Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

Так я ўвайшоў у літаратуру, але гады ідуць, а радасці няма. Доўга я думаў, што рабіць, а бачу на порнасайце банер. «Майстры культуры, прыязджайце да нас у Польшчу, мы вас чакаем, як лысы з “Brazzers” па лбе». Я падумаў: «А чаго не паехаць? Усё ж паўгода, два восемсот на картку ў месяц, наймуць кватэру». Пайшоў тады да Хадановіча, рэкамендацыю падпісаць.

– Рэкамендацыя – гэта фігня, – кажа Хадановіч. – Найперш трэба праект напісаць: кшталту паедзеш ты ў Польшчу катаць смаркачы ў носе, толькі не смаркачы, не катаць і не ў носе, а пісаць раман, які разарве душу кожнаму паляку і чэхаў закране па датычнай.

– Абавязкова кожнаму? – пытаю.

– Не, гэта наогул неабавязкова, каб душу разрывала. Каму яно трэба? Латай яе пасля. Галоўнае, каб у заяўцы было напісана, што разарве. Ты ж сам у паэме сваёй пісаў, што палякі даверлівыя, як дзеці, і што ты назбіраў на тры дні івэнтаў, удаючы з сябе аўтара Канстытуцыі трэцяга траўня.

О, бачыце, чытачы, які Хадановіч мудры – цытуе маю паэму, героем якой з’яўляецца і якой на той момант яшчэ і ў задуме не было.

– Пра што пісаць раман, Партайгеносэ? – у лоб пытаю я Хадановіча.

– Напішы пра нацыянальную ідэнтычнасць усходніх і цэнтральных еўрапейцаў на прыкладзе эмігрантаў з краінаў былога Савецкага Саюза ў Польшчы, якія трапілі туды як у дзевяностыя, так і ў апошнія гады. Перапляці іх лёсы, як драты ад навушнікаў, раскрый характары, як тры пачкі макароны.

Пакуль дарагі Партайгеносэ казаў, я занатоўваў, толькі пра драты і навушнікі павыкрэсліваў.

– Што, вось проста пра іх і напісаць?

– У заяўцы так! – кажа Хадановіч. – А там мне ўвогуле што ў плечы, што мытная дэкларацыя. Хто твой раман у Польшчы чытаць будзе? Яны яшчэ Міцкевіча не ўсе прачыталі, які, каб ты ведаў – вялікі беларускі паэт. І мае кнігі не ўсе распрадаліся, то да цябе чарга няхутка дойдзе, ты, думаю, да таго часу залезеш у сасновы пенал, можа быць, і мяне сустрэнеш з Міцкевічам. Будзе прам як з’езд ПЭН-цэнтра.

– Хопіць гэтай фразы для заяўкі?

– Хопіць, толькі дадай, што трэба матэрыял вывучыць на месцы і што бігас будзеш каштаваць у буфеце опернага тэатра, бо, чуў, там найлепшы падаюць, толькі ў Шоды-Мацеры яшчэ лепшы.

Шодай-Мацер’ю мы між сабою Хадановічыху называем, калі вы не ведалі (але скуль вам было даведацца? Вы ж з багемай не трэцеся).

– Марына, навальвай Адамовічу бігаса, а то ён акасее за хвіліну, так хоча на «Gaude Polonia», што жарэ як у апошні раз, – зноўку падаў Андрэй голас.

Засталося рэкамэндацыі сабраць, каб у камісіі па разглядзе заявак зразумелі, што я не халера з каналізацыйнага калектара, а безальтэрнатыўны кандыдат на выдачу стыпэндыі. Хутка ў паэме пішацца, а ў жыцці Хадановіч яшчэ хутчэй пытанні вырашае. Толькі я прачухаўся на наступны дзень пад абед – у мяне на пошце ўжо рэкамендацыі ад вядомага польскага паэта Богдана Задуры, якому губляць не было чаго: ён дзве кнігі мае на польскую пераклаў, не ведае, як адмыцца, і ад прэзідэнта Польскага ПЭН-цэнтра Адама Паморскага. З гэтым, я думаю, вам ясна, што ён з Хадановічам адной стужкай вялікага ордэна ПЭН-клубаў перавязаны.

А потым напіліся, як мае быць, ажно так, што чыталі хадановіцкім катам яго вершы, а Шода-Мацер нас пасля на мароз выгнала і два дні Партайгеносэ дамоў не пускала. Піць трэба меней, калі мароз на дварэ, а то так і пальцы адмарозіць можна. Чым тады пісаць? Летам – іншая рэч: пайшоў у хмызы – і спі сабе, падхропвай, халера цябе не возьме.

Адным словам, сабраў я паперы і адправіў у Польшчу, як у шэлег медны.

А праз месяцы два прыходжу я з арматуры, напрацаваны страшна, з Тарасам пасварыўся, бо ён арматуру прадаў як безвугляродзістае жалеза, а там сталь такая была, хоць ты гарматы адлівай. Прыходжу я, а жонка мне з парога:

– Адамовіч, ты зусім ё-у даўся!?

– Што такое, – пытаю, – каханая?