Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

Пасля таго памятнага наступлення прыйшоў загад перайсці да абароны. Мачалаў памятаў, як абураліся тады байцы і камандзіры, усё рваліся ў бой. Але было загадана капаць акопы, мініраваць подступы да пярэдняга краю, ставіць драцяныя загароды, будаваць бліндажы.

Неўзабаве батальён маёра Грыдзіна быў зняты з перадавой і накіраваны ў тыл для адпачынку і папаўнення.

Колькі каштавала сіл Мачалаву, каб выпрасіць на роту хоць бы пяць аўтаматаў. Неяк у дом, у якім знаходзіўся Мачалаў, зазірнуў камандзір палка. Мачалаў, не саромеючыся, што разам з падпалкоўнікам знаходзіўся і Грыдзін, звярнуўся да яго:

— Таварыш падпалкоўнік, дапамажыце мне! — І, заўважыўшы, як у камандзіра палка здзіўлена, выгінаючыся дугой, папаўзлі ўгару бровы, растлумачыў: — Мяркуйце самі, далі мне ў роту папаўненне, а з сарака двух чалавек — трыццаць дзевяць навічкоў. А чаго я прашу? Мізэр, усяго пяць аўтаматаў. А мне — кукіш, не даюць.

— Дык дзе ж я табе вазьму гэтыя аўтаматы? — умяшаўся Грыдзін.

— Калі захочаце, таварыш маёр, то знойдзеце! Гранат амаль няма. Прасіў, дайце хоць адно процітанкавае ружжо — таксама няма. Як жа я буду ваяваць?

Падпалкоўнік сумна ўсміхнуўся. Ён разумеў хваляванне гэтага высокага, з гарачымі ад узрушанасці вачамі старшага лейтэнанта, дасведчанага і адважнага камандзіра. Але як растлумачыць яму, што цяпер яшчэ няма ў арміі ў дастатковай колькасці боепрыпасаў. Артылерыя, напрыклад, атрымала загад расходаваць штодня па адным-два снарады на гармату. Не ставала мін і процітанкавых гармат. Але пра гэта нават свайму падначаленаму, праверанаму ў баях камандзіру, не мог сказаць падпалкоўнік. Толькі две гадзіны назад ён з болем у сэрцы загадаў прыдадзеную яго палку батарэю рэактыўных мінамётаў адвесці ў тыл, бо не было снарадаў.

Падпалкоўнік паглядзеў на камандзіра батальёна:

— Лявон Кандрацьевіч, выдзелі старшаму лейтэнанту пяць ПКШ. — Заўважыўшы, што камбат хоча запярэчыць, строга сказаў: — Без размоў! — І ўжо цяплейшым голасам дадаў: — Я табе кампенсую.

Мачалаў так узрадаваўся, што спачатку хацеў чамусьці крыкнуць: «Служу Савецкаму Саюзу!» — але своечасова спахапіўся і радасна сказаў:

— Дзякуй, таварыш падпалкоўнік!

Камандзір палка накіраваўся да дзвярэй, за ім Грыдзін.

Ужо ля самага выхаду маёр Грыдзін павярнуўся і моўчкі паказаў Мачалаву кулак, але старшы лейтэнант нявінна ўсміхнуўся. Галоўнае было зроблена: аўтаматы, якія толькі пачалі паступаць на ўзбраенне, ён здабыў. Пётр адшукаў старшыну і загадаў яму неадкладна атрымаць аўтаматы.

Зрабіў гэта Мачалаў своечасова, бо камандзір палка на наступны дзень адбыў у дывізію на павышэнне, а маёр Грыдзін быў прызначаны на яго месца.

Камплектаванне заканчвалася, і па ўсім было відаць, што неўзабаве зноў на пярэднюю лінію фронту. Камандзіры рыхтавалі навічкоў да хуткіх баёў. Мачалаў папрасіў вопытных байцоў псіхалагічна падрыхтаваць навабранцаў да тых умоў, у якіх яны апынуцца.

У клопатах і хвалюючым чаканні прайшло яшчэ два дні. І вось паступіў загад высунуцца на баявыя пазіцыі. Зборы былі нядоўгія, а шлях да лініі фронту кароткі. Увечары нядаўна прызначаны камандзір батальёна выклікаў да сябе камандзіраў рот, пазнаёміў са становішчам, якое склалася на іх участку фронту, і зірнуў на Мачалава:

— Вам даручаецца змяніць вось на гэтым участку, — ён алоўкам паказаў месца, — роту батальёна, якая адводзіцца ў тыл для адпачынку і папаўнення. На месцы з дапамогай камандзіра гэтай роты пазнаёміцеся з абстаноўкай і мясцовасцю. Заўтра ў адзінаццаць нуль-нуль чакаю вашага дакладу. Пытанні ёсць?

— Не, таварыш капітан! — адказаў Мачалаў, а сам уважліва зірнуў на камбата.

Тарасаў здаваўся поўнай супрацьлегласцю Грыдзіну. Высокі, рослы, ён неяк падазрона і насцярожана глядзеў на суразмоўцу з-пад паўапушчаных доўгіх веек, нібы чакаў, што яму тут жа стануць пярэчыць. Нягледзячы на стамляльны пераход да лініі фронту, ён быў чыста выгалены і апрануты ў акуратна падагнаную, старанна адпрасаваную форму.

«Нічога, перадавая навучыць цябе больш увагі надаваць не свайму абмундзіраванню, а людзям, з якімі табе давядзецца ваяваць», — падумаў Мачалаў, накіроўваючыся да выхаду. На вуліцы ён паглядзеў на неба, яно было зацягнута аблокамі. Крочачы да сваёй роты, Мачалаў паспеў падумаць, што зіма зацята не хоча здаваць свае пазіцыі. Днём на дарогах па ледзяных жолабах цяклі вясновыя раўчукі, ярка і цёпла свяціла сонца, а цяпер усё падмерзла, дзьмуў халодны вецер.