Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

А прэзас заходзіцца, нясе яго, не раўнуючы бабу Клаву (я пра яе вышэй пісаў, з восьмай яна кватэры). Гаворыць прэзас: «Мы з вамі нясём святло вялікай польскай культуры ва ўвесь свет». А Даніла толькі і думае сабе: «Ага-ага, святло ты нясеш. Можа, Шымборску ты нясеш? Мілаша, можа? Ты ж з Лодзі дрэсяж, ты іх ні радка не ведаеш, нясун ты яб-чы. Во ў мяне швагер быў на маторным заводзе, дык ён аднаго разу цэлы трактар вынес, хоць іх там не рабілі. Гэта нясун, я разумею, а ты – цьху, плюнуць і нават не расціраць, клоп ты вурзупельны. Ці, можа, Барбару Брыльску ты нясеш? Дык я бачыў тую Барбару, пацягала яе жыццё, яна цяпер па танным прайсе здымаецца ў тупых камедыях».

А прэзас, на радасць Данілу, не спыняецца. «Нічога, хутка далучым Беларусь да вялікай Польшчы і будзе Польшча ад мора і аж да самага Смаленска». «Ага-ага, – кажа Даніла, – далучыш ты гумовы вібратар да ўласнай дупы. Я два разы зганяю па льготных квітках, свіныя плечы з Кракава ў Гданьск адвязу, вывучуся бясплатна на сантэхніка-механізатара і вярнуся ў Смургоні, бо быць праграмістам у Кракаве прэстыжна, але, як ні круці, у конях больш стабільнасці».

Ладна, гэта лірыка – што там думае кіраўнік ПіСа і што там адказвае яму Даніла. Усё ж адукацыя ў Беларусі яшчэ не так дэградавала, як у Еўропе, і мы ведаем, што, калі ад дзесяці мільёнаў адняць усіх нашых Данілаў, дык атрымаецца раўнютка сто тысяч.

А гэтыя сто тысяч што? Без карты паляка? Дурныя вы ці з Вілейкі? Што ў іх, няма якога швагра з дамавой кнігай, што ўжо не могуць вывучыць «дзень добры», і «прошу пана», і першую сталіцу новай радзімы? Анягож. Пяцьдзясят тысяч з гэтых ста – сапраўдныя габрэі, ім ваша карта паляка без дай патрэбы. Ім і так – ганяй па Эўразвязе без візы напрамілы бог. Хочаш – можаш у ЗША паехаць або ў Канаду. А хочаш – і на Ямайку. Во гэта рэч – ізраільскі пашпарт, а не ваша картка занюханая.

І яшчэ без аднаго чалавека пяцьдзясят тысяч брытанцаў на Беларусі пражывае, падданых Яе Вялікасці каралевы Злучанага каралеўства Англіі, Шатландыі і Уэльса, ці неяк так, даруйце, я сам не ангелец. Гэта па афіцыйных дадзеных ангельскай амбасады. Тут бы вам і падавіцца тым, што вы там жуяце, смаркачы, хутчэй за ўсё.

Самыя кемлівыя ўжо зразумелі, што гэтыя людзі – гэта і ёсць старшыні жыллёвых таварыстваў, якія як хочаш могуць дамавую кнігу перапісваць: могуць з пачатку да канца, а могуць з канца да пачатку.

А консулам у амбасадзе ў Менску працаваў адзін індус, яму гэтыя белыя ўсе на адзін твар, можа, ён і сапраўды пляменнік каралевы, хто яго ведае. А старшыня таварыства так меле ўпэўнена. Падчас інтэрвенцыі, каб прымусіць бальшавіцкую Расію працягваць удзел у Першай сусветнай вайне, мой гераічны прадзядуля, стрыечны брат Яе Вялікасці каралевы Вікторыі на чале кавалерыйскага палка скакаў у атаку на клятых чырвоных. І быў ён цяжка паранены восем разоў, страціў памяць, зрок і сумленне. Застаўся проста ў Смургонях лекаваць раны, дзе і ўзяў шлюб з маёй гераічнай бабкай Адэляй Якаўлеўнай. Сэр сам бачыць, што ў чарзе на брытанскі пасад я трыста сорак чацверты і ніяк не магу без брытанскага пашпарта. І слязу пускае, маўляў, такая туга па гістарычнай радзіме мяне прабірае, што не магу выконваць прамыя свае абавязкі токара на рамонтнай базе.

