Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

— Што, сваіх паклічаш?

— Якіх сваіх? — не зразумеў Мачалаў.

— Як якіх? — усміхнуўся Грыдзін, — ды тых, хто гэтак жа, як і ты, прыйшоў на нашу зямлю рабаваць і забіваць.

— Ды вы што, лічыце, што я шпіён? — яшчэ больш бляднеючы, спытаў Мачалаў. Толькі цяпер да яго свядомасці стаў даходзіць сэнс слоў чырвонаармейцаў, якія затрымалі яго, і іх камандзіра. А той рэзка сказаў:

— Хопіць выкабельвацца! Спадзяюся, тлумачыць не трэба, што з вамі няньчыцца ў ваенны час не будзем. Таму прапаную неадкладна расказаць праўду. Мяне цікавіць: хто вы, дзе і як перасеклі мяжу? Вашы мэты і задачы?

— Таварыш маёр, — неяк спакойна і нават стомлена загаварыў Мачалаў, — давайце разбяромся па парадку. Мяркуйце самі, калі я вораг, то які сэнс мне хадзіць у цывільнай апратцы. У размяшчэнні любой вайсковай часці на мяне звернуць увагу. Запытаеце Мінск, там наш аддзел кадраў. І вам адразу ж скажуць, хто я.

Затым Мачалаў расказаў маёру, як ён апынуўся ў гэтых месцах.

Грыдзін запрасіў начальніка штаба і сказаў яму штосьці напаўголаса. Капітан прапанаваў Мачалаву ісці за ім. Яны зайшлі ў яго палатку. Аказалася, што начальнік штаба нядрэнна ведаў Мінск, бо раней служыў там. І цяпер ён падвергнуў Мачалава сапраўднаму экзамену па веданні горада. Адказамі застаўся задаволены, але загадаў трымаць Мачалава да раніцы пад вартай. Пры гэтым прабачлівым голасам сказаў:

— Патрываеце, таварыш старшы лейтэнант, да раніцы. Самі разумееце, час ваенны і словам нельга верыць.

А на наступны дзень батальён быў падняты па трывозе і накіраваўся да заходняй мяжы. Затрыманага Мачалава было вырашана здаць у першае ж аддзяленне міліцыі.

Пад вечар батальён спыніўся на прывал. Начальнік штаба сабраў усіх камандзіраў, каб абмеркаваць далейшы маршрут. Тым часам нечакана наляцелі фашысцкія самалёты. Першыя ж бомбы ўпалі побач з тым месцам, дзе праходзіла нарада. Загінулі начальнік штаба, усе камандзіры рот, некалькі іншых камандзіраў.

Камандзіра батальёна выратавала толькі тое, што ён з раніцы паехаў у вёску, што размяшчалася побач, каб звязацца па правадной сувязі з камандаваннем палка. Але тэлефон маўчаў. Тэлефаністка, маладая дзяўчына, са слязамі на вачах растлумачыла, што сувязь перапынілася дваццаць першага чэрвеня вечарам.

— Высветлілі, у чым справа? — спытаў Грыдзін.

— Хтосьці слупы спілаваў і правады пасек.

«Дыверсанты дзейнічаюць, — зразумеў Грыдзін, — трэба будзе ўважліва разабрацца з гэтым міліцыянерам».

Калі ён пад’язджаў на матацыкле да таго месца, дзе размясціўся на адпачынак батальён, то ўбачыў у небе больш як дзясятак самалётаў. І тут жа ў яго на вачах успыхнула чырвоная сігнальная ракета, якая была выпушчана кімсьці з лесу, недалёка ад стаянкі батальёна, і, апісаўшы дугу, упала там, дзе па загадзе маёра цяпер знаходзілася ўпраўленне батальёнам. «Прыеду і прабяру як след жартаўнікоў, — падумаў Грыдзін. — Знайшлі час забаўляцца».

Але тут жа пачаўся налёт. А калі Грыдзін дабраўся да сваіх і ўбачыў, што нарабілі нямецкія самалёты, то пра ракету забыўся. Карціна была страшнай. Смерць начальніка штаба, шматлікіх камандзіраў і байцоў, знішчаная тэхніка, якой і так яшчэ не цалкам сфармаваны батальён быў укамплектаваны толькі напалову, ашаламілі маёра. Ён бледны стаяў на ўзлеску і разгублена глядзеў на тое, што засталося ад батальёна.

Падышоў Мачалаў. Яго ахоўніка забіла асколкам бомбы, а яму ўдалося схавацца ў глыбокай варонцы, дзе ён, уткнуўшыся тварам у яшчэ не астылую зямлю, праляжаў пакуль не скончылася бамбардзіроўка.

Пётр звярнуўся да Грыдзіна:

— Таварыш маёр, я бачыў, як з гарышча вунь таго дома, бачыце, — ён самы блізкі да нас — ракета ўзвілася. І адразу ж бамбёжка пачалася. Упэўнены, што хтосьці паказаў самалётам цэль.