Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

— А хіба можна гэта зрабіць?

— Я даведаюся і скажу.

Пётр Пятровіч вяртаўся ў роту ў добрым настроі. Сёння камбат яму адназначна спадабаўся.

Немцы з кулямётаў і стралковай зброі абстрэльвалі пазіцыі роты.

«Добра, што мінамёты рэдка б’юць, — падумаў ён, — навічкоў паступова прывучаць да абстаноўкі. Немцы, напэўна, чулі ўначы валтузню ў нашых акопах і зараз на ўсякі выпадак прашчупваюць нас».

Дзе паўзком, дзе кароткімі перабежкамі ён абышоў увесь участак абароны, папярэдзіў камандзіраў узводаў, каб не адказвалі на стральбу немцаў і тыя не разгадалі сістэму абароны.

Брудны, мокры і стомлены, да абеду дабраўся да свайго бліндажа. Якраз падаспелі харчавікі і старшына — пажылы рыжавусы Леркаў — адразу ж пачаў завіхацца ля скрыні з-пад снарадаў, якая служыла сталом.

Толькі ўзяў Мачалаў у руку лыжку, як у бліндаж уварваўся пасыльны ад камандзіра другога ўзвода:

— Таварыш старшы лейтэнант! Танкі!

Мачалаў загадаў старшыне далажыць пра напад немцаў камбату, а сам падскочыў да сцяны, дзе віселі шынель і новенькі аўтамат, які ён яшчэ не паспеў прыстраляць, і ўслед за чырвонаармейцам выскачыў з бліндажа. Пазіцыі другога ўзвода пачыналіся злева, у ста метрах. Мачалаў са шкадаваннем падумаў, што ён яшчэ не паспеў высветліць, дзе знаходзіцца пазіцыя артылерыстаў. І без бінокля ён добра бачыў, як да нашых траншэй набліжаліся тры танкі і тры бронетранспарцёры. У гэты момант у паветры з’явілася некалькі самалётаў. Яны ішлі прама на пазіцыі роты. Мачалаў з усіх сіл кінуўся да акопаў, у галаве білася адна толькі думка: «Толькі б паспець, толькі б паспець да пачатку бамбардзіравання да акопаў дабегчы!»

І раптам наперадзе ўбачыў адразу некалькі чорных снапоў узрываў. «Што, ужо бамбяць?» — падумаў ён здзіўлена, яму здавалася, што самалёты яшчэ не даляцелі. Вось і акопы. Ён саскочыў на дно. І адразу ж падняў галаву, спрабуючы палічыць, колькі самалётаў у небе.

І зноў здзівіўся, убачыўшы, што чатыры бамбардзіроўшчыкі яшчэ толькі становяцца ў круг. І тады старшы лейтэнант зразумеў, хто дзяўбе мерзлую зямлю: «Як жа гэта я адразу не здагадаўся! Артылерыя б’е». І ён пачаў аглядацца па баках. Чырвонаармейцы, часта ўзнімаючы галовы, валтузіліся на сваіх месцах, рыхтуючыся да бою. З неба неслася пранізлівае выццё. Старшы лейтэнант падняў галаву і ўбачыў, здавалася, пікіруючы прама на яго бамбардзіроўшчык. Яму ўжо шмат разоў даводзілася бываць пад бамбёжкай, бачыць, як ляцяць з выццём да зямлі варожыя бамбардзіроўшчыкі, але кожны раз ад гэтага відовішча скоўваліся мышцы, расслаблялася воля. Гледзячы на самалёт, які прыбліжаўся да зямлі, чырвонаармейцы апускаліся ўсё ніжэй і ніжэй у акопы. Знізу хтосьці тузануў Мачалава за шынель. Ён здзівіўся, убачыўшы камандзіра ўзвода Хмялько, які, седзячы на кукішках, шчыльна прыціснуўся да мерзлай сцяны акопа:

— Хавайся, старшы лейтэнант! Глядзі, ужо бомбы да зямлі пайшлі!

Мачалаў апусціўся на калені, зноў падняў галаву ўгару, і тут зямля нібы стала бокам, ускалыхнулася, гучна застагнала, і на імгненне адчуў сябе ў стане бязважкасці. Гэта адна з бомбаў звалілася недалёка ад іх. Выбуховая хваля падхапіла Мачалава і шпурнула ўздоўж траншэі. Падаючы, ён моцна стукнуўся грудзьмі аб штосьці цвёрдае. Ледзь прыпадняўся і пачаў праціраць засыпаныя зямлёй вочы. Калі адкрыў іх, то ўбачыў свой аўтамат, які валяўся на дне акопа. Дзесьці далей у акопе пачуўся крык. «Паранены», — здагадаўся Мачалаў, але ўбачыць нічога не змог. Задушлівы, цёмны дым ад узрываў, уперамешку з зямлёй і гарай, зацягнуў траншэю. «А дзе ж Хмялько?» — успомніў пра камандзіра ўзвода старшы лейтэнант і пачаў круціць галавой, спрабуючы зарыентавацца і адшукаць месца, дзе павінен быць камандзір узвода. Нарэшце ён зразумеў, з якога боку прынесла яго выбуховая хваля, падхапіў рукой аўтамат і хістаючыся пайшоў. Ён адразу ж убачыў Хмялько. Той працягваў сядзець у нейкай ненатуральнай позе. У гэта імгненне наперадзе вухнуў выбух. Мачалаў упаў і тут жа адчуў, што на яго звалілася штосьці цяжкае. «Прысыпала», — здагадаўся ён, баючыся адкрыць вочы, каб зноў не зацерушыць іх зямлёй. Паварушыўшыся, вызваліўся ад цяжару і працёр твар. Адкрыўшы вочы, убачыў побач з сабой Хмялько. Лейтэнант ляжаў нерухома, уткнуўшыся тварам у дробныя камякі мерзлай зямлі, перамяшанай са снегам.

— Што, паранены? — спытаў Мачалаў, але голасу свайго не пачуў, усё ўтапілася ў чарговым грукаце выбуху. Ён перавярнуў Хмялько і з жахам глядзеў на яго. Замест твару — суцэльная крывавая, перамяшаная з зямлёй калатуша. «Забіты! Дык гэта ж яго мёртвага шпурнула на мяне выбуховай хваляй».

Старшы лейтэнант паклаў ля сценкі камандзіра ўзвода і прыпадняўся на ногі. Яму хацелася крыкнуць, паклікаць каго-небудзь, але вакол працягвала вухкаць, зямля цяжка ўздрыгвала ад выбухаў.

Ён вызірнуў з акопа і ўбачыў, што танкі, пераадолеўшы траншэі сваёй пяхоты, павольна рухаліся наперад. Мачалаў пабег па траншэі, спатыкаючыся аб забітых і параненых. Ён з жахам думаў: «Няўжо ўсіх пазабівала?» Але вось з-за павароту, яму насустрач, выскачылі два чырвонаармейцы. Яны цягнулі кулямёт. І ў гэты момант наступіла цішыня.

«Цяпер пойдуць у атаку!» — падумаў Мачалаў і, жэстам спыніўшы чырвонаармейцаў, вызірнуў з траншэі. Услед за танкамі беглі цёмныя фігуркі. Камандзір перавёў погляд на чырвонаармейцаў. Пазнаў сяржанта Рубава, другі, верагодна, быў навічок:

— Куды вы?

— На правы фланг, адтуль будзе зручна пяхоту адсякаць.