Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

Капейкін неяк дзіўна паглядзеў на Рыжкова.

– Не сварыцеся, сябры! – сказаў Адамовіч. – Нам трэба проста дачакацца Хоміча і схапіць яго. Запамінаць іншых нам абсалютна не патрэбна.

– Капейкін! – закрычала Ліза Лянкевіч. – Каб заўтра прыйшоў з лесвіцай, нам гэты стол патрэбны, мы яго будзем на арт-аб’ект ператвараць.

– Ліза, – звярнуўся да дзяўчыны Рыжкоў. – Можна нам яго пакінуць хоць на пару дзён?

– Калі па апероль мне зганяеш, – сказала Ліза.

– Мне танней будзе стол купіць, – сказаў Віталь, але ўстаў і сапраўды пайшоў па кактэйль – балазе, бараў у цэнтры было больш, чым крытычных заўваг Задуры да паэмы Адамовіча.

Праз паўгадзіны Пшэмак устаў на месца Капейкіна, а той пайшоў па чарговы апероль для Лянкевіч. Вярнуўся агент толькі праз гадзіну, але апроч кактэйлю прынёс яшчэ і палявы бінокль. Хлопцы пагадзіліся, што так можна будзе, прынамсі, разглядаць грудзі дзевак, якія шпацыруюць па вуліцы.

– Слухай, Ліза! – запытаўся Пшэмак, калі мастачка праходзіла міма. – Што вы там робіце за аб’ект?

– Ды хто яго ведае, я пакуль не вырашыла, – незадаволена адказала тая. – Каська твая нам дала толькі стол, на якім ты стаіш. Мы яго абмажам глінай, як яна хацела, то будзе такі, як ёсць, толькі белы, хіба пад Адамовічам праломіцца, тады будзе з дзіркай. Добра, што дзяўчаты з сабой лён вязаны прывезлі. Мы яго пакуль фарбуем у чырвоны і чорны колеры, як скончым, напляцём з ільну прасторы сэнсаў і інтэрпрэртацый такімі кубамі, крыху крывымі, як быццам бы бухія майстры рабілі.

– Вы ж сапраўды ўсе пад газам, – сказаў Пшэмак.

– Я і кажу пра майстэрства інтэрпрэтацыі, – Ліза пайшла расказваць часальшчыцам, што фарбаваць трэба раўней, хутчэй і дружна. Часальшчыцам іх новая праца вельмі падабалася. Па-першае, яны былі п’яныя, але Ліза ім патлумачыла, што саромецца няма чаго, бо мастак можа працаваць хоць п’яны, хоць накураны. Па-другое, маёр Галандскі дазволіў ім жыць проста ў падвале і ім не трэба было наймаць пакой. Па-трэцяе, быць мастаком у Варшаве нашмат прэстыжней, чым часальшчыцай на льнозаводзе. Вы самі падыдзіце да любога чалавека на вуліцы і прапануйце выбраць адну з гэтых опцый.

У Адамовіча зазваніў тэлефон, праз соты прадраўся хрыплы голас мастацкага кіраўніка:

– Прыходзь на вячэру, няздара!

– З якой халеры? – стыпэндыят яшчэ не адышоў ад учарашняй размовы.

– Прыйдзе Бялоў, ён таксама на стыпэндыі два разы быў і ўсе мае кніжкі пераклаў, цяпер дактарат піша.

– Штосьці я прыхварэў, – сказаў Адамовіч, скінуў выклік і дадаў у паветра. – А то я маскалёў ніколі не бачыў.

Пакуль паэт расказваў сябрам, дзе канкрэтна ён бачыў свайго мастацкага кіраўніка, ягоныя кніжкі вершаў, напоўненыя злых кпінаў з дурнога польскага ўрада і мудрага беларускага народа, а таксама як яму дарагі Ігар Бялоў, што тады акурат наймаў кватэру ва ўнучкі Яраслава Івашкевіча, Ліза Лянкевіч, пачаўшы чацвёрты апероль, вырашыла расказаць часальшчыцам гісторыю свайго жыцця ў мастацтве.

ЖЫЦЦЁ ЛІЗЫ ЛЯНКЕВІЧ У МАСТАЦТВЕ ПА ПАНЯТКАХ, РАСКАЗАНАЕ ЁЙ САМОЙ

– Вы, дзяўчаты, нарадзіліся ў Пінску, а я нарадзілася з пэндзлем у руцэ, вокамерам уваччу, адзін і сем праміле бялілаў у крывы і такім жаданнем маляваць, што спыніць мяне магла б толькі снежная віхура. На шчасце, у Менску снежныя віхуры бываюць рэдка, то я паступіла ў дваццаць шосты мастацкі каледж…

– Гэта каторы каля хлебзавода? – запытала Зінка.

– Ну, – пацвердзіла Ліза і неяк адразу запаважала Зінку, вырашыўшы зрабіць яе цім-лідарам. – Адвучылася я там год, як выклікаюць мяне да Святланы Мікалаеўны, галоўнай нашай па каледжы.