Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– Вы дэбілы! У метадалогіі не разумееце нічога! І наўрад ці зразумееце.

Я аж падскочыў: думаю, чалавек мяне наскрозь бачыць, напраўду ж нічога ў метадалогіі не разумею, усё адно думаў яму сківіцу зламаць за гонар прысутных дам, але паглядзеў – у яго і плечы шырокія і нос скрыўлены. Можа, ён баксёр, як Гайдэгер, а я гэтых баксёраў ведаю, яны так здалёк пачынаюць, тыпу, там штосьці ззянне ў небе і крыху грудзі справа зачасаліся, а вось ужо выходзіць, што маму ягоную пакрыўдзіў і зараз ён табе капу нацягне на лімфатычныя вузлы.

Я тады піва закруціў, думаю, ну яго нафіг, пасяджу паслухаю да перакуру, а там ірвану ў пад’езд бухаць, не буду рызыкаваць.

А Мацкевіч гэты разагнаўся і кажа: «Эўрыстычныя здольнасці спадара Акудовіча дазваляюць яму ўзначальваць навучальную ўстанову толькі ў выніку агульнага адмоўнага росту навыкаў інтэлектуальнай працы ў нашай краіне». Я суседа пхнуў, кажу:

– Чаго гэна значыць?

– Акудовіч – дэгенерат, – кажа мне сусед.

«О, – думаю, – Акудовіч – дэгенерат. Магчыма. Мне скуль ведаць, можа, і праўда». А Мацкевіч не здаецца, зноў штосьці там складаныя словы, а сусед мне перакладае, кажа:

– Пазьняк – абсос.

«Ага, – думаю, – не першы гэта разрад – кандыдат у майстры, першаразраднік так дзёрзка базарыць не можа паводле азначэння, або, як той казаў, апрыёры».

«Знаем мы, – скажаце вы мне, дарагія мае чытачы, – знаем мы, што ў Мацкевіча ён адзін Святлана Алексіевіч, а вакол савецкі чалавек, які не дае яму ўкараніць свой метад у народную гаспадарку, але прычым тут Мацкевіч да таго, як ты трапіў на “Gaude Polonia”?»

Мацкевіч напраўду ні пры чым, але так я яго палюбіў, што не мог вам пра яго не апавесці. Я і яго палюбіў, і яшчэ парачку выкладчыкаў, а яны такія злыя ўсе, як адзін, і ўсе спартоўцы-разраднікі. Кажуць, ходзіш на аддзяленне філасофіі і літаратуры, то ўсадзі пузыр і пішы вершы. І каб наступнага разу мы цябе без вершаў не бачылі. Асабліва Хадановіч з гэтымі вершамі бязлітасны быў, я яго нават пачаў называць «дарагі Партайгеносэ».

Я спачатку думаў больш не прыходзіць, але гэтыя бары ў цэнтры ўсё задзіралі і задзіралі кошты, прабіваючы ўсе псіхалагічныя межы на куфаль светлага піва. Даводзілася пісаць вершы і прыносіць іх выкладчыкам. Часам я хітрыў і прасіў напісаць які-небудзь верш Тараску Парамонава. Вельмі ж добра ў яго з рыфмамі выходзіла, не тое што ў мяне.

Але калегіум гэты – тая яшчэ наё-ка. Пабухаў тры гады ў іх, а потым яны і кажуць: «Усё, ідзі ты ў шырокі свет, вось табе карталюшка, што праслухаў ты курс і цяпер сам можаш вершы пісаць без нашага прымусу. У іх і пра Гайдэгера можаш, і пра Арыстоцеля, і пра нас, нягеглых». Халера з вамі. Не хочаце ў казённым памяшканні, то буду да вас дадому прыходзіць, я ж вас цяпер усіх, як абабраную бульбу, ведаю.

А як нагрузішся арматуры, як ад вартаўнікоў пабегаеш, то такое навальваецца непераадольнае жаданне выпіць з белымі людзямі, што заходзіш ты ў ванну, мыеш рукі ад іржы ды толькі і думаеш: «Зараз, зараз змыецца гэтая іржа, вытру я рукі калючым ручніком, надзену я белую напрасаваную кашулю з цвёрдым каўнерыкам, нацягну нагавіцы ад гарнітура-тройкі, напішу колькі радкоў на белай паперы сінім атрамантам. І пайду-паеду да Хадановіча, хай ён скажа, што верш фігня-фігнёй, я крыху расстроюся, але і выгляду не падам, і будзе нам Андрэй да раніцы спяваць сумныя інтэлігентныя песні, а ўжо ранкам выклічуць суседзі міліцыю, і будзем мы скакаць з гаўбца ў хмызы бэзу праз маскітную сетку». Мыеш ты рукі, а ў грудзях цёпла – зараз, толькі ў метро ўскочыць і на трыццаць сёмым два прыпынкі.

