Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– Правільнае пытанне, Капейкін! Па-першае, ты будзеш весці справу, – ён нахіліўся да мяне і сказаў вельмі ціха ў самае вуха. – Цімура Хоміча. Па-другое, зайдзі ў аддзел кадраў, мы табе званне капітана прысвоілі, атрымаеш там забеспячэнне і цывільную вопратку. Камандзіруем цябе ў Варшаву. Згодна з апошнімі сакрэтнымі дадзенымі, герой тваёй справы менавіта там.

На гэтым рапарт капітана Капейкіна быў скончаны і ён звярнуўся да гасцей дома Шымана і Таццяны:

– Вось і ўся мая гісторыя, спадарства. Што было далей, вам вядома. Дык вось, ці дапаможаце вы мне знайсці Цімура Хоміча? Увесь мой лёс цяпер у вашых руках.

Усе вельмі ажывіліся і пачалі перабіраць розныя варыянты, дзе можна было б знайсці таго Цімура і хто яго бачыў апошнім. Але хутка высветлілася, што ніхто нічога канкрэтнага сказаць не можа. Так, надоечы чуў пра Цімура, нібыта ён аформіў крэдыт, каб набыць духоўку, але дзе аформіў, у якой краме, праз які банк, на якую мадэль і скуль гэта вядома – ніхто паведаміць не мог.

– У нас жа сабралася сапраўдная беларуская багема, няўжо, спадарства вы не дасце рады і не дапаможаце беднаму капітану Капейкіну адшукаць Цімура Хоміча? – запытала Таццяна.

Усе дружна заківалі галовамі, асабліва гарачыя прапанавалі за гэта тут жа выпіць і выпілі, пасля выпілі яшчэ па адной. І Шыман сказаў, што спадары беларусы проста абавязаны дапамагчы агенту КДБ знайсці Цімура Хоміча і што цяпер яны будуць па чарзе хадзіць у госці да кожнага з прысутных, а той будзе прыводзіць сваіх знаёмых – і так яны пакрысе апытаюць мільён беларусаў, якія цяпер жывуць у Варшаве.

Першымі вырашылі адведаць Пшэмака і Касю, бо Кася ўсё яшчэ спала, а Пшэмак быў толькі «за». На гэтым п’янку вырашана было працягваць, а капітан Капейкін сядзеў рэшту вечара моўчкі і толькі ціха пасміхаўся сабе ў вусы, якіх не насіў.

На гэтым месцы вы можаце запытаць, а скуль столькі беларусаў у Варшаве? У нас жа на мяжы танкі ходзяць хмура, а візы выдаюць у польскім кансулаце, які яшчэ горшы за гэных памежнікаў.

Але Булгакаў пісаў, што кватэрнае пытанне масквічоў сапсавала, а беларусаў не тое каб палепшыла, але пераявіла не раўнуючы госпада нашага Суса Хрыста, перажагнаемся, брацця.

Але, але не проста так узгадаў я кватэрнае пытанне, а дакладней пытанне старшыняў жыллёвых таварыстваў. Што ён вярзе, якія жыллёвыя таварыствы? А такія таварыствы, у каторых захоўваюцца дамавыя кнігі. А ў тых кнігах што? Правільна, у тых кнігах пазначаецца нацыянальнасць жыхароў дома.

Напрыклад, быў Даніла з-пад Смургоняў. Зайшоў той Даніла да старшыні жыллёвага таварыства, нага ж нагу падпірае, рука руку абдымае. «Дык ты, Даніла, аказваецца, меў дзеда, а той дзед, бач ты, сінім па жоўтай паперы – паляк як ён ёсць». Ну, як паляк? Пакуль яшчэ не паляк, але вось ужо крывавыя натаўскія еўры ў кішэні старшыні – і быў Даніла Каспяровіч беларус да болю ў мазалях, гандляр коньмі, а стаў, як быў, Януш Корчак – вялікі польскі педагог, гуманіст, асветнік. Але ж Януш Корчак быў габрэем? І Даніла цяпер габрэй, выходзіць? Гэта вы ўжо хапілі цераз край зямлі, праз вяршыню Эльбруса і выйшлі на Галанскія высоты, бачыце вы ўжо даліну Эўфрата і падступных арабаў, ужо мроіцца вам шасцідзённая вайна і вайна суднага дня, і ўжо крычыце вы ў сэрцах сваіх: «Вядзі нас да перамогі, Мошэ Даян, леў ты пустыні. Спявай нам баявыя песні, Голда Мэер, каб цябе феміністкі на руках насілі ды песцілі!»

