Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

“У яе павінна быць менавіта такая ўхмылка”, — падумала яна.

Вадзіцель, не зважаючы на слізкі асфальт, узмацніў хуткасць. Яму больш за ўсіх карцела хутчэй прыехаць да пункту прызначэння і, урэшце, добра выспацца.

А дзяўчына пачала ледзь чутна шаптаць заклён, каб навальніца ўзмацнялася, каб аўтобус яшчэ болей пачало штурхаць, па-вядзьмарску падбухторваючы моцы непрадказальнай прыроды. Ёй хацелася растварыцца ў халодным дажджы, стаць яго часткай. Усё можна было б аддаць за гэта, нават душу, калі яна насамрэч існавала.

Святло ў кабіне аўтобуса нечакана загасла. Адусюль пачуліся жаночыя "войканні".

Яскравая маланка асвяціла вадзіцелю рэзкі паварот на лева.

Хуткасць… Дождж… Неабачлівасць…

Усё спалучылася разам.

* * *

Рыта нерухома ляжала ў напоўненай ванне. З абедзвюх яе запясцяў тоненькім струменьчыкам працякала кроў, афарбоўваючы ваду спярша ружовым, а потым барвовым колерам. Скрываўленая брытва на куце ванны, якой Рыта, звычайна, галіла свае зграбныя ножкі, колькі хвілін назад лёгкімі рухамі рукі прайшлася па яе далікатнай скуры. Позірк спыніўся на пабеленай столі і ў гэтым позірку застыгла штосьці недамоўленае. Святло ў яе вачах паступова згасала, і яна ўсё болей адчувала сябе нібы па-за целам. Рукі і ногі адначасова перасталі яе слухацца. Ёй зрабілася так лёгка, так утульна; яна парыла ў паветры як анёл, болей ні ў чым не знаходзячы патрэбы. Аднак усё гэта абарваў моцны штуршок і ў ванну, выбіўшы дзверы, увайшлі людзі. Рыта адразу вярнулася ў межы свайго цела і замест пабеленай столі перад ёй з"явіліся аблічча яе таты. Бацька выцягнуў Рыту са скрываўленай ванны, хутка закруціў у мяккі ручнік і вынес у пакой. Толькі на яго руках Рыта паступова пачала адчуваюць вагу ўласнага цела.

Урач сказаў, што суіцыд адбыўся з-за моцнага стрэсу, які яна перанесла на глебе востра-эмацыянальнага канфлікту. Ён сыпаў медыцынскімі тэрмінамі, якія былі нікому незразумелымі, але бацькі слухалі ўрача ўважліва, робячы выгляд, што разумеюць і кожнае імгненне пераводзілі сутаргавыя позіркі з яго сур’ёзнага твару на сваю бедную дачушку, якая схавалася ад усіх пад коўдрай. Урач упэўніваў бацькоў, каб яны не хваляваліся, дадаючы, што ў юнацтве ўсялякае здараецца і іх дзіця, на жаль, гэтаму не выключэнне, таму не трэба яе злаваць і выводзіць, прынамсі, колькі тыдняў. Ён пажадаў бацькам мацавацца і сышоў. З падачы маці да Рыты стаў прыходзіць знаёмы псіхіятр, які спрабаваў высветліць прычыну непрыемнага інцыдэнту метадам псіхааналізу. Аднак Фрэйд устарэў. Рыта яшчэ болей замкнулася ў сабе і нават не звяртала на псіхіятра ўвагі, нібы ён быў яе кароткатэрміновым трызненнем. Яна насцярожана маўчала, блукаючы ў глыбінях свайго розуму. Маці, бачачы такое, залівалася гаротнымі слязьмі за спінай сутулага бацькі. Псіхіятр працягваў прыходзіць да Рыты яшчэ цэлы тыдзень, але яму, як ён не намагаўся, так і не атрымалася высветліць першапачатковай прычыны, за выключэннем відавочнага — Рыта хацела памерці. І ў гэтым псіхіятр упэўніўся толькі на апошнім сеансе, калі Рыта вырашыла, магчыма, каб ад яе адчапіліся, напісаць на паперцы наступны сказ: "Я не хачу жыць!" Псіхіятр, у сваю чаргу, паспрабаваў зачапіцца за гэты невялікі аргумент і ў далейшым, пакрысе адштурхоўвацца ад яго. Але далей рабілася толькі горш: Рыта пачынала крычаць не сваім голасам, выдаючы з крохкага горла жудасныя гукі і псіхіятр быў вымушаны спыніць свае доследы.

