Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

— Хто гэта?

— Сусед. — скрозь зубы працадзіла Светка і рушыла да дзвярэй. — Ідзём, забяры сваю тарку, знайшоў час прыходзіць, бачыш, і да мяне прыйшлі.

Афіцэр падняўся з крэсла і загадаў Уладзіміру:

— Стаяць на месцы.

Сам жа, злёгку падштурхоўваючы перад сабой Латаніну, разам з ёй выйшаў у кухню. Валодзя пачуў, як пляснулі і другія дзверы. «Пайшлі ў сенцы, — здагадаўся ён, — раіцца будуць».

Прайшло хвіліны тры, перш чым яны вярнуліся ў пакой. Латаніна надзела паліто, завязала вязаную хустку і сказала:

— Валодзечка, я пайду з табой, падзякую сама бацькам за тарку.

Яна ўзяла тарку, і яны выйшлі на вуліцу. Пакуль ішлі, Светка, яшчэ не зусім акрыяўшы ад збянтэжанасці, растлумачыла:

— Ты ўвайшоў якраз, калі яны мяне дапытвалі. Усё высвятлялі, ці няма ў мяне зброі ці радыёпрыёмніка, а цяпер, напэўна, вобыск пачалі ўжо.

Уладзімір слухаў, а сам думаў: «Брашы, брашы, зараза прадажная! Цябе я ўжо даўно раскусіў».

Праз некалькі хвілін яны ўвайшлі ў кватэру Славіных. Светка з палёгкай уздыхнула: яна сваімі вачамі бачыла, што людзі чысцяць бульбу, і, значыць, хлопец сапраўды прыходзіў па тарку. Сказала некалькі слоў падзякі і сышла. А Славіны пераглянуліся паміж сабой. Валодзя расказаў усё, што бачыў у Латаніных дома, і раптам, усміхнуўшыся, звярнуўся да Настассі Георгіеўны:

— Мама, ты ж, калі ішла з кірмаша, абяцала накарміць яечняй. А сама аладкі бульбяныя рыхтуеш.

Маці засмяялася:

— Бач, чаго захацеў! Ну добра, будуць вам сёння і яечня, і аладкі!

І яна пацягнулася па наступную бульбіну.

Камандзір роты старшы лейтэнант Мачалаў

Калі батальён маёра Грыдзіна выйшаў з акружэння, байцоў у ім было не больш, чым у роце. Мачалаў думаў, што самы цяжкі час у іх ужо ззаду. Аднак лёс рыхтаваў для яго новыя выпрабаванні.

Тут, на фронце, батальён вёў цяжкія знясільваючыя баі. Тоненькая змейка акопаў з рэдкім ланцужком чырвонаармейцаў паўстала на шляху ўзброенага танкамі, бронетранспарцёрамі і самалётамі пераўзыходзячага па сіле ворага. Былі моманты, калі старшы лейтэнант у думках развітваўся з жыццём, лічачы, што з такога пекла ўжо не выбрацца. Прыйшлося перажыць звычайны чалавечы страх, ганьбу адступлення і нават уцёкі, страты дарагіх сэрцу людзей.

Але вось наступіла і наша чарга. Паспяховае наступленне пад Масквой паказала ўсяму свету, што фашысцкі план маланкавай вайны праваліўся. Немцы тады страцілі больш як паўмільёна салдат, пятнаццаць тысяч машын, тысячу трыста танкаў, дзве з паловай тысячы гармат і шмат іншай тэхнікі. Гітлераўцы былі вымушаны ўцякаць на сто пяцьдзясят — трыста кіламетраў ад Масквы. Гэта была перамога не толькі нашай зброі, гэта было сведчанне высокага маральнага духу чырвонаармейцаў і камандзіраў Чырвонай Арміі.

Мачалаў ганарыўся, што і яго рота знаходзілася на перадавой.