Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– О, Марэк! Марэк заўсёды быў такі сур’ёзны дзіцёнак. З самага малалецтва.

А гледачы такія: «Ого, новыя часы – новыя героі. Марэк нейкі… Што за Марэк?» А бабка фотаздымкі паказвае на тэлефоне, але яны як бы не ў рэзкасці. Кшталту, вось ён Марэк. Мы задуму рэжысёра хутка раскусілі – сутыкнуў ён традыцыі і сучаснасць: бусла з ультрагукам, мікрахвалёўку з калодзежам, – такое штосьці.

– Як было яму сем гадоў, прыйшоў на паседжанне райсавета і ўсіх кайлом разагнаў! Бо не хацелі нам грэйдарам дарогу параўняць! Яго тады паставілі на ўлік у дзіцячы пакой міліцыі. Мне Адка з Гэлькай: «Хуліган-хуліган!» А я: «Не, кажу, ніякі не хуліган – пацярпеў за перакананні. Самі вы, – кажу, – не пагналі б іх кайлом, калі б сілы былі?» Што яны адкажуць – канешне, яны пагналі б кожнага гэнага дэпутата кайлом, на халеру яны патрэбныя, гэныя дэпутаты, як не могуць каня нам даць і нават грэйдарам дарогу параўняць? Гарадскія ездзяць – скрывілі дарогу, а Марэка праз гэта ў пакой міліцыі на ўлік? Дзе справядлівасць, га?

І гледачы (мы то-бок): «Ага, намячаецца класічны канфлікт героя з грамадствам, рост і буянне змагара. Бач ты, малы-малы, а ўжо райсавет кайлом разагнаў. І такі ўжо як бы гонар бярэ за гэтага Марэка: пакуль мы пясок жэрлі і ў дупе калупаліся, чалавек быў заняты рэальнай справай – да яго гэты райсавет толькі дывізія СС разагнала, як на Менск ішла, а ён ад гаршка метр, а даў рады. Нават думаеш, можа, гэта Зянона ўнук які?»

Тут давай нейкіх дзевак паказваць: ідуць баб шэсць па вуліцы, вазочкі вязуць. І мы ўжо: такі во кабяліна, шэсць дзевак – і ўсе вазочкі вязуць. Проста Рока Сіфрэдзі з-пад Глыбокага. Ну і дзеўкі не расчаравалі. Сапраўды, не даваў нам праходу, не даваў, як быў малады, то толькі хаваліся ад яго пасля дыскатэкі, ледзьве паспявалі ўрассыпную разбягацца.

Зноў хата з бабкай, яна далей распісвае, які ўжо гэты Марэк яе добры. І райсавет разагнаў, і вучыўся на адны пяцёркі, і па фізкультуры заўсёды бегаў на лыжах, нават выйграў гонку пераследу. Але кадр змянілі. Шэры двухпавярховы будынак (як турма, толькі аўтаматчыкаў не хапае), адразу бачна – школа. Раз – баба з тытрам «Ядвіга Браніславаўна, першая настаўніца». І яна бабку падтрымлівае: «Не тое, што вучыўся, яшчэ і мяне павучаў. А што я зраблю? Ён жа спартсмен, баксёр-разраднік. А на камянях як рабіў, як рабіў! Толькі прыйдзе разнарадка клас на камяні адправіць – ён першы ў разоры, яго і прасіць не трэба і ўпрошваць, возьме толькі каша – і парачкаваў-парачкаваў – трактары за ім не паспяваюць.

А як звязуць тое каменне да кароўніка, ён туды ўночы яшчэ прыйдзе і з тых камянёў вежу збудуе. Так да адзінаццатага класа цэлы замак зрабіў – гэта жарт вам, ці што? Можа, той замак і цяпер стаяў бы, але прадсядацель загадаў разабраць і яшчэ адзін кароўнік змураваць».

Гледачы ажно зажмурыліся і вочы рукамі прыкрылі, а хто быў жаночага полу, крыху і войкнуў, бо псіхатып Марэка нам усім быў ясны: дурань кручаны. Мы ўжо думалі, усё, прадсядацелю таму кішкі выпусціўшы быў і цяпер матае першы тэрмін разам з хлопцам, які ў Менску людзей бензапілой парэзаў.

Не, аказалася, прадсядацель таго Марэка ацаніў (абы-каго ўсё ж прадсядацелем калгаса не паставяць, крыху ў псіхалогіі разбіраецца той прадсядацель). Во і яго самога паказваюць. Такі дзядзька самавіты. Худы, праўда. Вылез з «Рэндж Ровера» і пайшоў у кароўнік. Аператар за ім бяжыць. А дзядзька спыніўся, паглядзеў на захад сонца, на боты свае лакавыя і кажа грозна:

– Вы ж самі ўсё разумееце.

І мы, гледачы то-бок, як бы ў разгубе: «А як жа абвёў той прадсядацель Марэка вакол пальца?» Тут і разгадка – шыльда казённая буйным планам. Мы спачатку падумалі: «Ясна, пасадзілі змагара прэвентыўна», – але чытаем шыльду, а там напісана: «Гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта». Мы ад задавальнення аж кракнулі, як тая качка, бо гэта было псіхалагічна даставерна і гіперрэалістычна: такому псіхапату адна дарога – на гістфак.

