Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– А Капейкін знойдзе Хоміча?

– Выявіцца, што Капейкін ніякі не агент КДБ, а проста дробны махляр і збіраецца ўсіх тупа кінуць на грошы, Хоміча ён для адводу вачэй шукае. А Хоміч, наадварот, акажацца агентам КДБ.

– Ясна, – сказаў Задура і надоўга ўтаропіўся ў цёмны кут пакоя. – Бачу я, што ты баран упарты. Што з іншымі героямі плануеш?

– Спачатку ўсё будзе добра. Пасля Зоя, адзіны светлы персанаж, трагічна загіне. Арт-аб’екты прадавацца не будуць. Куціла так нічога і не зробіць геніяльнага, як хацеў, і разам з Зайцавым-Катом будзе здымаць вяселлі. І гэтак далей, і такое ўсё трагічнае.

Задура цяжка ўздыхнуў.

– Паслала маці божая стыпендыята… – ён памаўчаў. – Слухай, Андрэйку, можа, ты хоць хэпі-энд зробіш?

Я пахітаў галавою. Не, хэпі-энд толькі праз мой труп.

– Ты тады тэлевізар паглядзі там, радзіва паслухай, хоць упляці якіх праблем польскай сучаснасці, тваю маць! Пра суд канстытуцыйны, што ў нас міністр культуры кіраўнікоў тэатраў звальняе ні за што! Апішы, можа, праблемы эмігрантаў, а не як у цябе наркаманаў увесь час штырыць!

– Ганна Карэніна таксама на морфіі сядзела!

– Яна не праз гэта вядомая!

– А што я напішу? Як прыйшоў у краму віна ўзяць, а прадаўшчыца не разумее польскую мову?

Богдан толькі цяжка ўздыхнуў і закрыў твар рукамі.

– Дваццаць трэцяга вам будуць даваць дыпломы! – сказаў ён пасля паўзы. – Сам міністр культуры, між іншым. То да дваццаць трэцяга каб трыста старонак было гатова і фінал мог нармальны расказаць, а то, я клянуся, я пра цябе верш напішу, ты пашкадуеш, што са мной звязаўся!

– І дарэчы, – сказаў Задура, калі я ўжо выходзіў з пакоя. – У Любкі верш пра польскіх падаткаплатнікаў значна смяшнейшы, чым твая ода.

Мяне зноў перасмыкнула.

Пшэмак Мятліцкі, Адамовіч і Віталь Рыжкоў сядзелі пры стале з негабляванай дошкі. Капейкін на гэтым стале стаяў, бо толькі так можна было глядзець у акенца, праз якое быў бачны ўваход у цырульню Сяргея Календы.

– Выйшаў нейкі мужык, – сказаў Капейкін. – Першы раз яго бачу.

– Дык ён не заходзіў ці як? – запытаў Мятліцкі.

– Не ведаю я, можа, і не заходзіў, яны ж з новымі фрызурамі ўсе, а ў мяне слабая зрокавая памяць.

– Дык фатаграфуй іх! – раззлаваўся Рыжкоў. – Я пачынаю сумнявацца, што ты агент КДБ, памяць у яго слабая, фотаапарата няма.