Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– Так, – адказаў капітан Капейкін. – Напраўду.

Было бачна, што шпіён крыху сумеўся ад прыгажосці Таццяны і ад гэтых цёплых слоў Пшэмака. Шчыра кажучы, Чорны паўгода сядзеў у Варшаве і далей за тры-чатыры салоны пакуль не трапіў. Але знаёмства з Шыманам і Таццянай мусіла адкрыць яму мноства дзвярэй – ва ўсе знаныя дамы, за глухія дзверы мастацкіх залаў, у падвалы з оргіямі, на гарышчы з падвешваннямі на нацыянальных сцягах, у пісьменніцкія майстэрні з няскончанымі раманамі пра Радзіму і, чым чорт не жартуе, можа быць, яго звядуць і з кімсьці з кансерваторыі, кімсьці, хто піша гімн па замове ўрада БНР у выгнанні.

Таму ад сённяшняга вечара залежала вельмі шмат – ці ўдасца яму зрабіць добрае ўражанне? Ці скажуць гэтыя людзі, што ён насамрэч заяб-сты агент КДБ, ці рэкамэндуюць яго, ці прадставяць патрэбным людзям? Ці хаця б запросяць наступным разам? Чорны нават хацеў адказаць Віталю, што ён і ёсць габрэем у гэтай кампаніі, адно каб паказаць наколькі ён самаіранічны, маўляў, не думайце, што мы, кадэбэшнікі, на пафасе – зусім не, мы ўмеем пасмяяцца. Але ад самага пачатку ён казаў, што беларус, і таму падкрэслена размаўляў толькі па-руску, гэта мінчукі з дзедам-габрэем выдурняюцца або берасцейскія хлопцы могуць пагаманіць па-беларуску, маўляў, беларусы мы, беларусы, а ніякія не хахлы, ці яшчэ там можа гарадзенец штосьці матчынай мовай сказаць, а такому простаму хлопцу з-пад Ліды не трэба нікому даводзіць, што ён беларус, ён можа і па-расейску размаўляць усё жыццё.

– Вы, Капейкін, напраўду, капітан? А можа, вы, як Джэймс Бонд, – палкоўнік? – запытала Ліза Лянкевіч, якую таксама зацікавіў кадэбэшнік.

– Мушу прызнацца, – сарамліва пачаў Капейкін, – што мой лёс цяпер цалкам у вашых ласкавых руках, шаноўная пані і шаноўныя ўсе тут прысутныя, варшавяне і госці сталіцы.

– Ды што вы кажаце, капітане? – манерна сказала Ліза і прыклала далонь да твару.

– Не смейцеся з простага капітана беларускага КДБ. Каб вы ведалі, чаго мне каштавала трапіць у дом Шымана і Таццяны!

– Але, Чорны! Ты заяб-сты агент! Я бачыў справаздачы Капейкіна маёру! – улез Пшэмак. – О, сябры! Паверце, адны гэтыя справаздачы зробяць славу вашаму дому! Ён дакладна запіша ўсё, што вы казалі, і яшчэ ад сябе дадасць, чаго не казалі. Гэты чалавек – хадзячая пастка, вельмі небяспечны. Ён мне абяцаў, што, як толькі я прыеду ў Беларусь, мяне адразу арыштуюць і адправяць у «амерыканку». Адаб’юць ныркі і адправяць назад у Польшчу лекавацца, забараніўшы ўезд самае малое на восем гадоў! І гэта пры тым, што ён пра мяне нічога дрэннага не ведае. Вось які гэты чалавек! Скала, а не чалавек!

Пасля палкай прамовы Пшэмака капітан Капейкін увесь пачырванеў, як быў – ад кончыка носа да грудзей Таццяны, на якія не-не ды пазіраў.

– Што мы можам зрабіць для такога прыемнага маладога чалавека? – запытала гаспадыня дому.

– Але дазвольце мне расказаць маю гісторыю ад пачатку да самага канца, а тады ўжо вырашайце, ці варты я вашага сяброўства і вашай дапамогі. Абяцаю, што буду такім шчырым, якім толькі дазволіць мне прысяга, якую я склаў, паступіўшы на службу ў КДБ.

– То-бок будзеце хлусіць ад пачатку да канца? – запытала Агата Кокс, што была порназоркай з Беларусі і праз гэта вылучалася вытрымкай, якой мог бы пазайздросціць генерал Карбышаў, таму дагэтуль удзелу ў гутарцы не брала. Уласна, праз гэтую якасць яе і любілі запрашаць у гэты дом.

– Рацыя, пані, абсалютна так.

– Што я казаў? Што я казаў? – Пшэмак аж свяціўся. – Гэта золата, а не агент, за хвіліну абвядзе вас вакол сабачай будкі і скажа, што гэта былі Łazienki Królewskie.

– Пачынайце ўжо, васпане! – горача папрасіла Таццяна.

Усе прысутныя заківалі галовамі, маўляў, так-так, капітане, не какетнічайце, не прымушайце вас угаворваць, мы ж бачым, што вам і самому хочацца падзяліцца гісторыяй вашага жыцця.

І ён пачаў.

РАПАРТ КАПІТАНА КАПЕЙКІНА

Вы ўсе маладыя бліскучыя людзі, карэнныя мінчане і мінчанкі, жыхары Серабранкі, да бабулі ў вёску толькі на выходныя. А я нарадзіўся ў сям’і селяніна і сабакі. Так мой бацька называў маці.

Першыя восем гадоў жыцця я помню дрэнна – быць можа, праз тое, што мама паіла мяне самагонам, каб я крапчэй спаў, а можа, проста не помню, і чорт бы з ім, што там і ўзгадваць.

Тое, што помню далей, лепш і не пераказваць. Кожны лічыў за свой абавязак даць мне ў плечы, пад сраку і па лбе. Плюнуць у твар, насцаць у кеды – заўсёды калі ласка і дзяньдобры. Страшныя гэта былі гады. Бывалі такія дні, што не мог на лаву сесці, так балеў мой збіты азадак, прашу прабачэння ў паненак.