Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

Як вам патлумачыць, што гэта былі за вершы? Уявіце, што вы нарадзіліся ў гета падчас вайны, цудам выжылі, зразумелі, што жывяце ў Савецкім Саюзе і вас не прымаюць ва ўніверсітэт па пятай графе, а ў тэхнікум – па разумовых здольнасцях, таму вы ідзяце ў хабзу і вучыцеся вапнаваць сцены, на першым жа перапынку вы разам з аднагрупнікамі бежыце ў пад’езд суседняга дома і там выпіваеце бутэльку каламутнага віна на чацвярых, выходзіце з пад’езда, падыходзіце да ганка хабзы і адчуваеце галодным страўнікам, як віно пачынае балюча раздражняць слізістую. Прыблізна такія эмоцыі ўзнікалі пасля праслухоўвання вершаў Цімура, больш экзальтаваны назіральнік мог бы гэты рэзкі боль назваць мурашамі па скуры, але я звычайна трымаюся праўды і залатой сярэдзіны, – прамовіўшы гэтыя словы, Віталь прыкмеціў, што яго ўжо даўно ніхто не слухае і нават капітан Капейкін, закручаны ў коўдру, з тварам, які бывае, калі чалавек узгадвае першую паездку на мора, пагладжвае сам сябе па шчоках.

Рэпер зразумеў, што лепш ён проста паслухае іншых і перастане марнаваць каштоўныя хвіліны прыходу на нікому пакуль не цікавую гісторыю. Побач з Віталём сядзеў Андрэй Куціла. Рэжысёр нешта расказваў.

ПРЫБЛІЗНЫ ПЕРАКАЗ ДАКУМЕНТАЛЬНАГА ФІЛЬМА «ВОЧЫ ТВАЁЙ»

– Ігар Іванавіч пакідае машыну каля працы і сядае ў аўтобус, бо час ехаць у ЗАГС на роспіс дачкі. У сотцы вакол яго надзіва шмат людзей. Раптам ён адчувае, што ў яго выцягваюць гаманец. Завязваецца бойка, атрымлівае ён на дыхтоўны дыхт. Злодзеі збягаюць на прыпынку, Ігар Іванавіч спачатку валяецца на падлозе, пасля яму дапамагаюць сесці, але тут уваходзяць кантралёры. Талончыка ў яго няма, грошай няма, тэлефона няма, пашпарта няма! Яго вязуць у пастарунак. Там прабіваюць па базе, мянты яму спачуваюць, але хтосьці там галоўны кажа, што трэба везці ў суд. Прывозяць у суд, а ў кіраўніка суда юбілей – усе пайшлі ўжо манікюры рабіць і рыхтавацца да банкету.

Адным словам, замыкаюць яго на выходныя, а з родных ніхто не ведае, дзе ён, там таксама драма – але яна па-за кадрам, мы яе не бачым. Сядзіць ён на гэтым Акрэсціне, нармальна сядзіць, толькі накурана. Прыходзіць панядзелак, вязуць мужыка ў суд.

Усё як мае быць: мянты яго прыкоўваюць кайданкамі да лавы і сыходзяць. Заходзіць мужык нейкі, кажа яму, маўляў, ён адвакат, але тут забягае нейкая баба і выцягвае гэтага адваката за валасы з залі. Але прыходзіць сакратар суда, за ім пракурор, за ім дзеці групай – гэта студэнтаў кулінарнага тэхнікума прывялі паглядзець, што бывае, калі не заплаціў за праезд. Мянты вяртаюцца, у апошні момант прыбягаюць дачка з зяцем. Кажуць: «Мы табе, тата, адваката нанялі, зараз усё зробіць у найлепшых традыцыях беларускай адвакацкай школы». Мужык пытае: «То-бок напіша на “Радыё Свабода”, што нічога зрабіць не мог і беларуская судовая машына расціснула чарговую ахвяру?» «Не, тата, нармальны адвакат – максімум дадуць спагнанне».

