Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– Так! – адказваю. – Я.

– Я прачытаў твае справаздачы, Капейкін, – і глядзіць на мяне так цяжка. – Давай разам іх прачытаем, Капейкін.

І пачынае чытаць: «О, так, Віталь! Вось тут пацалуй! Так! Так, Віталю! Увайдзі ўжо ў мяне, Віталю! Глыбей! Госпадзе! Давай перавернемся!»

– І так тры тысячы старонак, Капейкін!

– Мне маёр Папяровы, – адказваю, – даў строгі загад, занатоўваць усё самае цікавае з жыцця майго персанальнага апазіцыянера, не пісаць жа мне, як ён раствор на будаўніцтве замешвае.

– Я разумею, Капейкін, ты трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Я паперкі твае прачытаў, асабліва вось цікавая з Рэспубліканскага псіха-неўралагічнага дыспансэра, дзе ты праходзіў стацыянарнае лячэнне.

Кажа ён гэта, кажа, а ў мяне ажно мароз па скуры: няўжо я дзесьці штосьці не тое зрабіў, падвёў кіраўніцтва? Можа, апазіцыянер мой раствор рабіў па даведніку з бэнээфа або дзеўкі гэтыя сувязныя з-за мяжы. Нічога не магу ўцяміць.

– Ведаеш што, Капейкін, мы з кіраўніцтвам параіліся і вырашылі даць табе ўнікальную магчымасць паслужыць Радзіме.

Сказаў гэта генэрал і пачаў выкладваць на стол тоўстыя-тоўстыя тэчкі. Я толькі і думаю сабе: «Ого, з кім гэта генерал-маёр з засакрэчаным прозвішчам мог абмяркоўваць мой лёс, лёс простага лейтэнанта Капейкіна?» А генерал усё дастае і дастае гэтыя тэчкі. І вось ужо ўвесь стол імі завалены.

– Гэта, – кажа тады кіраўнік пятага ўпраўлення, – твая новая справа, Капейкін.

У мяне аж вочы засвяціліся: во гэта справа дык справа. На пяцьдзясят тэчак.

– Але гэта яшчэ не ўсё, – сказаў генерал. – За мной.

Мы пайшлі да ліфта і спусціліся ў сутарэнні, прайшлі праз чатыры пасты аховы і двух кулямётчыкаў, апошнія дзверы ахоўваў асабісты шалёны сабака генерала. Гаспадару сабака аблізаў боты, а на мяне паглядзеў строга: як што якое – клац – і развітаюся я са сваёю мужнасцю.

Генерал адчыніў сталёвыя дзверы і завёў мяне ў падземную анфіладу, само існаванне якой Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь ніяк не каментуе.

Усё было спрэс завалена тэчкамі. Іх былі сотні тысяч.

– Але, таварыш генерал-маёр, я гэта ніколі не змагу нават прачытаць.

– На шчасце, Капейкін, – кажа генерал, а сам мяне з анфілады выводзіць і дзверы зачыняе. – КДБ не страціў яшчэ рэшткі прафэсіяналізму, ніхто не дасць табе такі ўзровень допуску да сакрэтных матэрыялаў, каб ты мог з гэтай справай азнаёміцца. Я сам тут не да ўсяго маю допуск. Але для разведчыка найгоршае – гэта быць дэзінфармаваным, то цяпер ты ведаеш веліч справы, над якой будзеш працаваць.

– Мне забраць тэчкі з вашага кабінета?

– Ты што, Капейкін! Да іх ты таксама не маеш допуску, я ўжо і так пайшоў на службовы праступак, калі паказаў іх табе.

– З чаго мне тады пачаць?