Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– Не, Зоя, не маеш ты рацыі, ніякі Колька не апушчаны, у нас у турмах нікога не апускаюць, у нас жывуць па-краснаму.

– Такая ты дзе знаўца турэмнага жыцця і звычаяў, – кажа мама.

– А як ты хацела, Зоечка, у мяне тры мужы, пяць каханкаў, два сыны – усе сядзелі ж!

– Добра, – здалася мама. – Знай што хочаш, а тры тройкі латарэек мусіш узяць, у мяне план.

– Дык у мяне тэлевізара ў канторы няма, як я даведаюся, ці выйграла?

– Адпраў іх сыну на зону, я ў «Саўбелцы» чытала, там цяпер тэлевізары ёсць у пакоях для адпачынку.

Купіла Парасіна дзевяць троек і адправіла сыну. І як атрымаў Колька тую перадачку, то цыгарэты часткова скурыў, а часткова памяняў на цукерачкі. А як даеў апошнюю цукерачку, заходзіць да яго ў камеру гражданін начальнік, многа іх, паскуд, развялося, і загадвае.

– Збірайся, Парасін, адсядзеў сваё, па ўмоўна-датэрміновым выходзіш, дзякуй скажы камісіі, мая б воля, тут бы і згніў.

Даехаў Парасін па даведцы на вакзал у Берасці, узяў там сто грам, беляшом закусіў, сядзіць у залі чакання. А там паказваюць розыгрыш «Суперлато». Ён аловачак узяў і закрэслівае. Я б так проста пра гэта не расказвала, калі б не выйграў Парасін у тым тыражы новы аўтамабіль, не помню якой маркі, і тры тройкі ў наступны тыраж. Да мамы ён не паехаў, а адразу на Менск. Атрымаў там машыну і тады ўжо да мамы – на новай машыне.

А быў люты месяц, спрэс галалёдзіца. Не даехаў Колька да вёскі ўсяго тры кіламетры – не ўпісаўся ў паварот. І збіў Кацьку Веліканаву насмерць. Гэта за яе згвалтаванне ён дзесяць гадоў адсядзеў, ці колькі там. Дый якое там згвалтаванне? Бацька Кацькі вярнуўся – а Колька на ёй, то яна закрычала: «Гвалтаўнік, гвалтаўнік, татачка, дапамажы!» – так Колька і сеў, а добры ж быў чалавек і працаўнік. І гэтым разам праз гэтую курву сеў – ехаў жа без правоў і паддаты, то машыну на сметнік, Кольку – у СІЗА, Кацьку – на могілкі.

Праз тыдзень трэба было Нюрцы ў Вердамічы, то яе Алесь Веліканаў падвозіў, але ён Кацьцы не сваяк ніякі, у нас проста мала прозвішчаў у ваколіцах. Парасіны ды Веліканавы. На павароце Алесь той пытае ў Нюркі:

– Нюрка, як там справа?

– Нармальна справы, – адказала Парасіна.

Веліканаў павярнуў – і ў яго малакавоз урэзаўся. І атрымалася, што праславілася Нюрка, калі гэтага ўжо не чакала: яна думала, што пра яе слава пойдзе пасля трох мужоў і пяці палюбоўнікаў, а зорны час ейны быў, як малакавоз урэзаўся ў ВАЗік.

– На троечку, – сказала Ліза Лянкевіч. – Давай ты, Танька.

– Закон мастацкага жыцця нумар чатыры, – Танька выявілася гаркавай. – Дзе нарадзіўся, там і квіток узяў, каб эміграваць у адзін з цэнтраў мастацкага жыцця.

– Тут і прыкладаць нічога не трэба, – сказала Ліза. – Узяць хаця б вас. Учора лён часалі, сёння – мастакі-канцэптуалісты. Хаця лепш бы наадварот. Прынамсі, для маіх вачэй, а то як прыйдзеш на выставу – капіляры лопаюцца, як быццам у дзяцінстве ў місу басейна «Лазурны» нырца дала без акуляраў. Добра, далей. Скажы нам, Зіна, пра пяты закон мастацкага жыцця.

– Сучаснага мастацтва не разумее ніхто, але малых галандцаў разумеюць яшчэ менш, – замест Зіны на пытанне адказала Агата Кокс, якая невядома што тут рабіла.

– Ага, Агата, – Ліза ёй не вельмі сімпатызавала. – А любоў да вялікіх яшчэ не робіць цябе мастаком-манументалістам, – Агата кпіну не зразумела і пайшла ў бок хлопцаў з важным выглядам.

– Вось так, сябровачкі, – сказала мастачка. – Такія паняткі, і жыць трэба строга згодна з імі.