Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– Гэта тваёй сяброўкі Машкі мама? – зноў запытала Зіна.

– Ты скуль ведаеш? – здзівілася Ліза.

– Дык ты нам гэтую гісторыю ўчора ўжо расказвала, калі мы лён у зялёны фарбавалі.

– А як Святлана Мікалаеўна ў мяне рэпетытарам была, расказвала? – запытала Ліза, перадумаўшы рабіць Зінку цім-лідарам. Дзяўчаты кіўнулі. Мастачка на секунду задумалася. – Такім чынам, паняткаў у мастацтве роўна шэсць – як падступных планаў у капітана Капейкіна. Гэта вунь той мужык, – яна паказала рукой. – Дарэчы, не жанаты. І атрымліваецца, што ён мае па адным плане на кожную з вас, – дзяўчаты засмяяліся. – Але, калі вы такія разумныя і я вам гэта ўчора казала, то давай, Адка, вяшчай, які закон першы.

– Першы закон жыцця ў мастацтве, – пачала дзяўчына, разагнуўшыся ад ночвы. – Зваротная перспектыва і задні прывад – не тое самае.

– Прывядзі прыклад з уласнага жыцця, калі ласка.

– Была ў мяне такая гісторыя, – пачала часальшчыца, крыху памаўчаўшы. – Хадзілі мы з Васілём. Хадзілі-хадзілі, аж думаю, а нешта ўжо першага траўня – дзень працоўнай салідарнасці, маёўка і чырвоны дзень календара, а ў мяне чырвоных днёў хіба што з лютага не было. І хоць адукацыі тады ў мяне было восем класаў і тры кватэрнікі, стала мне ўсё ясна, як ясным бывае чэшскі крышталь, калі добра нацерці.

– Так… Пачатак нібы тое, што трэба, – ухваліла Ліза.

– То ў мяне аказалася дзве палоскі, і пры гэтым ніхто мне тыгрынага футра не дарыў. Бацька кажа: «Апранайся, пашлі да твайго Васіля». Пайшлі нервовым крокам. З бацькам брат яшчэ быў і мужык адзін з лесвічнай пляцоўкі. Прыйшлі, у пад’езд зайшлі, бо дамафон зламаны. Бацька давай у дзверы званіць, мама Васіля адамкнула. Кажа, няма сына. Бацька мой быў не кілбаса, а паляндвіца – сухі і доўгі кавалак жылы. Ён у дзверы раз – ілбом даў і ў кватэру зайшоў. А Васіль у сябе ў пакоі. Бацька яму: «Бяры пашпарт, пойдзем зараз пададзім з табой заяву ў ЗАГС, то-бок не мы з табой, а ты з маёй дачкой, але альтэрнатыва ёсць заўсёды: ты можаш не падаваць заяву ў ЗАГС, а толькі на нас траіх заяву мусарам кінуць, калі пабоі здымеш, але ў мяне ў бальніцы кум глаўрач, так што ён табе хрэн падпіша карталюшку».

Васіль тады мяне абняў пяшчотна, пацалаваў палка і кажа: «Вы, Міхал Іванавіч, не хвалюйцеся так, я вашу дачку кахаю больш за жыццё і ніколі не кіну, то хадземце, толькі вось пашпарт у шуфлядзе вазьму». Выцягнуў ён пашпарт са стала, мы развярнуліся з пакою выходзіць, а мілы мой – на гаўбец – і скочыў з трэцяга паверху. Збегчы хацеў. Бацька з тым мужыком і братам маім падбеглі да Васіля, які пад вішняй скуголіў. Пастаялі, паглядзелі на яго, як ён на зямлі круціцца, за ногі паламаныя трымаецца. Бацька сказаў тады: «Паглядзі, Пятро, які ў мяне зяць дэсантнік, аказваецца, унук наогул лётчык будзе», – але тут маё сэрца не вытрымала і здарыўся ў мяне выкідак, – дзяўчына замаўчала.

– Так! – cказала Ліза. – Гісторыя вельмі трапная, толькі са зваротнай перспектывы мы разумеем, хто быў на заднім прывадзе. Зараз ты, Светка, які другі закон?

– Так званы другі закон – «Пэндзлі трымай сухімі, а алоўкі навостранымі». Гэта трэба, каб хуценька накідаць партрэт бармэна і памяняць яго на кактэйль.

– Добра, давайце да трэцяга закона. Давай ты, Марыйка, і адразу з прыкладам.

– Трэці закон жыцця ў мастацтве, – пачала самая маладая з дзяўчат, на выгляд ёй было не больш за дваццаць гадоў. – Слава заўсёды прыходзіць у самы нечаканы момант. Прыклад будзе такі. У мяне ў мамы суседка – Нюрка Парасіна. І сын у яе быў, Віцёк, піў крэпка. А лета было, і Нюрка пліту балонам паліла. І неяк пайшла гуркі пазбіраць – чуе, нешта зашыпела. Яна абярнулася – паглядзець, што да чаго, тут як бахне – яе ажно да плота адкінула. Хату на чатыры бакі разваліла. Віцька сем дзён па шматочку збіралі.

Як выпісалі Нюрку з бальніцы, прыйшла яна дахаты і так сабе думае: а жыць дзе? Пайшла да прадсядацеля, той сотку гурком салёным закусіў. «Добра, – кажа, – Нюрка, ідзі ў кантору жыць, усё адно гэтая кантора восем гадоў як пустая. А калі твайго Кольку з турмы выпусцяць – таямніца веку».

Колька – гэта яе старэйшы сын, брат Віцька зводны, ён тады сядзеў за згвалтаванне. Колькі яму далі, ніхто ў нас на вёсцы не ведаў, бо на суд ніхто не паехаў, нават Нюрка. Бо суд выяздны быў у вайсковай частцы ў зенітчыкаў. Можа, хіба ўчастковы наш быў. Але засялілася Нюрка ў кантору.

А мая мама на пошце рабіла. Прыходзіць Нюрка пенсію атрымаць і адправіць сыну цыгарэты. Мама мая і гаворыць: «А вазьмі, Нюрка, білетаў латарэйных. Табе пенсія ўсё адно ні да чаго. Што ты ў аўталаўцы набудзеш? У цябе, што трэба, у канторы ёсць, а на зону больш за чатыры блокі цыгарэт не адправіш на месяц. Дый усё адно сын у цябе там апушчаны сядзіць, ён жа за згвалтаванне, а з апушчанымі проста так нельга, яму за гэта цыгарэты даюць, чай, можа, нават і кілбасу якую ці бананы.

– Ды што ты такое кажаш, курва?! – закрычала Парасіна на маму. – Які яшчэ апушчаны?

– А які? – кажа мама, – Апушчаны і ёсць. Дый хто з нас курва? Ты на сябе, Парасіна, паглядзі, у цябе тры мужы і пяць каханкаў, то хто з нас курва?

Нюрка задумалася і не знайшлася, што адказаць – прынамсі, мне так мама расказвала. Можа, і адказала неяк, знаю толькі, далей размова так пайшла.