Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– Сантэхніка выклікалі? – на парозе стаяла бландынка ў мініспадніцы і з яркім макіяжам, на плячы ў яе вісела чорная торба.

– Так-так, – сказаў Пшэмак. – Заходзьце.

Кася адкрыла рот, але адсунулася ад прахода, прапускаючы дзяўчыну.

– Вы што, сантэхнік? – запытала Агата, папраўляючы акуляры.

– Так, – адказала бландынка, нахіляючыся на прамых нагах, каб расшпіліць чаравікі. – Дзе ў вас ванна? – запытала яна, даўшы рады з ботамі.

– Вунь тыя дзверы, у канцы калідора, – Пшэмак махнуў рукою ў патрэбны бок.

Калі бландынка адышла, Кася запытала:

– Каханы, што гэта за бл-дзь у нашым доме?

– Кася, гэта не бл-дзь, гэта сантэхнік, – адказала Агата.

Мятліцкая паглядзела на Агату з падазрэннем, маўляў, ты калегу не прыкрывай, але за хвіліну Пшэмак з Агатаю амаль пераканалі гаспадыню, што гэта сантэхнік.

– Мы схлусілі, што ў ванне цячэ труба. Вось яна і пайшла глядзець, – скончыла Агата.

Тут бландынка выйшла ў гасцёўню. Замест сукенкі на ёй быў ручнік.

– Вы прысаджвайцеся, – першым апрытомнеў Пшэмак. – Але мы сантэхніка выклікалі.

– Я ведаю, – сказала бландынка. – Я і ёсць сантэхнік. Проста прасталыткам плацяць дзвесце злотых за гадзіну і сантэхніку столькі ж. Але ў сантэхнікаў заказаў нашмат больш. Калі я прыязджаю да кліента, то шмат хто пагаджаецца зрабіць сантэхніку сам, але, бачу, што з вамі так не выйдзе.

– А ў нас нічога не цячэ, – сказала Агата. – Мы проста чулі, што ў вас у фірме працуе Цімур Хоміч, і думалі, можа, ён прыедзе або вы дасцё нам яго нумар.

– Так, Цімур працаваў з намі. Магу вам пра яго апавесці.

Усе прысутныя, нават Кася, вельмі ўзрадаваліся, што ў іх атрымалася напасці на след Цімура, і выказаліся ў тым духу, што яны гатовыя слухаць і нават занатоўваць самыя цікавыя моманты з аповеда. Дзяўчына расслабілася, папрасіла запаліць, але ад джойнта адмовілася, спаслаўшыся на тое, што ў яе сёння шмат працы.

– Я нарадзілася ў Жлобіне ў тысяча дзевяцьсот дзевяноста трэцім годзе, дзяцінства маё прыпала на галодныя гады станаўлення беларускай дзяржаўнасці. З трэцяга класа я прадавала вялікія мяккія цацкі пасажырам цягнікоў, якія праходзілі праз наш горад, – казала жанчына неяк механічна, нібыта вывучыла тэкст з шэрай метадычкі.

– А пасля адзін з пасажыраў прапанаваў вам стаць прасталыткай проста ў яго купэ? – запытала Кася.

– Не, – сказала жанчына. – Пасля я пачала гандляваць кнігамі і часопісамі, бо ў нішу мяккіх цацак прыйшла экстрэмальная канкурэнцыя, якая з цягам часу замацавалася ў форме картэльнай манаполіі. У дзявятым класе ў мяне ўжо было два шапікі і чатырыста праваднікоў у долі. Такім чынам я стварыла манаполію на ветцы Пецярбург – Адэса, але паколькі ў мяне не было спосабу лабіявання сваіх эканамічных інтарэсаў, то кіраўніцтва беларускай чыгункі забараніла продаж друкаванай прадукцыі ў цягніках і на станцыях. Таму я вырашыла паступіць у лясны тэхнікум, акурат быў недалёка – дзевяць гадзін дызелем да Віцебска і там яшчэ на трамвайчыку.