Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

«Ладна, – думае мужык, – трэба званіць у газету “Савецкая Беларусь”». І што ты сабе думаеш, наступнага дня прыязджае журналіст, яны разам з ім усё перамяраюць зранку і ўвечары. І нават прыкідваюць вухам да зямлі хуткасць руху дамоў! Журналіст разгублены, абяцае тэрмінова даць у нумар.

Ігар Іванавіч ідзе раніцай да шапіка, набывае газету, чытае ад коркі да коркі – ні пра яго, ні пра дамы не пішуць! А ўжо няўзброеным вокам бачна, што дамы спаўзліся і нібыта ў кола становяцца вакол горкі. І так ходзіць ён, ходзіць, але ў пятніцу набывае газету – і там першая навіна. Аляксандр Лукашэнка падаў у адстаўку і прызначыў сваім спадкаемцам Аляксандра Саладуху!

– Нічога сабе… – сказаў Зайцаў-Кот.

– Гэта не ўсё! – сказаў Куціла. – Другая навіна ў газеце – пра тое, што дамы ссоўваюцца. На тры паласы навіна! Каментары геолагаў і ўсё такое. І фотка Ігара Іванавіча, які першым заўважыў. А паміж дамамі ўжо ледзьве бачком пройдзеш – так напаўзлі. То мужык ідзе дадому спакайнейшы, бо, думае, калі дах паехаў, то ва ўсіх разам. А праз пару гадзін – званок у дзверы. На парозе два кадэбэшнікі кшталту нашага Капейкіна. «Ігар Іванавіч, вам трэба праехаць з намі, для вас персанальнае запрашэнне ад новага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Саладухі». Выходзяць з пад’езда і на ружовым лімузіне едуць у «Мінск-Арэну».

Там поўная зала, уся сцэна ў кветках – як ні круці, канцэрт развітальны. Героя нашага пасля канцэрта вядуць у грымёрку. Там яго абдымае Саладуха. Кажа яму: «Гераічны ты чалавек, Ігар Іванавіч. Але цяпер мне час усё браць у свае рукі». Едуць яны назад на Каменную Горку.

Праходзяць бачком-бачком паміж дамамі на самую горку. Устае Саладуха, а тут навальніца пачынаецца, дождж, маланкі, і бачыць Ігар Іванавіч, што Саладуха расце, расце і робіцца вышынёю з дом, а можа, і вышэй, а ў яго лысіну б’юць маланкі, а гром яму ў вушы залазіць. І вось разводзіць гіганцкі Саладуха рукі і раскідвае дамы ў розныя бакі!

Тут грукат жудасны, бліскавіца, што вочы не бачаць. Ігар Іванавіч губляе прытомнасць. А калі ачуняў, глядзіць – дамы на месцах сваіх, толькі Саладуха гіганцкі каменны стаіць на горцы і рукі трымае рассунутымі, і, хаця сышоў у зямлю па калені, але ўсё адно вышыні – страшнай.

Тут Куцілу накрыла чарговай хваляй прыходу, і на трыццаць хвілін ён выпаў з рэальнасці, знаёмай беларусам па шэрым небе, незадаволенай касірцы ў гіпермаркеце і неабходнасці набываць зялёныя памідоры, бо бабуля жонкі крышыла ў салату выключна зялёныя. Пакуль Андрэй Куціла знаходзіўся ў рэальнасці, невядомай большасці маіх чытачоў, Ліза Лянкевіч гандлявалася з Касяй і Таняй датычна яе ганарару як куратаркі ўкраінскіх саматужцаў.

– Так званы просты чалавек, – казала яна, – сканструяваны расійскай класічнай літаратурай. Вы ж хочаце ад мяне, каб я не толькі вызваліла чалавека з футарала, але і зляпіла футарал для чалавека, дый не для аднаго, а для цэлай брыгады ўкраінскіх гастарбайтараў.

– Невялікая папраўка, – сказала Кася. – З украінцамі ўзніклі цяжкасці: адкрыўся афэр на мэблевую фабрыку легальна.

– Які яшчэ афэр? – не зразумела Таццяна.

– Ды там на Варшаве Усходняй адна мэблевая фабрыка павесіла дужа заўважны білборд, то ўкраінцаў не будзе, а будзе брыгада часальшчыц з Пінскага льнозавода разам з брыгадзіркай.

– Бясконца можна глядзець на тры рэчы, – гнула сваю думку Ліза Лянкевіч. – Як гарыць полымя, як цячэ вада і як бамжы корпаюцца на сметніку. Вы ж хочаце ад мяне, каб пасля тузіна бамжоў я выцягнула са сметніка сотню пярлін.

– Не, нам не абавязкова пярліны, нам можна арт-аб’екты сярэдняй якасці, скажам, на дзве тысячы трыста дваццаць еўра. А для гэтага хопіць проста парэзаць сметнік пад правільнымі вугламі, – запярэчыла Таццяна.

– Так-та яно так, – не здавалася Ліза. – Аднак жыццё ў нас адно і дадзена нам для таго, каб павысіць энтрапію вакол нас. З часальшчыцамі ж выйдуць толькі якія-небудзь саламяныя аркі ў стылі Клінава, выставіцца на біенале прэстыжна, але самі разумееце, аркі гэтыя гараць полымем блакітненькім і ні ў адзін прыстойны дом такую арку ніхто не возьме.

– А ты вазьмі тую арку ды глінай белай паабмазвай! – выгукнула Кася. – І скажы, што гэта алюзія на шумерскія брамы.

– Такая ты хуткая? – Лізе ўсё было ні па чым. – Ты ведаеш, колькі каштуе ліцэнзія з алюзіяй на асірыйцаў? – Кася пахітала галавой. Мастачка ўважліва паглядзела ёй у вочы, пасля – у вочы Тані. – Ааааа… – працягнула яна. – Дык вы як піліп з глебаўкі выскачылі і селі на трамвай сучаснага мастацтва? – рытарычна запытала яна. – Я вам раскажу, як уладкаваны рынак сучаснага мастацтва. Каб прадаць працу на любым аўкцыёне, які хоць ад купіны на два пэндзлі ўзняўся, трэба спачатку набыць патэнты на тэматыку…

– Ліза, ты нам галаву не дуры, – сказала Таццяна, – Нам, простым беларусам, да тваіх сотбісаў – як з Менска да Бялынічаў – абсалютна непатрэбна. Мы тут папрадаём, у Берліне крышачку, нямножка ў Вене. Нізенька так, затое надзейна, як слова Зянона Пазняка.

– Я ж вам і тлумачу, што як ты манетку ні пераварочвай, а ў яе заўсёды два бакі, і на адным баку – арол, а на другім – мае камерцыйныя інтарэсы ў вашай справе.

Хвілін праз пятнаццаць яны прыйшлі да кансэнсусу і з’ехалі з паляны пры Вісле да Таццяны – адзначыць пагадненне чым-небудзь цікавым, але на шырокім ложку заглядзеліся на начную лямпу і пад раніцу заснулі.