Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

Кухар яму адказвае:

– Ваша Вялікасць, хоць вы пакуль толькі Ваша Светласць, але халадзец такая страва, што хоць расх-рачце мне цяпер жывот і выцягніце з маіх вантробаў спадара Алеся Белага, але нават ён не зможа прыспешыць працэс, бо калені, самі бачыце, старыя, з Альгердавага паходу, то хто іх ведае, можа, яшчэ тыдні два варыць, можа, тры. Затое няхай Ваша Вялікасць не перажывае, навар будзе такі, што як бы паднеслі, напрыклад, крыжакам, то яны прыклеіліся б на другі дзень да сваіх парцалянавых начных гаршкоў.

Не вельмі ўразіла Вітаўта гэтая прамова, то ён і загадаў рассекчы кухару жывот, але Алеся Белага там не аказалася, то кухара проста скармілі сабакам, а халадзец пакінулі паварыцца пару дзён.

Пакуль халадзец з дванаццаці каленаў Вітаўта Вялікага варыўся, жонка вялікага князя сядзела ў каралеўскім пакоі і думала над чароўнымі казкамі беларускага народа. Над якімі канкрэтна дэталямі думала жонка, мы не ведаем, але ведаем, што Вітаўту было ўжо пад сто пяцьдзясят гадоў, ёй – пятнаццаць, а віягры ў тыя часы не было, то прыйшла яна да мужа і так кажа:

– Не ведаю, што ты там сабе думаеш, але я табе скажу так, што ў казках кароль скача ў чан з кіпнем і адразу робіцца маладым і прыгожым. Ты калені гэтыя ўсё жыццё з сабой вазіў, таму так хутка па лесвіцах скачаш. Дай нырца ў чыгунок? Можа, амалодзішся?

Вітаўт толькі па лбе сабе далонню даў. «Божа, – думае, – што за рэдкую дурніцу мне падсунулі Гальшанскія? А яшчэ скрыню дукатаў за яе папрасілі! Трэба было ім дзярма конскага туды насаваць». А жонка не здаецца:

– Давай, не сцы, я па Першым містычным бачыла, гэта верны сродак. На ўсіх дзейнічаў – і на цябе падзейнічае.

– Усё! – закрычаў Вітаўт. – Надакучылі, нясіце хутчэй халадзец, карону, будзем каранавацца, а то памру, пакуль чакаць буду!

Пабеглі слугі па халадзец, разлілі па місах і давай яго студзіць. А лета было. Гадзіна прайшла, дзве гадзіны – усё не стыне пракляты халадзец! Вялікі князь ужо напіўся з сатаварышы, ужо хутка пахмяляцца, але каранацыю не пачынаюць, чакаюць халадзец з Вітаўтавых каленаў. Вялікі князь ужо раззлаваўся не на жарт!

– Нясіце халадзец! – крычыць. – А то ўсіх павесім на браме, каб маскалі баяліся і чакалі Івана Чацвёртага Крывавага!

Што рабіць, прынеслі халадзец, як быў, вадкі.

– Давай сюды! – загадаў Вітаўт. Узяў місу такую файную, кітайскую парцалянавую – і давай піць гэты халадзец. Зрабіў глыток, скрывіўся – і як дасць кухару па галаве той фігнёй парцалянавай, яна аж разбілася. Была б міса наша, то, можа, і вытрымала б.

– Вы што, з гаўна гэты халадзец варылі?! – закрычаў без пяці хвілін кароль.

Пасля задумаўся, пачасаў лоб крыху. «Так, – думае, – калені даўно сапсаваліся, падвоньвалі. Не буду іх вешаць, фіг з ім, з халадцом, закусім ласінымі вуснамі ў воцаце і раніцой іх паямо. Пайшлі ў сабор каранавацца!»

Зрабіў Вітаўт крок, паслізнуўся на халадцы, упаў і разбіў лоб аб рог стала! Вось так вось! Не вары халадца з каленаў сваіх ворагаў, бо гэта страва, якую падаюць халоднай, і не набывай кітайскі посуд, бо ён яшчэ з Сярэднявечча саступае ў якасці прадукцыі беларусіх заводаў.

– Хаця трэба зазначыць, што беларускі посуд значна саступае ў эстэтыцы посуду кітайскаму, – Зайцаў-Кот скончыў аповед і дадаў: – Вось чаму ніхто не шукае дванаццаць каленаў Вітаўта. І правільна робіць.

Прыблізна ў той момант, калі Алесь расказваў, як кухара скармілі сабакам, музыку і самога моцна торкнула, таму нельга адназначна сказаць, што менавіта так усё і было з Вітаўтам, халадцом і пошукам страчаных каленаў, аднак факт застаецца фактам: дванаццаць Вітаўтавых каленаў так ніхто і не знайшоў.

– Спадарства! – Капейкін ажно ўстаў, каб агучыць просьбу. Закручаны ў коўдру, ён нагадваў трыбуна на рымскім форуме. – Я вам клянуся, што з тых часоў, як даведаўся, што толькі Альгердава дзіда не дала браме Масквы зваліцца з завес, я не чуў такога захапляльнага аповеду. Але мінуў ужо тыдзень з таго часу, калі вы абяцалі мне дапамагчы знайсці Цімура Хоміча. Я пакуль ведаю толькі, што ён пайшоў па Менску шукаць, дзе ўладкавацца на працу, а пасля чамусьці заснуў на мяхах з кукурузнай мукой. То хто-небудзь можа расказаць штосьці ўцямнае, што ж здарылася з ім далей і дзе яго шукаць?

– Я магу! – сказаў Віталь Рыжкоў і пачаў апавядаць так, нібы не перарываўся. – На раніцу Цімур ачуняў. Пры ім, нізка схіліўшыся, ужо стаяла Васіліса Віктараўна з падносам, поўным квасу, дранікаў і смятаны. Перакусіўшы, Хоміч пачаў раздаваць загады. Тэхнолагу – знізіць кошты на піва, бармэну – даліваць пасля адстою пены, кухонным працоўным – шчыраваць без тэхналагічных перапынкаў. Так гладка стаў функцыянаваць «Казачны замак», што пайшла пра карчму пагалоска нават па палескіх хутарах. І нават два разы завітаў у ядальню Андрусь Іванавіч Горват. Выпіў піўка і з’еў піцу.

А пра бітву Віктараўны і Хоміча напісалі ў газеце «Вячэрні Мінск», і пра рэформы Цімура ў кавярні там напісалі, праўда, газета была рупарам дробнай буржуазіі, таму падалі яны рэформы так, нібы цяпер усе студэнты горада Мінска цэлымі днямі толькі і робяць, што п’юць піва і ядуць піцу, зладзіў Хоміч яшчэ адну Панікоўку ці, крый божа, «Цэнтральны». А «Савецкая Беларусь» усё гэтае трызненне, не разабраўшыся, перадрукавала.