Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– Спадарыня, а што калі мы арганізуем сустрэчу Капейкіна, які і напраўду шукае паважанага спадара Хоміча, дзе-небудзь у людным месцы? Я сам абяцаю быць і прасачыць, каб Капейкін не зрабіў нічога дрэннага Цімуру. Яны проста пагавораць, і ўсё. Я клянуся, капітан Капейкін – чалавек слова, і я вазьму з яго строгія абяцанні, што ён толькі пагаворыць.

– Дый не ведаю я, дзе Хоміч, – сказала прасталытка. – Я ж вам кажу, Цімур – галава, даўно ён і пра Капейкіна ведае, і вас яшчэ высачыць і ў плечы натаўчэ.

– Так мы твайго Хоміча баімся, – рассмяялася Агата. – Нібыта мы не ведаем, як яго Сцебурака па пушчы ганяў. А таго Сцебураку нават я здолею. Во такі твой Хоміч страшны.

– Давайце не будзем сварыцца, – сказала Кася. – Скажыце, а што калі я вазьму вас працаваць у маю галерэю? Дапаможа гэта ў пошуках Цімура?

– Ды не патрэбная мне ваша галерэя, я тысячу злотых у дзень зарабляю. Знаю я гэтыя галерэі: сто мужыкоў – ні ў каго грошай няма, а сантэхнікаў выклікаюць нармальныя людзі. Дарэчы, з вас дзвесце злотых.

– Якія дзвесце злотых?! – закрычала Агата, але Пшэмак выцягнуў з кішэні паперкі.

– Вельмі рады быў пазнаёміцца з вамі, спадарыня. Калі вам штосьці стане вядома пра Цімура, абавязкова дайце мне ведаць, паверце, Хомічу нішто не пагражае, а мы знойдзем спосаб вам аддзячыць.

– Я што думаю, – сказаў Пшэмак, калі прасталытка пайшла. – Трэба заўтра зноў сантэхніка выклікаць, думаю, дашлюць іншага, і мы яго яшчэ распытаем.

– Толькі не да нас, – сказала Кася. – Давайце выклічам да Андрэя Якушава. Мы ў яго яшчэ не былі, а дамаўляліся да ўсіх па чарзе хадзіць.

Пшэмак пагадзіўся, што выклікаць сантэхніка да іх – не найлепшы варыянт, але запярэчыў, што Якушаў прымусіць іх слухаць ягоную оперу, а такое выпрабаванне вытрымаць складана нават без рэчываў, а пад кайфам гэта наогул невыносна, а калі кампазітар пачне спяваць, як тым разам, суседзі выклічуць паліцыю.

– Не выклічуць, – сказала гаспадыня. – Ён сабе гукаізаляцыю зрабіў. І Капейкіну трэба пазваніць. А то неяк няёмка, мы ж для яго Хоміча шукаем.

– А ты ведаеш, каханая, я ўжо і сам хачу пазнаёміцца з Цімурам. Думаю нават узяць яго з сабой на Ямайку.

Наступнага дня а другой гадзіне Пшэмак чакаў Андрэя Адамовіча ў цырульні, дзе яны надоечы дамовіліся сустрэцца. У салоне гаспадарыў Сяргей Календа. Гэта быў знаны на ўсю беларускую Варшаву майстар, вядомы, праўда, хутчэй праз свае таленты да напісання кніг. Трэба прызнаць, што методыка яго была даволі арыгінальнай.

Найперш Сяргей Календа выбіраў тэму для апавядання. Прадказаць, пра што ён напіша наступным разам, не мог і сам пісьменнік, але ў назве кнігі абавязкова мусіла быць слова «маёнтак». Так цырульнік напісаў трылогію з кніг «Купіў маёнтак», «Маю маёнтак» і «Прадаў маёнтак», а таксама два дадатковыя тамы «Навошта я прадаў маёнтак» і «Галоўная памылка з купляй і продажам маёнтка». Выходзілі ў яго і спін-офы да пенталогіі – напрыклад, аповесць «Як я стрыг на маёнтку», навела «Меліраванне на маёнтку ўвосень», апавяданне «Сабакі на маёнтку». Пра кнігі класікаў у Вікіпедыі звычайна пішуць: «Была горача прынятая крытыкамі» альбо «крытыкі прынялі твор прахалодна», у скрайнім выпадку бывае сказана, што кнігу не ацанілі. Аднак трэба разумець, што ўсё гэта пішуць пра тэксты, якія вартыя таго, каб пра іх узгадваць.

