі, і гучна размаўлялі на інтымныя тэмы.

— Мне падабаецца вунь тая рыжая, — прызнаўся сябрам Дзяніс.

— Дык ідзі і пазнаёмся з ёй, — сказаў хтосьці з іх.

— Не… — ён адразу пашкадаваў, што паведаміў аб сваіх пачуццях у слых.

— Што, кішка тонкая?..

Дзяніс вагаўся, адначасова пільна ацэньваючы дзявочую кампанію. Кожная з дзяўчын была такой прыгожай і недасягальнай, што ён ужо паспеў змірыцца з пройгрышным варыянтам у магчымай спробе пазнаёміцца.

“У мяне нічога не атрымаецца. Паглядзі на іх!” — запэўніў яго пераканаўчы ўнутраны голас.

“Ты слабак? Чаго ты баішся? Проста падыдзі да яе і загавары з ёй, трэба, каб яна цябе заўважыла!” — узнік другі голас, якога ён найбольш асцерагаўся.

“Ты потым толькі шкадаваць будзеш!”

Сябры ўжо паспелі забыць аб мімалётным захапленні Дзяніса, як ён нечакана падняўся з лаўкі, сабраўся з думкамі і падышоў да прыгажунь.

— Э-э-э… тыпа, крошкі, у вас не будзе запаліць, — нахабна вымавіў ён.

Дзяўчыны здзіўлена паглядзелі на ўсмешлівага хлопца і ўсе разам засмяяліся, а потым рыжая, тая, якую Дзяніс упадабаў іншым, дастала з сумачкі пачак дамскіх цыгарэт і працягнула яму. Дзяніс узяў тонкую цыгарэту і папрасіў запальніцу. Яе сяброўка, прывабная брунэтка, манерна ўсміхнулася і працягнула яму Zipo. Дзяніс фанабэрыста ўставіў цыгарэту ў зубы, з першага разу падпаліў яе і зрабіў, напэўна, адну з першых зацяжак у жыцці, а потым яго накрыла і ён зайшоўся гучным кашлем. Дзяўчыны захіхікалі і трэцяя, русавалосая красуня, штосьці прашаптала на вуха сваім сяброўкам. Адкашляўшыся, Дзяніс вырашыў перайсці да справы і звярнуўся да рыжай: