Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

Тут Нарэк мне ўваліў, мы па падлозе паваляліся, то нам брат яго нагамі натоўк і мы прыціхлі ля канапы. Але я не здаўся і ўсё адно на яе не-не, а вока кіну.

– Віталь, ты калі на Таньку глядзіш, дык у яе хлопец на рынку грузчыкам працуе, ён табе рукі завяжа ў гордзіеў вузел, а пасля ў «траўме» табе іх рассякуць – і тое калі ты туды даедзеш, я б не пайшоў у заклад, што давязуць цябе. Лепш ты ў хадж схадзі – калі расціснуць каля каабы, прынамсі, у рай да гурый трапіш.

– Адчапіся, – кажу.

І зрабіў выгляд, што чытаю газету «Сакрэтныя матэрыялы». Але пакуль рабіў выгляд, так і чытаць стаў, там пісалі пра ўнікальную беларускую пачвару – зебрападобнага кракена, які яшчэ ў шаснаццатым стагоддзі жыў на Менскім узвышшы, дакладней, выпаўзаў туды зімою, а летам грэўся ў палескіх балотах. Пра яго яшчэ Леў Сапега пісаў у Статуце Вялікага Княства Літоўскага, што кракен – жывёла чырвонакніжная і паляванне на яго строга забаронена, прынамсі, без адмысловага каралеўскага прывілею, зацверджанага на cойме.

Кракен гэты быў мала таго што драпежны, яшчэ і тэлепат, ён мог падпаўзці да вёскі, унушыць людзям, што ў лагчыне пачалі малако раздаваць па талонах, людзі беглі, а ён іх хапаў тэнтаклямі, душыў і жэр. Галоўнае, людзі да апошняга не маглі зразумець, што гэта за талоны і чаму іх трэба атаварваць строга з панядзелка па пятніцу ў працоўны час з тэхнічным перапынкам, але ішлі хто з вядром, хто з гладышом, а хто і з бочкай на брычцы ехаў. Так пасля і вызначалі, што кракен паляваў – па вёдрах і колах з бочкамі.

Але нарваўся той кракен на аднаго ветэрана Шведскай вайны з боку Карла XII. Там было так, што той Густаў прыжаніўся да адной дачкі млынара і жыў сабе, але тут да іх вёскі падабраўся гэты кальмар. Унушыў усім, што трэба па малако, людзі пацягнуліся. А Густаву гэта дзіка было: што за талоны? У іх у Швецыі тады быў капіталізм з чалавечым тварам, без намёку на сацыяльнае забеспячэнне, то ён змікіціў, што нячыста тут, нібы ў прыбіральні кавярні не рабілі вільготную прыборку, а проста распісваліся на паперцы, што зрабілі. А можа, і не так ён падумаў, а наадварот, хацеў малака без талонаў атаварыць па-за чаргой як ветэран і кавалер ордэнаў, то ўзяў з сабой дубальтоўку і шаблю. Прыйшоў, глядзіць – кракен ягонага цесця даядае. Cтрэліў Густаў у кракена.

Забіць не забіў, але відзежа знікла, людзі давай таго малюска вёдрамі біць, а швед – шчупальцы шабляй секчы. Збегалі па вілы, па святара – забілі таго малюска, але не без стратаў: Густаву, напрыклад, дупу віламі пракалолі. Але баявыя раны баявымі ранамі, а жэрці хочацца тры разы на дзень і ўсё жыцце. Пачалі вяскоўцы кракена разбіраць на часткі – думалі, малака не папілі, то хаця б насмажым кольцаў.

Пакуль яны гэтага кракена квасілі, не раўнуючы капусту, прыехала камісія са сталіцы. А ў нас камісіі як працуюць? Спачатку зжэрлі ўсё, што ад таго кракена засталося, з ракавіны яго напілілі караляў і абкладак на нажы, а пасля ўжо разбірацца пачалі. Зірнулі ў Статут Вялікага Княства Літоўскага, а там чорным па белым.

Чвартавалі таго Густава, а хату яго спалілі. Усё адно і цесця, і жонку шведа з’еў той кракен, дык, каб у той хаце чорт не пасяліўся, вырашылі пытанне радыкальна. А як вы хацелі? Толькі-толькі Сярэднявечча скончылася. Людзі былі схільныя да экзатычных поглядаў на жыццё.

Пакуль я гэта чытаў, гляджу, сястра з Танькай міма нас – і ў вітальню. Я тады кажу Нарэку: «Ладна, я ўспомніў, мне мама сказала смятаны купіць, бітончык са мной, але грошы дома засталіся. Давай, заўтра пабачымся, дуа зробім».

– Ага, – кажа сябар мой. – Давай. Толькі помні, што жанчына – падступнае стварэнне, у заклад іду, брат, у заклад іду, сама цябе здасць свайму грузчыку.

– Паглядзім, братку, паглядзім, – і пабег за імі.

Сачыў іх, сачыў, а яны разам – у бок авашчной крамы. «Во, – думаю, – мо і меў рацыю Нарэк, можа, сапраўды не варта за ёй цягацца?» Але зайшлі яны ў краму, чагосьці там пакруціліся і зноў кудысьці пайшлі без аніякага грузчыка. Я за імі. Хадзілі-хадзілі, прыйшлі на Дняпро. Тут, як на тое ліха, цёмна зрабілася, не як ноччу, а так, прыцемкі. Верыце вы або не, але згубіў я іх: гляджу – не бачу. Што рабіць? Бегаў-бегаў. «Вось, – думаю, – пазнаёміўся з дзеўкай».

Ды ўсё б нічога, але развярнуўся я ўжо і дахаты пайшоў, як раз – злева трое, справа – чацвёра і за спінаю адзін. «Во, – думаю, – пачытаў пра кракена, лепш бы ў “дэндзі” гуляў. Яны яшчэ і фанаты “Дняпро-Трансмаша”, а той на апошнім месцы ў трэцяй лізе, ніводнай перамогі за сезон».

Добра так мяне адмудохалі, нібыта агеты КДБ або грузчыкі з авашчняка: нос разбілі, пад сраку нагой далі і сказалі больш там не хадзіць.

Пасунуўся я дадому і думаю: «Лепш бы дачытаў гісторыю пра кракена, чаму яго не зрабілі эмблемай “Дняпро-Трансмаша” і чаму гэтыя прыдуркі сабе на герб узялі шаблю Густава».

А тут яшчэ, як на злосць, мне насустрач Нарэкава сястра і Танька.

– Ну, што, – кажуць. – Атрымаў п-зды?

І смяюцца.

Віталь пракашляўся, гісторыя скончылася, хаця ніякай маралі ў ёй не было, дый ніхто яго і не слухаў, я ж змог яе пераказаць толькі таму, што ў гэтым тэксце, як я пісаў напачатку, я – і сяржант вучэбкі, і прадавачка ў начніку, і нават крыху Цімурка – што хачу, тое і ведаю, тое і выдаю за праўду.