Заходзіць суддзя, усё як трэба, «Устаць, суд ідзе!», хто такі, дзе нарадзіўся, дзе згадзіўся. Апыталі сведкаў, Ігара Іванавіча, карціна ясная: ехаў без квітка, віну прызнае, і гэтак далей, і такое гладкае. Адвакат добры, гэта і напраўду той мужык аказаўся, якога жанчына за валасы з пакоя выцягнула, а жанчына тая – суддзя. Але ладна, адвакат паспеў узяць даведку з ваенкамата, што мужык – чарнобылец, то-бок ільготнік. Тут і пракурор пачынае прамову, роўна так гаворыць, і ў канцы рэзка:

– Улічваючы, што Ігар Іванавіч з’яўляецца льготнікам-ліквідатарам на Чарнобыльскай АЭС, прашу высокі суд пакараць яго аднапакаёвай кватэрай на Каменнай Горцы з абавязковым пражываннем цягам пяці гадоў.

Мужык думае: «Ого, а ў барабан мне надавалі мацней, чым падавалася». Суддзя выходзіць падумаць, вяртаецца і агалошвае:

– Прызнаць вінаватым. Пакараць аднапакаёвай кватэрай на Каменнай Горцы з абавязковым пражываннем цягам трох гадоў, кватэру набыць за кошт сродкаў Мінгарвыканкама на добраўладкаванне Фрунзенскага раёна.

Адвакат мужыка ляпае па спіне: бачыш, Іванавіч, я абяцаў, будзе як мае быць, з пяці гадоў да трох збілі, лічы, прызналі, што невінаваты! Але Ігар Іванавіч адваката даслухаць не паспеў, бо канвой яго ўзяў і павёз у БТІ. У нас жа адно акно, там усё за дзесяць хвілін аформілі, далі мужыку паперку, без цяганіны рэгістрацыю паправілі з прашпекта Незалежнасці на вуліцу Нёманскую, аддалі ключы і сказалі: «Паязджай, паляжы, там ужо і канапа ёсць».

Тут і зяць з дачкой кажуць: «Паехалі тата, паглядзім, што там ды як». Прыязджаюць: аднапакаёўка як аднапакаёўка, але канапа ёсць. Праходзіць дзесяць хвілін, прыходзіць жонка мужыка, аглядае кватэру і кажа:

– Ты як хочаш, але жыць у гэтай аднушцы я не буду. Я не для таго прыехала ў Менск з Вердамічаў, каб у гэтым гета жыць!

Дзвярамі грымнула – і хто яе ведае, куды пайшла. Дахаты, напэўна. Мужык разгублены, але жыццё ідзе па чарзе, пакрыху, па кроку. Ходзіць мужык на працу, але пакрысе пачынае піць, тыдзень п’е, два п’е. Але так – на працу ходзіць. Ды раз – тэлефанаванне:

– Ігар Іванавіч?

– Так, я.

– Жонка ваша памерла, прыязджайце, забірайце, – і адрас бальніцы гавораць.

Мужык у шоку. Далей – як звычайна: пахаванне, хаўтуры. Мужык трымаецца пару дзён. Пасля напіваецца, а раніцай яму ўсё робіцца ясна.

Усё гэта падстроілі зяць з дачкой: яго замкнулі на Каменнай Горцы, а жонку атруцілі – цяпер самі будуць жыць у цэнтры. Але доказаў ніякіх у яго супраць зяця ці дачкі няма. Што рабіць? Вырашае любым коштам давесці іх віну. Звальняецца з працы, спрабуе сачыць за імі, але вынікаў ніякіх. Яны нават у кватэру гэтую не пераехалі, жывуць у зяця. Пільнуе ён іх пару тыдняў і квасіць паралельна.

І аднаго разу ідзе ў начнік і, каб не зблевануць, бо моцна ж на ваніты цягне, лічыць крокі – атрымліваецца тры тысячы сто дваццаць восем. А назад ідзе – тры тысячы сто адзін. «Во, – думае, Ігар Іванавіч, – дзіўна. Трэба будзе заўтра пералічыць, што за дзіва такое». Назаўтра зноў ідзе, пералічвае – тры тысяч восемдзесят два. Назад ідзе – яшчэ на пяць меней.

Тады забывае Ігар Іванавіч ужо і пра жонку, і пра зяця з дачкой і пачынае адлегласці паміж дамамі мераць вяроўкай. Перамервае зранку і ўвечары, наносіць на схему. І выяўляецца, што бліжэйшыя дамы перасоўваюцца да Каменнай Горкі, нібы ў іх там гняздо! Нібы цягне іх туды. І што мужыку рабіць далей?