Не, у амбасадзе дзяржавы Ізраіль з такой паперкай паглядзяць на вас сувора і пагоняць у плечы, як тых арабаў з адвечных іх арабскіх зямель. Не спяваць вам песень пра перамогу габрэйскай зброі над усімі іншымі зброямі. Але нічога, у палякаў прасцей усё. Выпіску ім прынёс, што дзед твой быў Ян Амос Каменскі, яны нават і не ўцямяць, што Амоска быў зусім і не паляк, а чэх звычайны, хаця таксама гуманіст і асветнік.

Такія яны ўжо дзе даверлівыя, гэтыя палякі. Я помню, раз бадзяўся па Варшаве, а ў кішэні толькі ватман фармату А0 і маркер (самі бачыце, раздалі мне мечаныя карты). Што рабіць, трэба дзейнічаць. Напісаў я на тым ватмане, што я знаны польскі пісьменнік і аўтар Канстытуцыі трэцяга траўня. І ўстаў на пляцы Канстытуцыі. Палякі мне за тры гадзіны накідалі поўны капялюх злотых. Я пасля тры дні баляваў. Вось якія даверлівыя.

Дык і ты, Даніла, толькі прыехаў ты са Смургоняў у Менск і ўжо на інтэрв’ю стракочаш, што дзед твой Амоска даў табе тры запаветы, але кожны з запаветаў ён пісаў флякамі па журыку. Запавет першы: сам ён быў палякам, і бацька твой паляк, і ты, выходзіць, паляк, і ўсе твае дзеці цяпер палякі і, вынікае, могуць бясплатна вучыцца ў Польшчы. Запавет другі: Польшча – яна ад мора да мора, і праезд для цябе па ёй цяпер ільготны. І трэці запавет: не пакідаць культуры нашай польскай, каб не ўмёрлі.

– Якая першая сталіца Польшчы? – раптам пытае працаўнік кансулату.

Што, Даніла, не рыхтаваў цябе твой Амоска да такога павароту? Не расказалі на трохдзённых курсах пальшчызны і хадзьбы на мыліцах? Увесь ты халадзееш, Даніла, хрыбетнік твой робіцца нібы лом, які жаўнер будаўнічых войск убівае ў трамвайныя рэйкі, ідзе-гудзе па ім вібрацыя проста ў твае мазгі, і ўсё ў тваіх, Даніла, мазгах вібруе і гудзе, як у халадцы, ды сцякае па скронях ліпкі пот.

– Гміна! – раптам узгадваеш ты. Казала ж гістарычка Гражына Чаславаўна: «Вучыся, дэбіл», – ты і вывучыўся ёй на радасць.

– Гнезна! – папраўляе цябе працаўнік кансулату і падміргвае. – Бачу, што пан вучыў з дзедавых слоў, а дзед быў знаны асветнік з-пад Смургоняў.

Як той казаў, колькі ні красуйся, а ўсё туды рыхтуйся, то праміне, можа, год які ці два – і стаіць ужо Даніла перад афіцэрам памежнай службы з запаветнай карткай, укладзенай у пашпарт і хавае ў чорнай торбе малочныя і мясныя прадукты.

І такіх Данілаў нарабілася на Беларусі дзевяць мільёнаў дзевяцьсот тысяч палякаў. Ажно ў Польшчы ўзрадваліся. Кіраўнік ПіСа так і сказаў: «Ужо я вам стаміўся казаць, там і няма нікога апроч палякаў, толькі адмый іх ды журыкам накармі – і ад паляка не адрозніш». А Даніла такі сабе і думае: «Ага, шчас, бл-дзь, буду я твой бігас жэрці, пякотка мяне ад яго пячэ, флякамі тваімі мазацца і бабе сваёй цыцкі імі мазаць! Ты на сваю фрызуру паглядзі, халера ты пранцавая, мацеры б тваёй у Нямеччыну на аборт у свой час зганяць, польскае ты быдла, дрэсяж ты з Лодзі!»