Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

Пушкіна скончыла і шморгнула носам.

– Я цябе добра разумею! – сказаў Пшэмак. – Я, калі з металашукальнікам скарбы шукаю, увесь час у яміне штосьці знайсці спрабую! Гэта мне вельмі блізка і ясна. Адно толькі мне не ясна засталося: што ж цяпер нам будзе распавядаць Віталь, калі гісторыя пра Цімура скончылася?

– Гэта вельмі проста! – сказаў рэпер. – Я раскажу гісторыю, якую вы, напэўна, ніколі б не даведаліся, калі б мне не захацелася цяпер яе расказаць, – музыка грымела, людзі падыходзілі і адыходзілі ад століка, так што слухаў Віталя толькі ўладальнік клуба. – Гэтая гісторыя пра злачынства і пакаранне здарылася са мной, калі ваш добры сябар і надзейны памагаты панства працаваў на дылера патрыманых аўтамабіляў сістэмным адміністратарам. Адна з бухгалтарак зацяжарыла, а дырэктар прымусіў яе напісаць тлумачальную, чаму яна захавала дзіця. Калі ён пайшоў на абед, я выкраў гэтую паперку і адправіў ягонай жонцы, прыпісаўшы, што дзіцёнак ад яго. Жонка сышла да мамы, праз колькі месяцаў яны развяліся. Ён запіў, і хутка прадпрыемства збанкрутавала. Так я зразумеў, што не варта лезці ў справы людзей, якія цябе пра гэта не прасілі.

Але ўсё гэта была, так бы мовіць, прымаўка, а сама гісторыя такая.

І Віталь пачаў расказваць, гледзячы перад сабою і жэстыкулючы так, нібы таропіўся ў камеру.

ШАБЛЯ ГУСТАВА

Борхес вылучаў у сусветнай літаратуры ўсяго чатыры сюжэты, але што ўзяць са сляпога, я ж вылучаю у рэп-музыцы пяць нот, астатнія я проста не чую, я ў музычную школу не хадзіў, я вырас у дзевяностыя, не да піяніна было, хаця часам нехта тэлефоніў на хатні і прапаноўваў яго наладзіць, дагэтуль не ведаю, хто гэта быў – наладчык піянінаў ці злодзей-наводчык.

Але ў маім двары жыла сям’я армян, яны збеглі з Нагорнага Карабаха, каб іх там не зарэзалі азербайджанцы, ці штосьці ў гэтым духу – можа, з нейкага іншага месца збеглі. Зрэшты, у Карабаху армяне таксама крыху парэзалі азербайджанцаў, таму, можа, яны ніякія не армяне былі, а проста замаскіраваныя азербайджанцы, нездарма ж яны маліліся пяць разоў на дзень у бок Меккі.

Але з іх сярэднім сынам Нарэкам мы пасябраваліся і праз нейкі час ужо рабілі дуа разам. І вось прыходжу я ў сераду да іх у пад’езд на другі паверх, званю ў дзверы, выходзіць мой сябар і кажа:

– Я тут даведаўся, – а сам жопу чэша. – У Смургонях, аказваецца, ёсць мячэт. Давай туды з’ездзім на пятнічную малітву?

– Скуль ты даведаўся? – пытаю.

Нарэк пайшоў кудысьці ў кватэру, а я за ім зайшоў і дзверы за сабой замкнуў.

– Вось, – кажа, і працягвае мне газету «Сакрэтныя матэрыялы».

Я яшчэ падумаў, адкуль ён яе ўзяў, бацька ў яго «СПІД-Інфо» чытае і абводзіць тэлефоны прасталытак чырвоным алоўкам. Мы, галоўнае, зразумець не маглі, навошта, калі ён у Магілёве, а яны – у Маскве. Нарэк тлумачыў, што гэта ў ягонага таты такая мужчынская сіла, але я яго не асабліва слухаў. То чытаю я артыкул з назваю «Страчаная спадчына – мячэт у Смаргоні» і кажу сябру:

– Ты, натуральна, богабаязны паслядоўнік Мухамеда, але ў газетах добра разумееш толькі апісанне сэксуальных дэвіяцый, тут жа чорным па белым напісана, што мячэт развалілі нямецка-фашысцкія захопнікі ў 1970 годзе з санкцыі раённага выканаўчага камітэта і мясцовай партыйнай арганізацыі.

– Ааааа, брат! – сказаў Нарэк. – Пайшлі тады гуляцца ў «дэндзі», мне бацька акурат прывёз з камандзіроўкі на Чаркізаўскі рынак новы картрыдж з «Чорным плашчом».

Пайшоў я за Нарэкам у пакой, а там у прыстаўку рубіцца ягоны старэйшы брат. Селі мы перад канапай на падлогу і глядзім, як ён праходзіць «Чыпа і Дэйла». Раптам бачу, круцяць міма нас жопамі сястра Нарэка з невядомай мне дзяўчынай, а ў той – рудыя валасы і самы прыгожы азадак, з тых, якія я калі-небудзь бачыў. Можа, толькі грудзі Памэлы Андэрсан прыгажэйшыя былі за гэтую дупку.

Дык гуляе брат Нарэка ў «дэндзі», як прайграе, то або брату, або мне ў вуха дасць, але так – без злобы, у чвэрць сілы, і дадасць штосьці па-армянску, нібыта ён сцаў на магілы нашых мацярок. Можна падумаць, мая мама па-іхняму разумее. Мы не крыўдзіліся, такая ўжо ў дзевяностых была завядзёнка: атрымліваць ад чорных і гуляць у «дэндзі», уяўляючы, што пульт кіравання ў цябе ў руках, а не ў нейкага абмудка, якога з аўтаслесарнай вучэльні выгналі за амаралку.

Але мне тым разам не да яго зусім было, я не-не дый паглядаў у дзвярны прахон у суседні пакой, дзе сястра Нарэка з рудой дзеўкаю абмяркоўвалі хлопцаў. Нарэк мне тады і кажа:

– Што? – і руку мне на плячо кладзе. – Прыўстаў струк?

– Ты пра сястру сваю? – перапытваю. – Так, ёсць крыху.