У суботу Рыта нічога не ела, цэлы дзень праляжаўшы на канапе, уткнуўшыся тварам у падушку. І ніхто не мог зразумець, што ж магло здарыцца з некалі вясёлай і жыццярадаснай дзяўчынай.

Ніхто акрамя яе. Рыта дакладна ведала, што прычына хавалася ў той няшчаснай пятніцы, калі Славік, яе хлопец, прапанаваў ёй правесці рамантычную ноч у яго на кватэры. Ён сказаў, што яго бацькі з’язджаюць на лецішча і яны застануцца адны. Яна даверылася яму. Відаць, з-за таго, што па-вушы была закахана ў гэтага спакушальнага шатэна, высокага хлопца з прыгожымі цёмна-сінімі вачыма. Спачатку ўсё ішло цудоўна: яны пілі шампанскае і цалаваліся на балконе пад яскравымі зоркамі і нават на шчасце скінулі з шостага паверху крыштальныя келіхі. А потым неспадзеўкі да Славіка зайшлі сябры. Яны былі п"янымі, але самым дзіўным было тое, што Славік ніякім чынам не спрабаваў вытурыць іх прэч. У Рыты пачало складацца ўражанне, быццам яны зусім яму не заміналі. А сябры былі, як назойлівыя мухі, яны шныпарылі па ўсіх пакоях, гучна мацюкаліся, дайшло нават да таго, што адзін з іх, лысы і паскудны, якога ўсе называлі Лімон, пачаў нахабна дамагацца да Рыты. Але Славік нібы не заўважаў гэтага. Асушыўшы бутэльку гарэлкі на кухні, вынаходлівыя сябры прапанавалі закаханай пары міксоў, эфект ад якіх абяцалі даволі файны. Толькі Рыта прыйшла да Славіка не за тым, каб напаліцца гэтай дрэні. Яшчэ трохі пасядзеўшы, няўрымслівыя сябры выйшлі з кватэры. Потым закаханыя аддаліся прыемным інтымным гульням, Славік быў вельмі далікатным і чулым з ёй. Рыта шмат піла шампанскага, а потым заснула і правалілася ў нябыт.

“Лаз” спыніўся, і дзяўчына расплюшчыла вочы. Непрыемны сусед і наогул усе пасажыры, што знаходзіліся ў салоне аўтобуса, кудысьці зніклі. Яна ўзнялася са свайго месца і асцярожна прайшла наперад да вадзіцеля. Аднак яго таксама не аказалася на месцы.

“Дзіўна”, — падумала яна.

