Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

— Ну, не будзем жа мы хлусіць суседзям і сапраўды аладак насмажым.

Міхаіл Іванавіч усміхнуўся:

— Малайчына ты ў мяне!

— Бачыў жа, нябось, каго выбіраў, калі жаніўся.

— Гэта праўда.

Жыццё ў акупацыі ўжо навучыла гэтых людзей чакаць непрыемнасцяў і рыхтавацца да іх. Вось і цяпер яны размаўлялі паміж сабой так, як быццам не немцы, а яны самі вырашылі правесці вобыск. І яны не памыліліся. Праз паўтары гадзіны ў двор увайшлі гестапаўцы. Загрукалі каваныя боты па драўляных прыступках лесвіцы, і ў кватэру ўварваліся пяцёра. Адзін з іх на ламанай рускай мове крыкнуў:

— Усе стаяць на адзін месца! Вашы дакументы!

Адзін гестапавец з аўтаматам застаўся каля дзвярэй, афіцэр — падаваў каманды, праглядаў дакументы і пытаў, ці ёсць у хаце зброя, радыёпрыёмнік; астатнія, нібы ваўкі на ахвяру, накінуліся на шафу, куфар. Немцы раскідалі рэчы па ўсёй кватэры, перавярнулі канапу, шафу кухонную, ператрэслі ложкі. Выцягнулі ўсё з каморкі, агледзелі хлеў. Але нічога не знайшлі і накіраваліся да суседзяў.

Міхаіл Іванавіч моўчкі зірнуў на сына, і Валодзя, нацягнуўшы на сябе шапку і паліто, шаснуў за дзверы. Жэня ўзяла са скрыні стала нож і падсела ў кухні да маці, якая пачала чысціць бульбу.

Валодзя перайшоў вуліцу і не спяшаючыся пачаў прагульвацца па тратуары. Ён бачыў, як з веснічак і варот суседніх двароў выглядваюць людзі.

Усіх іх, вядома, цікавіла адно і тое ж пытанне: які будзе наступны дом у гестапаўцаў.

Нарэшце немцы ўвайшлі ў дом Латаніных. Валодзя разумеў, што самы лепшы час патрапіць у іхні двор цяпер. Гаспадары будуць сустракаць гестапаўцаў і сачыць з вокнаў за дваром не стануць. Ён хутка падышоў да веснічак, вычакаўшы, пакуль апошні немец схаваецца за дзвярамі, праслізнуў у двор. Заходзіць у дом было яшчэ рана, Валодзя прайшоў у глыб двара да хлява і схаваўся за яго. Зараз ён з’явіцца ў хаце Латаніных нечакана. Вокнаў у гэты бок няма, і ніхто не ўбачыць яго, калі ён будзе набліжацца да дома.

Заставалася чакаць. Хлопец прыціснуўся спінай да бярвеністай сцяны хлява і задумаўся. Як хутка мяняюцца людзі падчас вайны, дакладней, як хутка сталеюць. Здавалася, прайшло зусім мала часу з таго моманту, калі Валодзя разам з хлапчукамі са сваёй вуліцы кідалі ў кузавы нямецкіх машын бутэлькі з карбідам і думалі, што яны, калі не ваююць, то, прынамсі, шкодзяць фашыстам. А цяпер Валодзю стала сорамна за гэтыя хлапечыя выхадкі. Яму яшчэ не было і шаснаццаці, а ён адчуваў сябе значна старэйшым. Прызвычаіўся перш, чым штосьці рабіць, старанна абдумваць кожны крок. Што гэта — абвостранае пачуццё небяспекі? А можа, пачуццё адказнасці перад бацькамі, шматлікімі людзьмі, якія паверылі яму і даручылі хай маленькую, але сапраўдную справу? Валодзя марыў пра той час, калі яму давядзецца ваяваць супраць ворага са зброяй у руках. Ну, а пакуль трэба чакаць і, вядома, не папасціся на чым-небудзь.

Уладзімір адарваўся ад сцяны хлява: «Пара! Прайшло не меней як пятнаццаць хвілін». І ён хуткім крокам накіраваўся да дома. Дзверы, якія вялі ў сенцы, адкрыліся бясшумна. Валодзя перавёў дыханне, гледзячы на абабітыя лямцам дзверы, што вялі ў пакой. Што чакае яго там? Як сустрэнуць яго гаспадары? Як паглядзяць немцы?

Валодзя палічыў да трох і пацягнуў дзверы на сябе.

Ён апынуўся ў кухні, да яго слыху данёсся голас таго ж афіцэра, які рабіў вобыск у іх доме. Валодзя яшчэ не разабраўся, пра што казаў гестапавец, але тон яго голасу быў спакойным. Хлопец рушыў да дзвярэй, якія вялі ў пакой, і ў гэты момант пачуў Светчын смех. Валодзя адчыніў дзверы. У вочы адразу ж кінулася, што два немцы сядзяць злева ад дзвярэй на канапе, два другіх — на крэслах каля печы. Ужо знаёмы афіцэр і Светка сядзелі ля стала.

У пакоі стала ціха. Уладзімір злавіў на сабе погляд афіцэра і спалоханы — Светчын. Чамусьці падумалася пра яе бацькоў: «Калі іх няма тут, значыць, яны ці ў іншым пакоі ці іх няма дома».

— Дабрыдзень! — хмурна сказаў Валодзя. — Мяне мама па тарку паслала, цяпер бліны будзем пячы.

Як зласліва зараз глядзелі на яго блакітныя вочы гэтай прыгажуні. У іх ужо прайшоў спалох і загаралася злосць, прыкрасць на гэтага хлопца.

Афіцэр спытаў у Светкі: