Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

Марфа Сцяпанаўна і Таццяна Андрэеўна, слухаючы хлопца, не хавалі слёз. Пакутлівая невядомасць пра старэйшага сына і турбота пра Пятра як бы параднілі гэтых розных па ўзросце жанчын. Аднойчы, калі Антон ужо зусім паправіўся, ён сказаў маці:

— Ты, мама, паволі пачынай збіраць мяне ў дарогу. Мне трэба ісці.

— У якую дарогу? Куды ісці? — забожкала маці. — Нікуды я цябе не пушчу. Хопіць, я намучылася без вас тут, і цяпер хоць ты пабудзь са мной! Нікуды я цябе не пушчу, нікуды! Чуеш!

Антон падышоў да маці і абняў яе:

— Супакойся, мама. Зразумей, я — салдат і маё месца на фронце, дзе б’юцца з ворагам тысячы такіх, як я. І я абавязаны быць там і ваяваць з гадамі датуль, пакуль не вызвалім сваю зямлю.

Ён адышоў ад маці, стаў ля акна і ціха, дрыготкім ад лютасці голасам сказаў:

— Калі б ты ведала, мама, як яны здзекуюцца з нашых людзей. Ты нават не ўяўляеш, што яны вытвараюць. Яны горшыя за звяроў! І не трэба мяне ўгаворваць, я жыву цяпер толькі адным жаданнем — помсціць фашыстам, біць іх днём і ўначы, датуль, пакуль не пераб’ём усіх!

У гутарку ўмяшалася Таццяна Андрэеўна:

— Антон, а калі табе паспрабаваць адшукаць партызан?

— Партызан? — ажывіўся хлопец. — А дзе іх знойдзеш? Я б з радасцю пайшоў, ад іх, магчыма, лягчэй трапіць на фронт.

Марфа Сцяпанаўна супакоілася і вырашыла, што калі ўжо сыходзіць сыну з хаты, то лепш у партызаны. Усё ж будзе бліжэй да яе. Пачалі думаць, як знайсці партызан. Стала наведваць людзей, сваякі якіх, па яе меркаванні, сышлі ў лес. Асцярожна заводзіла з імі гаворку пра партызан. Гэтыя хаджэнні скончыліся тым, што неяк глыбокай ноччу пачуўся асцярожны стук у акенца.

У хаце перапалохаліся: а раптам немцы?

Антон схапіў адзежу, валёнкі і паціху па лесвіцы залез на гарышча. Марфа Сцяпанаўна трывожна спытала праз дзверы:

— Хто там?

— Марфа, адкрый, свае!

Удакладняць, хто стукаецца ў такі позні час, было бессэнсоўна. Адкрываць дзверы, няхай гэта будуць немцы ці сапраўды партызаны, усё адно трэба, і гаспадыня, вычакаўшы, пакуль Антон зацягне на гарышча за сабой лесвіцу, адчыніла дзверы. У сенцы ўвайшлі трое. Разануў па вачах устрывожаных жанчын яркі прамень кішэннага ліхтара. Той жа голас крыху насмешліва спытаў:

— Што, сваіх не пазнаяце?

«Дык гэта ж Міхаіл Іосіфавіч, наш старшыня калгаса!» — пазнала Мачалава. Яна памятала іх гаворку перад самым адыходам старшыні ў партызанскі атрад, калі ён раіў і ёй рабіць гэта. Радасна сказала:

— Міхаіл Іосіфавіч, вы? Праходзьце ў хату.

У Марфы Сцяпанаўны ад перажывання знік голас, і размаўляла з гасцямі адна Таццяна Андрэеўна.