У гэты момант зусім нечакана з жудасным скрыпам расчыніліся дзверцы аўтобуса і з двара ў кабіну, крадучыся да ног дзяўчыны, пачаў запаўзаць густы туман. Яна зрабіла колькі крокаў па прыступках і саскочыла на зямлю. Мясцовасць, у якой спыніўся аўтобус з-за непрагляднага туману было не распазнаць, хоць вока выкалі. Але, тым не менш, цікаўнасць падштурхоўвала яе рухацца наперад. Туман лізаў твар дзяўчыны, яшчэ злёгку заспаны, лізаў плечы і ногі, і, нібы ўзяўшы пад руку, вёў у патрэбным накірунку. Яна паспрабавала прабегчы, але як і ў сне, на яе абрынуўся нябачны цяжар. Думкі аб тым, дзе яна знаходзіцца, пачалі вярэдзіць затлумлены розум дзяўчыны. Чамусьці, ёй узгадаўся сумны мульцік "Вожык у тумане". Сентыментальна ўсміхнуўшыся, яна ўспомніла прыемны эпізод з свайго дзяцінства. У трынаццаці год бацькі завязлі яе на цэлае лета ў вёску. Там з імі па суседству жыў вясковы хлопчык Ахрэм. Яны заўжды гулялі разам і ўсе казалі, што іх вадой не разальеш, аднагодкі дражнілі “жаніхом і нявестай”, а старыя бабы на прызбе спадзяваліся, што пасталеўшы, яны абавязкова ажэняцца. Аднак гэтаму не суджана было спраўдзіцца: хлопчык пазней разбіўся на матацыкле, а яна… Аднойчы прыязная парачка заскочыла на суседскую адрыну. На адрыне вялікімі копамі ляжала духмянае сена. Яны захоплена скакалі і качаліся па ім. Там упершыню яна пацалавалася. А потым пайшоў дождж і яны, ахінуўшыся сенам, прытуліліся адзін да аднаго і затоена маўчалі, слухаючы цішыню. Дождж церушыў па руберойдавым даху адрыны і ім было так утульна разам, што здавалася ўсё на свеце на некаторы час спынілася толькі дзеля іх. Калі дождж аціх, яны выйшлі на вуліцу. Наваколле ахутаў туман, ад якога пахла мятай і парэчкай. Яны ўзяліся за рукі і блукалі ў ім да самага вечару. Туман заўжды навяваў ёй прыемныя ўспаміны. Гэты ж туман быў зусім іншы, здавалася нават, што ён штучны. Дзяўчына ішла ў нікуды ўжо колькі хвілін, а непраглядны туман ніяк ні чэзнуў.

“Што за чартаўня, дзе я знаходжуся? Не лепш было б застацца ў аўтобусе?” — падумала яна.

У тумане, між тым, пахаладнела, абрыдлівая вільгаць прасочвалася скрозь вопратку, аблізваючы гідкім языком пяшчотную скуру дзяўчыны. Але слізгаючы няўлоўным ценем праз гэты суцэльны туман, дзяўчына прыкмеціла далёка наперадзе невялікі бляклы агеньчык чырвонага колеру. Набліжаючыся да кропкі, яна пачала распазнаваць абрысы цаглянага двухпавярховага будынка з брылём, на якім высвятляліся чырвоныя літары слова “Гатэль”. Яна падышла бліжэй. Невялікую тэрасу вакол будынка ўпрыгожвалі круглыя бетонныя клумбы, у якіх, зрэшты, акрамя чарназёму нічога не наглядалася. Дзяўчына ўзышла па трох абабітых прыступках і апынулася ля дубовых дзвярэй гатэля. Злёгку крануўшы іх пальцамі, яна патрапіла ўнутр.

Гатэль, што звонку, што з сярэдзіны быў даволі несамавітым. У невялікім фае гарэў абажур, асвятляючы старыя, жоўклыя ад часу шпалеры, брудную падлогу і, як ёй здалося, абкуродымленую столь; пасярэдзіне фае стаяў абдзёрты стол, а за ім вісела паліца з ячэйкамі для ключоў, якія аднак былі пустымі, непадалёк ад стала пачыналася лесвіца, што вяла на другі паверх. Дзяўчына прайшла наперад да стала.

— Я чакаў вас, — прагучаў за яе спінай гугнявы галасок і яна рэзка азірнулася.

Перад дзяўчынай з’явіўся шчуплы дзядуля невялікага росту з пляскатым тварам, які нагадваў смаржок. У яго шэрых вачах мітусілася штосьці вар’яцкае. Дзядуля хітра ўхмыльнуўся і павольна прайшоў да стала, шорхаючы па падлозе нязграбнымі нагамі. На яго локцях дзяўчына прыкмеціла нарукаўнікі. Увогуле ён нагадваў старамоднага банкіра, якія ў часы імперыялізму сядзелі за драўлянымі рахункамі. Дзядуля абапёрся крохкімі пальцамі аб паверхню стала і ўнурыўся на разгубленую дзяўчыну.

— Ваш нумар дзевятнаццаць, — вытрымаўшы паўзу, сказаў ён і, дастаўшы з шуфлядкі ключ, працягнуў яго дзяўчыне.