Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– Такі я ўжо чалавек – з тонкай душэўнай арганізацыяй, творчая асоба, як і вы ўсе, – прахрыпеў Капейкін, якога душылі слёзы.

Наступнага дня спадарства сабралася на пляцы Люблінскай уніі, штохвіліны ўзгадваючы, як Міндоўг той Люблін паліў і нам даваў параду не адгукацца пра гэтую забаву дрэнна, пакуль самі не паспрабуем. Пра унію Міндоўг нічога не ведаў, але, думаю, і на яе скіраваў бы струмень скрайняй незадаволенасці жоўтага колеру. Тым больш нічога Міндоўг не ведаў і пра пляц Люблінскай уніі, а каб хто яму расказаў, вельмі князь здзівіўся б самой ідэі называць скрыжаванне ў гонар таго, што ў далёкім горадзе сабраліся пяцьсот мужыкоў і намалявалі атрамантам на паперцы свае подпісы.

Аднак збіраліся нашы героі не проста так, а на вячоркі, якія былі прызначаны ў кватэры кампазітара Андрэя Якушава, каторы, здавалася, гасцей пакуль не заўважыў, бо быў заняты імправізацыямі на раялі – пісаў матывы для новай оперы пра барацьбу Зянона Пазняка з крывавым рэжымам пад працоўнай назвай «Барацьба Зянона Пазняка з крывавым рэжымам і яго таталітарная перамога».

У кампазітара было гатова тры акты агульным гучаннем дзве гадзіны пяцьдзясят хвілін, але здавацца ён не збіраўся і пісаў чацверты. Са стварэннем новага матэрыялу ў кампазітара праблем не было – былі праблемы з пастаноўкай ужо напісаных опер.

Але штосьці я даўно не звяртаўся да вашага калектыўнага розуму, дарагія мае чытачы, не ўшчуваў вас, не паказваў, што здольнасці вашы не проста сярэдненькія, а што вам бы зноў у пачатковую школу, на ўрок працы, за дапаможнік «Нажнічкі-чараўнічкі». Вось паспрабуйце здагадацца, чаму аніводны тэатр не браўся паставіць оперы Андруся Якушава «Лябедзька і выбары старшыні партыі», «Зелянбуд як вечнае свята на свежым паветры» і юнацкага твора «Тры скрыпачы на рэстаўрацыі Вялікага тэатра оперы і балету»?

Тут вы, праўда, можаце даць рады, але паспрабуйце адказаць на пытанне, чаму так ніколі і не быў пастаўлены балет «Цар Аляксандр з Александрыі», і сапраўды, кажу вам, што, каб вашу оперу паставілі ў оперным тэатры, трэба быць з гэтых самых. «З якіх гэтых самых?» – запытаеце вы. Крыху мазгамі параскіньце, бо мафія бывае сіцылійская і блакітная, і штосьці ў Оперным тэатры я італьянцаў не бачыў.

– Атрымліваецца, Якушаў не з гэтых? Каторыя не італьянцы, але ў Оперным? – запытаеце вы.

Што так – адразу – не з гэтых? Можа, і з гэтых, я нічога такога не ведаю пра яго, ведаю толькі, што оперы яго не ставілі ні ў Менску, ні ў Варшаве. Але гэта, прабачце, ні пра што не сведчыць, маіх опер таксама аніводны тэатр не ставіў, і вашых, баюся, таксама. А тое, што мы з вамі іх не пісалі – гэта наш недахоп, а не мастацкай рады ці Андруся Якушава. Адным словам, цяпер, калі я вас канчаткова заблытаў і вы ўжо самі не рады, што пачалі разбірацца, дзіравы кампазітар ці мы яго любім зусім не за гэта, самы час пераходзіць да гутаркі, якая адбывалася за спінаю ў музыкі, пакуль ён шалёна лупіў па чорных клавішах раяля.