І ўжо інтэрв’ю з выкладчыкамі. Кажуць, так, на археалагічнай практыцы не было роўных і ў бібліятэчнай справе. Выдатнік, чырвоны дыплом – гонар факультэта, за БДУ ў шахматы і шашкі гуляў – першае месца ва ўсім. Дык ясна, што такі дужы – ты паспрабуй усюды пахадзі ў латах, у шаломе і з мячом на поясе. Тут мы нічога не зразумелі спачатку, але пасля пачалі фотаздымкі паказваць і раз-пораз відэаролікі.

Во практыка археалагічная, мужыкі ў майтках, бабы – у купальніках, толькі Марэк у латах і з рыдлёўкай, у зямлю сышоў па плечы, хутка да скарбаў ВКЛ дакапаецца. А во бібліятэка: усе ў акулярах, Марэк з вядром на галаве, ну не з вядром, а ў шаломе, але лепш бы з вядром, клянуся. І тут мы як бы ўжо да канца зразумелі, што адна яму была дарога на гэтым свеце – у аспірантуру, а пасля – у выкладчыкі, бо ў школу да дзяцей такога не пусціш. Можа, трыста нам фотаздымкаў паказалі, можа, чатырыста, яны яшчэ выязджалі ў кадр так прыгожа – то злева, то справа. І ўсё герой у цэнтры, а калі не ў цэнтры – чырвоным фламастарам абведзены. І ўсюды ў латах сваіх і з вядром на галаве, нават піў у вядро гэтае і еў туды ж. Не сагнуць такога чалавека – крывіцкая Пагоня, а не чалавек.

І вось даюць дыпломы, дэкан у акулярах шырокіх цісне жалезную пальчатку. Выдалі корачку. Выселілі яго з інтэрната. Музыка пачалася трывожная (можа, знаеце, – такая арганная), пераломны момант фільма прыйшоў, як гадавіна вяселля, пра якую муж ізноў забыўся. І што вы думаеце? Ніколі не паверыце, атрымаў Марэк карту паляка! Ды ладна, не бывае такіх супадзенняў! Не можа быць! Можаце не верыць, але і карта сама ў кадры, а на ёй – фотапартрэт Марэка: вось вядро, вось меч, вось кальчуга, – ні з кім не зблытаць. Фотадоказ, як ён ёсць.

І адразу кадры архіўныя са сталіцы Польшчы. Вось Марэк выходзіць з аўтобуса, вось ідзе кудысьці ў далячынь, толькі плашч яго разлятаецца ад ветру, толькі меч па асфальце шкрабае, агідны гук такі – ажно перасмыкае. Пасля – зноў інтэрв’ю дзядзькі нейкага.

– Так, добра помню той дзень, як Марэк да нас прыйшоў. Я да дзясятай толькі падцягнуўся, а ён ужо сядзіць на сходах – чакае. Так і так, кажа, хачу, кажа, проста з аўтобуса ўступіць у партыю «Права і справядлівасць», бо дужа паважаю права і не магу, калі штосьці несправядліва.

Зноў мантаж – і ўжо Марэк на мітынгу, выцягнуў меч, махае ім і крычыць: «Польшча будзе польскай», «Польшча ад мора да мора», – і далей у гэтым духу. А пасля падпальвае паходню і сыходзіць у ноч, як трыста спартанцаў. Ажно ў нас мурашы па скуры калонамі пайшлі, як рымскія легіянеры ў Галію.

Тут зноў гэты дзядзька з партыйнай ячэйкі, выбары на носе, трэба дэлегата ад ваяводства на цэнтральны сход адправіць. А каго ад ваяводства можна адправіць, як не Марэка ў ягоных латах? Закруцілася, выбралі яго ў цэнтральны камітэт партыі. Ты паспрабуй яго не выбраць, калі ён так голасна крычыць «Польшча ад мора да мора» і сыходзіць з паходняй у ноч, толькі сабакі брэшуць і ў іхнім брэху ясна чутно «Deus vult!». Аж кусок каніны ў горла не лезе, такі страх і дысцыпліна.

Мы ўжо думаем: «І што ж далей? Стаў ён прэзідэнтам Польшчы? Ці, можа, ва ўрадзе засядае?» А тут зноў той Войтэк. І ўсё плача-заліваецца. Паглядзелі мы яго хвіліны з тры, ужо я сам у экран кажу: «Войтачак, ты мой родненькі, ты мне па-простаму патлумач, што за гора ў цябе, што там за француз, памёр, можа, хто?» На мяне зацыкалі, нават хтосьці па рэбрах уваліў, але паслухаў мяне Войтэк.

– Успомніў, – кажа. – Толькі не француз. Невядомы гішпанскі аўтар – «Песня пра майго Сіда», канфлікт паміж пачуццямі і доўгам, – працягнуў хтосьці Войтэку шклянку вады. Ён адпіў крыху, аддаў. – Пачалося ў нас з Марэкам.