Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– Дык ён два разы на «Гаўдзе» быў і падаваўся як перакладчык!

– Ведаеш… – Богдан так пацягнуў слова, што мне здалося, калі б яно было з бавоўны, даўжыні хапіла б, каб мяне павесіць.

– Твой Любка проста хоча быць добранькім і ўсім падабацца, і каб маскалёў чума пабіла. А мне ўсім падабацца без дай патрэбы, гэта не ў беларускім характары.

– Добра, хай гэта на тваім сумленні будзе, мне ўсё адно, – прымірэнча сказаў Богдан. – Хаця сам разумееш, Любка і як чалавек лепшы, і як паэт, – мой мастацкі кіраўнік прамаўляў так марудна, што, пакуль ён казаў першае слова фразы, я паспеў сканструяваць некалькі яе завяршэнняў, агучаная канцоўка была не самай страшнай з тых, што я сабе прыдумаў, таму засмуціўся я не дужа.

– Які ўжо ёсць, – сказаў я.

– Гэта праўда, што з табой паробіш, – Богдан зноў памаўчаў. – Слухай, я толькі не зразумеў, а што ты супраць беластаччан маеш? Чаго ты іх проста на першай старонцы паэмы ўспамінаеш?

– Мне падалося, што смешна будзе.

Богдан нічога не адказаў і высунуў шуфляду. Штосьці пашукаў там, але не знайшоў – відаць, па старой звычцы хацеў запаліць, забыўшы, што па інфаркце кінуў.

– Як ты здагадаўся, – сказаў мой мастацкі кіраўнік, – я прачытаў тваю паэму.

Я прамаўчаў, бо і без гэтага было відавочна, што зараз мне выдадуць канструктыўнай крытыкі.

– Ты, Андрэйку, выцягні свой тэлефон, – сказаў Богдан. Я выцягнуў. – Паглядзі на ім, якая сёння дата.

– Сямнаццатага ліпеня, – сказаў я.

– Лічыць умееш? – запытаў Задура.

Мастацкі кіраўнік, як мне падавалася, вёў да таго, што мне засталося трынаццаць дзён, каб скончыць паэму да канца стыпендыі. Намёк быў празрысты, але я вырашыў удакладніць.

– Хочаш сказаць, што я не паспяваю скончыць твор?

– Я не ведаю, што там у вас – Лукашэнка матэматыку, можа, адмяніў, – але ў нас у Польшчы «ПіС» яшчэ такога адпячы не можа, то я табе скажу: калі ты пісаў сто старонак два з паловай месяцы, то як ты плануеш напісаць яшчэ трыста старонак за два тыдні? Трыста старонак за два тыдні, Андрэйку!

– Я табе не ўсё даслаў, – абарону я пачаў бадзёра.

– На такое нават паляк не купіцца, хаця мы ўсе як адзін легкаверныя! Дарэчы, з чаго ты гэта ўзяў?

– А якія вы, калі за «ПіС» прагаласавалі?

– Што праўда, тое праўда. Але слухай, я табе скажу. Хлопчык, ты мусіш напісаць яскравы фінал – такі фінал, каб душа чытача нагадвала клепсідру.