Там Капейкін, крыху паўздыхаўшы, cхіліўся да вуха Касі Мятліцкай:

– Ведаеш, Кася, – так, ён паспеў перайсці з дзяўчынай на «ты». – Да сённяшняга дня я і не ведаў, што гэта такое – каханне. Скажы мне, ці кахала ты каго-кольвечы калі-кольвечы. Не, стой, не кажы, не кажы мне такіх рэчаў. Я ўпэўнены, ты нават і не ведаеш, што я маю на ўвазе пад словам «каханне», гэта няпроста выказаць, але я паспрабую. Гэта калі глядзіш у вочы і разумееш: перад табой дзве замочныя шчыліны, а за імі – пакой. Не, не пакой, але цэлы дом, і гэты дом чакае, калі ты вернешся і будзеш у ім жыць, будзеш прыбіраць у ім, расстаўляць рэчы па паліцах, мыць падлогу, будзеш рабіць есці, спаць ноччу, і, куды б ты ні паехаў, ты заўсёды вернешся сюды – у свой дом. А яшчэ ў цябе вельмі файныя грудзі. І цяпер я адчуваю, што мы з табой як бы на адной хвалі, як бы ўсталі на адну дошку для сёрфінга і ў нас атрымалася не ўпасці на такім грэбні, на якім ніхто іншы не даў бы рады не захістацца, толькі мы з табой зможам праехаць на гэтай хвалі.

Ці чуеш ты, ці чуеш музыку, якую грае Андрэй? Мне здаецца, што ён адмыслова цяпер падбірае такія вібрацыі, такія гукі, якія граюць у тваёй душы, штосьці блізкае да тваіх пачуццяў да мяне і да маіх пачуццяў да цябе. Усе гэтыя кантрапункты, пераходы ад амаль поўнага спакою да кавалерыйскага наскоку – гэта нібыта пра нас. Чуеш, чуеш? – кадэбэшнік узяў Касю за руку і зазірнуў ёй у вочы.

– Пшэмак? – паклікала дзяўчына. – Ты можаш разочак Чорнага па твары прыкласці?

Мятліцкі біць Капейкіна не стаў, але той усё зразумеў і адышоў ад Касі, узяўшы за руку Таццяну. Твар дзяўчыны быў белы, як адзенне Зянона Пазняка, бо яна даведалася, што ў бацькі адбыўся ператрус. Такія рэчы самі па сабе не адбываюцца, а калі ўжо адбыліся, не рассмоктваюцца, нібы пакінуты на пяць хвілін на стойцы ў «Цэнтральным» кухаль піва. Таццяна слухала Капейкіна значна больш прыхільна, чым Кася, праўда, з болем у вачах, часам яна нават нешта перапытвала, а хвілін праз пятнаццаць пяшчотна папляскала яго па шчацэ кончыкамі пальцаў.

– Капейкін! – Ліза Лянкевіч, якая ўчора прапусціла прызнанні афіцэра, вырашыла дазнацца, што ён збіраецца рабіць. – Якія цяпер вашы планы? Мы гэтак жа будзем збірацца ў салонах у пошуках Хоміча або вы прыдумалі нешта іншае?

– О, спадарыня! – горача адказаў Капейкін. – Я так і не даведаўся, дзе мне яго шукаць, каб перакінуцца парай фразаў, а яшчэ лепш – прамовіць да яго доўгі і палкі маналог.

– Дык а Віталь вам не дапамог? – запытала Ліза.

– Дык дапамог я! – закрычаў Віталь. – Я амаль усё расказаў, а што Чорны не зразумеў, дык гэта цалкам не мая віна! Вось вам знак Беларускай народнай рэспублікі! – і Рыжкоў намаляваў на грудзях пальцамі партрэт Івонкі Сурвілы.

– Не праўда ваша, а ваша крыўда, – сказаў Капейкін. – Вы так і не апавялі мне, за якой салодкай доляй, за якім сонцам у ваконца, за якім смыкам беларускім, за якім быў, ёсць, буду Хоміч папёрся ў Варшаву!

– Васпане! – выгукнуў Рыжкоў. – Напраўду, няма нічога лягчэйшага, як пра гэта апавесці. Я раскажу ўсё, што знаю! Пачну з таго, што, калі Хоміч пасябраваў з А. І. Бацкелем, то разам з ім яны выправіліся ў паход па паркетную дошку!

– Куды? – не даў веры ўласным вушам Пшэмак Мятліцкі. – Такога проста не можа быць, бо такога не можа быць не толькі з Акудовічам, якога няма, але нават ні з кім з тых, хто ёсць, – так, на паляка, Мятліцкі быў надзвычай добра абазнаны ў беларускай філасофскай думцы. – Мы маем невялікі парадокс. Калі Акудовіча няма, а такое з ім таксама было, то што было з тымі, хто ёсць?