І ты сам не заўважыў, як чацвертая ранку, як Андрэй спявае, як Віталь Рыжкоў заснуў на канапе, а Марына запарвае гарбату. Просіш свежага пуэра. І вось вязе цябе ўжо таксоўка дахаты. І ніколі ўжо гэта не паўторыцца, ніколі табе ўжо не будзе дваццаць два, а ў Андрэя будуць новыя сябры – яно і ясна: што ты яму? Арматуру і тую нармальна сп-здзіць не можаш, а Андрэй – прэзідэнт ПЭН-цэнтра. Хто ты яму такі? Чаго ён з табой шаворкаецца? Проста чалавек добры – нікому адмовіць не можа.

Я вам наогул так скажу, Хадановіч – ён толькі крыху да Хоміча не дацягнуў, можа сантыметры два, можа, тры, але яшчэ б, яшчэ б – і ўжо выліты Цімур быў бы. Хадановіча дзе ні паставіш – усюды рады дасць. ПЭН-цэнтрам пастаў кіраваць – як адным мезенцам сагне той ПЭН-цэнтр, кожнаму сябру ў душу залезе і выверне; пастаў Саюзам пісьменнікаў апекавацца – як уваліць другому сакратару ў плечы, што той толькі бегаць будзе, як з дыярэяй трэцяй ступені, – справы вырашаць і спонсараў шукаць для міжнародных літаратурных фестываляў.

Як піша Хадановіч, ведаеце? Вершы, напрыклад? Бярэ ён лом і куб мурмуровы – і х-як, х-як! – адразу тым ломам выбівае вершы па камені. Без права на памылку! Адразу з рыфмаў пачынае, пасля – словы ў радкі дапісвае. А перакладае, ведаеце, як? Так перакладае, што французскія паэты цяпер стаяць у чарзе праз мэрыю Марсэля, каб свае новыя вершы на пераклад падаць, потым прачытаць іх па-беларуску і тады ўжо нармальную кнігу вершаў зрабіць.

Дужа я люблю Хадановічу лёстачкі падпускаць – з малалетніх гадоў. З пятага ці шостага класа апяваю яго веліч, любоў да бліжніх і дальніх. Аднаго разу я праз гэта нават трапіў у пастарунак (не тое што праз Хадановіча, хутчэй, за прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных стасункаў).

То аднойчы затэлефанаваў мне Хадановіч і кажа: «Добра, Андрэйка, адлізаў ты сваё, паехалі са мной ва Уроцлаў на літаратурны фестываль, паселімся там у гатэлі “Wodnik na Grobli”, будзем піва піць і вершы чытаць. А можа, і не будзем – як праграма ляжа на нашы здарожаныя целы». Легла-прылегла яна, праграма тая, – нічога, добра пачыталі. Прыходзім у нумар, знясіленыя польскім спіртам, а ў нумары ўжо Вітас Дзякшніс – яму пакой наняць забылі, то ён – да нас прасіцца. Далей ясна: пераклады на літоўскую самі сабой у мяне паперлі. А то як, мала таго, што ў маім ложку спаў, дык у яго шкарпэткі разарваныя былі, а я абяцаў пра гэта на ўвесь свет раструбіць, калі мае тэксцікі не перакладзе.

Так і пайшло-паехала-парачкавала: тут на фестывальчык, тут – з перакладчыкам пазнаёміць, там – з польскімі паэтамі вып’ем чаго крапчэйшага. А я ж майстар да-бкі, як вып’еш са мной, то паспрабуй мяне пасля ў зборнічак не ўставіць ці ў часопісе не надрукаваць. Можаш не рабіць нічога. Але, ведаеш, жыццё адно і пражыць яго трэба. Не хочаш, то як хочаш, але я на тваім месцы ўсё ж яго пражыў бы, а не вось так тупа замерз пад мостам ці саслеп ад няякаснага беларускага бальзаму.