Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

— А хто знішчыць здрадніка? — спытаў бацька.

— Прыйдзецца вам гэта заданне выканаць, — адказаў госць.

Валодзя чуў, як мужчыны выйшлі ў кухню, а затым — у калідор. Хвілін праз пяць бацька і маці вярнуліся дахаты. Ох, як хацелася Валодзю ў гэты момант ускочыць, падбегчы да бацькі, сказаць, што ён таксама будзе біць фашыстаў. Але, трохі падумаўшы, вырашыў інакш: «Цяпер совацца да бацькі нельга. Даведаецца, што чуў гаворку, можа па шыі панадаваць…»

На наступную раніцу Валодзя з суседскімі хлапчукамі правёў супраць немцаў першую «баявую» аперацыю. На закінутай будоўлі знайшоўся карбід. Прынеслі пустыя бутэлькі, запоўнілі вадой, выразалі драўляныя коркі. У бутэлькі з вадой засыпалі карбід і абгарнулі іх старымі анучамі. Гэта для таго, каб яны не разбіліся, калі іх трэба будзе кідаць. Пасля гэтага хлапчукі стаіліся за плотам, балазе ўжо звечарэла.

Неўзабаве па вуліцах павольна пачала рухацца калона цяжкіх грузавікоў. Хлопцы трывала закаркавалі бутэлькі, і ў кузавы паляцелі самаробныя «зарады».

Адбегшы ў далёкі кут саду, спыніліся пад старой грушай, весела перагаворваліся і смяяліся: «Вось будзе перапалох, калі нашы „гранаты“ пачнуць ірвацца!» Яны, вядома, разумелі, што істотнай шкоды іх «гасцінцы» немцам не прычыняць. Але клопатаў абавязкова зададуць.

Уначы Валодзя прачнуўся ад шуму. Гэта прыйшоў бацька. Ён быў у добрым настроі. Усе абступілі яго. Ён абняў маці, сына, дачку:

— Не, не быць ім тут гаспадарамі! Не будзе гадам спакою ні днём ні ўначы!

— Тата, што здарылася?

Бацька хітра ўсміхнуўся:

— Гэта доўгая казка, сынок. Як-небудзь потым раскажу.

Толькі пазней Валодзя даведаўся, што не пазбег суровай адплаты здраднік, яго пакаралі патрыёты-падпольшчыкі, сярод іх быў і бацька Валодзі.

Старшы лейтэнант Мачалаў

Камандзір роты старшы лейтэнант Мачалаў стомлена цягнуўся па глухой лясной дарозе. Амаль цэлы тыдзень ліў дождж. А сёння з раніцы пачаў ісці снег. Паветра стала яшчэ халаднейшым і вільготнейшым. Зямля была глейкай і набраклай. Але людзі ішлі, імкнучыся не зважаць ні на холад, ні на снег, ні на слізкую мокрую дарогу. Яны адступалі і спяшаліся вырвацца з гатовага вось-вось замкнуцца варожага кола.

Ужо каторы раз Мачалаў і яго новыя таварышы з пачатку вайны вось так, як і цяпер, выходзяць з акружэння. Было пакутліва думаць пра тое, што вораг топча нашу родную зямлю, а яны, савецкія воіны, вымушаны хавацца і адступаць.

— Калі ж гэта ўсё скончыцца? Калі мы ўрэшце выйдзем да сваіх? — нервова і злосна спытаў лейтэнант, які крочыў побач.

Але Мачалаў у адказ толькі зірнуў на яго, а сам думаў, што колькі такіх разрозненых батальёнаў, рот, узводаў і маленькіх груп чырвонаармейцаў і камандзіраў глухімі сцежкамі адыходзяць на ўсход з надзеяй, што дзесьці наперадзе нарэшце з’явіцца выразная лінія фронту, дзе будзеш бачыць ворага толькі перад сабой і ваяваць з ім.

Не меней пакутлівай і трывожнай была думка пра жонку і дзяцей. «Як яны там? Што думае пра мяне Таня?»

У гэты момант да Мачалава падышоў баец у падранай плашч-палатцы:

— Таварыш старшы лейтэнант, вас маёр Грыдзін выклікае…