А індуса гэтага хоць тыгру скармі, але толькі дай паглядзець, як сахіб плача. Плясь пячаткай па паперцы. Выдае токару-старшыні пашпарт з ільвамі, а той яму руку цалуе. Індуса ажно прабірае да самага лба яго мамы з чырвонай кропачкай, якая аж з Джамалунгмы назірае, як яе сыночку белыя людзі рукі цалуюць. Аддыхаецца індус і кажа: «Давайце, завадзіце трыста сорак пятага прэтэндэнта на пасад Яе Вялікасці, так я іх палюбляю, такія яны ўжо акторы, хоць ты іх на “Беларусьфільм”, хоць у Інстытут журналістыкі, хоць у тэатр імя Янкі Купалы – трупай загадваць».

Але нарэшце дабраліся мы да таго самага аднаго-адзінага чалавека на Беларусі, які не мае ані карткі паляка, ані габрэйскага, ані ангельскага пашпарта. «Дык гэта Лукашэнка!» – напэўна, ужо вы падскокваеце на месцы, радыя сваёй здагадцы. Не, зноў вы як пальцам гаўна памацалі. Так, я палюбляю вас падманваць, мне гэта – як таму консулу, калі белыя плачуць. Не, той адзіны і непаўторны – гэта Цімур Хоміч.

«Стой, стой! – закрычыце вы. – Але ж Хоміч у Варшаве, як жа ён у яе трапіў?» Такія вы ўжо дзе хуткія, прыйдзе час, даведаецеся як.

А нашы героі мусілі сабрацца наступнага дня ў Пшэмака і Касі, але, той казаў, пацеха, як на Святога Вайцеха, а на такую пацеху грэх было не завітаць да Андрэя Куцілы – рэжысёра-дакументаліста, які не ведаў абсалютна нічога пра планы шаноўнай грамады сабрацца ў ягонай кватэры.

Госці пачалі прыходзіць а пятай. Першым у дзверы Андрэя пазваніў капітан Капейкін, які не меў звычкі спазняцца на службовыя сустрэчы. Чорны доўга думаў, які б падарунак захапіць з сабой да рэжысёра і не прыдумаў нічога лепшага, як раздрукаваць свой фотаздымак у параднай форме з аксельбантамі і медалём «Выдатнік КДБ» у фармаце паўтара на два метры. Яму прыйшлося аддаць за гэтую працу ці не траціну месячнага забеспячэння. Праз гэта агент не браў таксоўку, але пайшоў да рэжысёра пешкі (добра, што той жыў пры пляцы Збавіцеля і дарога заняла ўсяго чатыры гадзіны – дый тое праз адчувальны вецер, які ператвараў партрэт у крыло планёра).

Дзверы капітану адчыніла пакаёўка, Капейкіна яна не ведала, але прапусціла яго ў кватэру, бо да гаспадара часцяком прыходзілі дзіўныя людзі, з якімі ён абмяркоўваў то творчасць ранняга Альмадовара, то прыёмы мантажа ў серыі фільмаў «Ёлкі». Самога рэжысёра пакуль не было.

Капейкін паставіў партрэт да сцяны і сеў пры стале, застаўленым бутэлькамі з-пад віна. Хутка прыйшлі Віталь Рыжкоў з Андрэем Адамовічам, яны не сталі чакаць гаспадара, а пачалі піць і размаўляць пра нешта сваё. Капейкіна сябры нібыта не заўважалі. Дапіўшы гаспадарскае віно, паэты ўзяліся за прынесенае з сабой. Калі некалькі бутэлек зніклі ў іх глотках, Андрэй пайшоў корпацца ў ноўтбуку гаспадара.

Пакуль ён штосьці там круціў, да кампаніі далучылася Агата Кокс.

– Спадарства, ці даведаліся вы што-небудзь пра Цімура? – запытаў Капейкін.

– Пакуль нічога новага, але мы дазналіся аб тым-сім з яго мінулага. Калі капітану Капейкіну цікава, я з задавальненнем раскажу. Толькі, магчыма, варта пачакаць іншых, каб бясконца не пачынаць гісторыю з пачатку? – адказаў Віталь.

– Хіба Цімур Хоміч можа зацікавіць кагосьці, апроч мяне?

– Васпане, паверце, гісторыя Цімура Хоміча зацікавіць кожнага.

– Што ж у ёй такога незвычайнага? – капітан Капейкін пачынаў ускіпаць, як курыны булён, ажно ў яго на лбе, там, дзе мусіў быць край фуражкі, з’явілася шэрая пена, якую хацелася зняць шумоўкай.