Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

Мачалаў яшчэ раз зірнуў у бок немцаў і згодна кіўнуў галавой:

— Правільна, дзейнічайце! — А сам пабег далей. Адразу ж за невялікім паваротам убачыў, як у траншэі рыхтуюцца да бою чырвонаармейцы. Гучна спытаў:

— Дзе сяржант Ерамееў?

Па ланцужку пранеслася: «Ерамеева, Ерамеева да камандзіра роты!»

Сяржант з’явіўся хутка. Цыбаты, у куртатым шынялі, ён бег па траншэі нават не прыгінаючыся.

— Ерамееў, Хмялько забіты! Прымай камандаванне ўзводам і накіруй на правы фланг чалавекі чатыры, там усіх забіла. Пастарайся адсекчы пяхоту ад танкаў, падрыхтуй гранаты і бутэлькі. Я — у першы ўзвод.

Ерамееў моўчкі слухаў яго, а сам вачамі адшукваў патрэбных яму людзей, кідаў уважлівыя погляды на атакуючых.

Мачалаў пабег да пазіцый першага ўзвода. Яму здавалася, што гэты ўзвод пацярпеў менш, чым другі, і ён спадзяваўся хоць аднаго аўтаматчыка перакінуць у другі ўзвод. Але варта было яму наблізіцца да пазіцыі ўзвода, як зразумеў, што тут нямецкая артылерыя і самалёты нарабілі нямала бяды. Траншэя ў многіх месцах была разбурана прамымі пападаннямі бомбаў і снарадаў. Аднаго позірку было дастаткова, каб вызначыць, што забіта не меней як дзясятак чалавек. Камандзір узвода Кураўлёў знаходзіўся недалёка і, убачыўшы Мачалава, падбег да яго:

— Прама навідавоку фрыцы падвялі да траншэй танкі і бронетранспарцёры, а затым ударылі з гармат і самалётаў.

— Шмат загінула?

— Сем.

— Параненых?

— Дзевяць, двое — цяжка.

Мачалаў уважліва паглядзеў на нейтральную паласу. Танкаў стала больш, ён налічыў восем. «Так, а колькі бронетранспарцёраў? Ужо пяць. Пакуль нас бамбілі ды гарматамі дзяўбалі, паспелі яшчэ танкі і бронетранспарцёры падцягнуць». Кураўлёў пракрычаў:

— Сувязны твой з’явіўся!

Мачалаў убачыў, як па траншэі бег Чарнышэнка — яго сувязны. Камроты яшчэ раз зірнуў на немцаў. Атрымлівалася, што трэці ўзвод пакуль не падвяргаўся нападу, і старшы лейтэнант загадаў сувязному:

— Чарнышэнка, хутка — да камандзіра трэцяга ўзвода! Хай выдзеліць двух сваіх аўтаматчыкаў і адзін ручны кулямёт у другі ўзвод, а свой агонь засяродзіць на пяхоце. Трэба адсекчы яе ад танкаў.

Сувязны пабег, а Мачалаў пачаў зноў сачыць за ворагам. На траншэі ўжо насоўвалася першая лінія танкаў: два накіроўваліся, здавалася, прама на яго, а адзін правей — на другі ўзвод.

Кураўлёў крыкнуў:

— Падрыхтаваць гранаты і бутэлькі!