Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– На беразе Свіцязі тая вярба расла, чароўная тая вярба, у яе галінах пасяліўся літаратурны крытык, то я прыйшоў, голай далонню крытыка задушыў, а вярбу тую вырваў з коранем і зрабіў з яе барабан. Цяпер запытай, мой сябра, мой А. І. Бацкелю, куды ж той барабан падзеўся.

– Куды ж, Цімуру, падзеўся твой барабан чароўны, як згублены быў?

– Часта занадта я граў на тым барабане, людзі з Менска маліліся ўсім, каму можна, крычалі і плакалі, так казалі, што адбіраю ў іх апошняе нібы на пабудову сусветнага камунізму, а сам нібы цэлымі днямі ем выкшталцоную ежу і п’ю найлепшыя віны і найлепшых карыстаю дзяўчат.

– Як жа напраўду было, сябра мой, мой браце названы?

– Так яно і было напраўду, еў я найлепшую ежу, піў я найлепшыя віны, найлепшых дзяўчат карыстаў, а жыхарам Менску і Берасця, Горадні і Магілёва, Віцебска з Гомелем толькі аб’едкі кідаў, заставаліся ім толькі «чарніла» і непрыгожыя бабы.

– Што ж далей было?

– Плач гэтых няўдзячных людзей быў пачуты багамі, багамі, пра якіх я зусім забыў і думаць не думаў.

– Гэта каторыя ў Мінгарвыканкаме збіраюцца? Тыя, што выпусцілі мяне з заапарка?

– Можа, і гэтыя, дакладна не ведаю, важна, што выбілі з рук маіх вадамётам той барабан – і паляцеў ён у пекла, глыбока-глыбока ў нетры зямлі, дзесьці цяпер там ляжыць, можа, які дробны дэман ім завалодаў і б’е ў яго.

– Дык, Цімуру, дазволь мне спусціцца ў нетры, знайсці барабан і прынесці яго на паверхню. Зноў пачнём грукаць у яго мы, зноў людзі схіляць галовы, а як раптам задумаюць злыя багі адабраць у нас твой барабан, то будзем трымаць яго ў чатыры рукі, як належыць сябрам трымаць магічныя барабаны.

– І не прасі пра такое, названы мой брат, мой дарагі Бацкель А. І., дарагі мой А. І. Бацкелю.

– Чаму ж мне не прасіць пра такі дазвол у цябе? Хіба ты падумаў ужо, што сам я буду біць у той барабан і прымушу цябе скарыцца?

– Як мог падумаць ты, мой названы браце, што мог я падумаць пра цябе такое мярзоцце?

– То прабач мне, браце названы, Хоміч мой дарагі, чаму ў такім разе не хочаш даць мне дазволу?

– Бо падарожжа ў краіну мёртвых – не прагулянка на Зыбу, не ў «Еўраопце» па акцыі ўзяць гарэлкі – гэта выпрабаванне, што пройдзе не кожны, што мала каму па плячы, мала каму па грудзі, нікога няма, каму было б па калені, ужо не кажу, каб хто выйшаў з яго сухім, як з вады гусь.

– Што ж трэба, каб з мёртвых краіны вярнуцца?

– Не парушыць тры забароны. Спускацца трэба ў адзенні брудным, скураной зацяганай куртцы турэцкай, джынсах зашмальцаваных таджыкскіх, ботах «Белвест». Перад спускам трэба два тыдні не мыцца, на машыне ехаць таксама нельга, бабу з сабой не бяры, што табе люба, а вазьмі такую, што з твару як прасталытка з вакзала.

– Зразумеў я цябе, браце названы, усё я зразумеў.

Дапілі яны, з ранку наступнага дня пайшоў А. І. Бацкель у лазню, па лазні пайшоў у барбершоп, па барбершопе – у цырульню. Памыўся, пастрыг бараду, скуру алеямі ў розных месцах нацер. Потым «Uber» выклікаў і паехаў у «GALLERIA» – там набыў ён джынсы «Levi’s», модную куртку, боты «New Balance», апрануўся, заехаў па любімую бабу сваю і паехаў з ёй у краіну памерлых, як быў, так паехаў – у «нью-бэлансах».

Доўга Хоміч чакаў названага брата. Дзень, два, чатыры. Тыдзень прайшоў, а Бацкель А. І. не з’явіўся. Не з’явіўся і на тыдзень другі А. І. Бацкель. Засумаваў Цімур, як зразумеў, адбылося што, і ценю сумневу не засталося – сябар застаўся ў краіне мёртвых, не прынясе барабана адтуль, сам застанецца празрыстым ценем, ценем, што вечна сумуе па нашым свеце.