Пасля выбару назвы і тэматыкі Сяргей сядаў за само напісанне. Як той казаў, існуюць геніі, якім, каб пісаць, трэба апусціць ногі ў тазік з халодным свежым фуагра, або заціснуць у зубах хвост сабакі пароды тайпін, або нават паехаць на Капры – глядзець на хвалі і абмяркоўваць лёсы радзімы з прывідамі Шэкспіра, Сервантэса і Хвядоса Шынклера. Ёсць і геніі іншага кшталту: калі такога замкнеш у пуні, ён вырве са сцяны цвік і напіша тым цвіком па сцяне верш, а знізу яшчэ прыпіша штосьці мацернае; а замкнеш у памяшканні без цвікоў – пракусіць жылу і напіша крывёй па тынкоўцы. А ў Борхеса быў такі герой: вялі яго расстрэльваць, а ён так папрасіў, што бог для яго час спыніў на год, каб ён у сваёй галаве напісаў драму.

Сяргей, на шчасце, не належаў да другога тыпу пісьменнікаў і даваў чытачам адпачыць, не належаў ён і да першага тыпу творцаў, а таму замест таго, каб шукаць натхненне ў дарагой драбязе, у працоўны час рабіў фрызуры, якімі дзяўчаты хваліліся ў інстаграме.

Сяргей наследаваў прынцыпу «Можаш не пісаць – не пішы». Праблема была акурат у тым, што пісаць ён мог і для гэтага стварыў сабе ўсе ўмовы: замест нармальнай кватэры ён наняў дзірку ў сцяне, у якой былі рыпучыя дзверы, акно з відам на габрэйскія могілкі, клапы і стол.

«А што, – запытаеце вы, – больш нічога не было?» Так, больш там не было нічога, таму Сяргей прынёс туды ноўтбук і крэсла. Спаў ён проста на падлозе. Рэчы складаў у кучу, мыўся ў грамадзкай лазні. Чаму менавіта пісьменнік добраахвотна наклаў на сябе епітым’ю, сказаць цяжка, але я скажу: бо ён прагнуў быць творцам.

Але давайце ўжо подбегам пройдземся па самім працэсе. Сяргей рабіў проста. Ён сядаў за ноўтбук і пісаў. «Так проста?» – запытаецеся вы. Так, адкажу я, але, паверце, гэта яшчэ нічога не значыць. Можна проста сесці і расплесці цэлы клубок лёсаў, вырасціць суквецце характараў, апісаць пылінку ў промні сонца так, што чытач нібыта і сам пагрэе твар у той дзень на мансардзе. Гэта не быў шлях Сяргея. Календа метадычна, з упартасцю маці трох дзяцей у чарзе па кватэру на Каменнай Горцы, апісваў, як ён набыў, меў і прадаў маёнтак. Пры гэтым ён хацеў паказацца чалавекам дасведчаным, таму браў энцыклапедычныя слоўнікі, выцягваў адтуль словы, складаў іх у граматычна правільныя канструкцыі, атрымліваючы фразы, нібыта напоўненыя глыбокім сэнсам, але чыста выпадковыя.

Усё гэта ён рабіў выключна ў вольны ад стрыжкі час. У выніку сярод беларускіх пісьменнікаў нават узнік выраз «даць календы» – то-бок хутка напісаць вялікую бессэнсоўную кнігу і нагаварыць два інтэрв’ю пра тое, што цябе ігнаруюць крытыкі і не ведаюць чытачы. Даць календы атрымлівалася не ў аднаго Сяргея, але і ў іншых прадстаўнікоў беларускай літаратуры. Напрыклад, я даваў календы тры разы.