Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

Рэпер ўстаў, нібы адна дэталь ад ікееўскага ложка ў іншую – лёгка і адным рухам, сказаў, што яму трэба ў прыбіральню, але кудысьці ў паветра, так што на яго ніхто не звярнуў увагі, але сам выйшаў з клуба на пляж. Ён зняў боты і пайшоў уздоўж ракі.

Узяў піва ў іншым бары і лёг у шэзлонг. Выпіў паўлітра горкага напою, яго чамусьці вельмі моцна забрала.

Мы сядзелі на тэрасе рэстарана з мішленаўскай зорачкай. Богдан Задура еў марозіва. Было горача, шарыкі ў талерцы расцякліся адразу, як страву прынеслі тры афіцыянты. Мужчыны былі такія важныя, што здавалася, адзін з іх вось-вось скажа другому: «Мір вам». Я піў каву і абціраў сурвэткай пот з твару, каб салёная вадкасць не накапала ў высокую шклянку.

Мастацкі кіраўнік не глядзеў мне ў вочы і сумна расказваў пра свайго сябра, які не перажыў гэтага лета, гэтай гарачыні, гэтага сораму.

– Я дачытаў, – нарэшце перайшоў ён да справы, але больш нічога не дадаў, што само па сабе было красамоўна. Богдан пакруціў лыжку ў руках. Яго пальцы калаціла, я супакойваў сябе тым, што гэта ўсяго толькі старасць.

– Андрэй, ты прабач мне, але гэта слаба, надта слаба. Я памятаю, сваю першую аповесць (я праз яе з факультэта ледзьве не вылецеў) тры месяцы пісаў, на заняткі не хадзіў. Не атрымаеш ты Гедройца, нават лонг-ліст пад пытаннем.

– Скажу, трапіў пад уплыў польскай культуры. У вас нічога да канца не даводзяць, яшчэ з часоў Халакосту, – паспрабаваў я пажартаваць.

– Як там, нагадай, жэбы жыце мяла смачэк?

– Раз дзеўчынка, раз хлапачэк, – аўтаматычна працягнуў я.

– Бачыш, Андрэю, чаму ты навучыўся ў Польшчы. Каб пра гэта даведаліся ў Міністэрстве культуры, баюся, яны б скасавалі стыпэндыяльную праграму, – Богдан выцягнуў футарал з акулярамі і невядома навошта надзеў іх – можа, каб лепш разгледзець мае бессаромныя вочы. – Добра, – ён з’еў дзве лыжкі брыдкай сумесі, у якую ператварылася марозіва, і памаўчаў. – Не атрымалася. Бывае, але скажы мне адно: навошта Капейкін шукаў Хоміча? Сам разумееш?

Я развёў рукамі: разумею, але, ведаеш, Богдане, тлумачэнне жарту не робіць яго смешным. Ён уздыхнуў.

Задура выцягнуў з кішэні тэлефон і сфатаграфаў мяне. На імгненне я адчуў нешта дзіўнае, нібыта мы развітваемся назаўсёды, а гэтыя здымкі – занадта нетрывалая памяць пра нашы сустрэчы. Яны знікнуць, вельмі хутка знікнуць, калі тэлефон зламаецца, ці ты яго згубіш, ці забудзеш, як ім карыстацца. Я таксама выцягнуў мабільнік і сфатаграфаваў Богдана, нібыта мае здымкі больш трывалыя, чым яго. Мы паглядзелі адзін на аднаго, мастацкі кіраўнік, здавалася, больш не злуецца. Не я першы, хто не зрабіў таго, што ён хацеў.

– Спадзяюся, мы яшчэ пабачымся. Вельмі спадзяюся, – сказаў Богдан. – Тое, што ты даслаў, гэта ўсё, канец?

– Засталася яшчэ адна гісторыя пра Хоміча, – адказаў я. – Хай яе, як і іншыя гісторыі пра Цімура, раскажа мой сябар па дарозе дадому. Бо навошта патрэбна дарога, калі яна не вядзе дадому?

А пасля я чытаў кнігу вершаў майго мастацкага кіраўніка Богдана Кшыштафа Задуры – «Po szkodzie» – і ў адным з тэкстаў ён звяртаўся да чытачоў, да мяне, да вас, якія ніколі не прачытаюць яго радкі, называў усіх нас разам і ўсіх нас паасобку словам «robaczki» – «чарвячкі».

Мне так спадабаўся гэты зварот, гэтая найвышэйшая ступень непавагі да чытачоў. Але я вырашыў спраўдзіць у Богдана, і не – выявілася, што не лічыць ён нас за ідыётаў, а толькі так звяртаецца крыху паблажліва, з візіі чалавека сямідзесяці васьмі гадоў, як той дзед з украінскага тэлебачання. Вось така х-йня, малята, вось така х-йня. Казаў я вам, з «ПіСам» горш будзе, а вы мне веры не давалі, то во распішыцеся тут, пад словамі.

Мог бы і я так да вас звяртацца: чарвячкі, мілыя вы мае чарвячкі. Але, але кніжка скончана, было крыху інтрыгі, ды амаль ужо не засталося. Позна зневажаць, позна намякаць, позна трымаць паўзу. Усё сказана, усё пачута, sapienti sat.

Але, напэўна, у тым сэнсе, у якім гэтае слова ўжываецца ў рускай літаратуры часоў распаду Расейскай імперыі, напэўна, мне хочацца дадаць некалькі старонак пра тое, што было далей.

Над фіналам паэмы я доўга думаў. Думаў не ў тым сэнсе, што гуляў у парку і разглядаў аблокі з тварам для фотасесіі да інтэрв’ю пісьменніка ў «Сіцідогу». Я перабіраў варыянты: вывесці абсурд апавядання на новы ўзровень – да поўнага сцірання мяжы паміж аб’ектам і суб’ектам або, наадварот, знайсці рэалістычнае завяршэнне. Скончыць раптоўнымі, але заканамернымі трагічнымі здарэннямі або расплесці гісторыю ў хэпі-энд. Даць намёкі, а пасля не спраўдзіць або, наадварот, зрабіць так, як абяцаў, паловамі слоў і цэлымі абзацамі.

Стыпэндыя скончана, я вяртаюся ў Менск, цягнік крануўся, у тунэлі пад Варшавай цёмна, але я так і не прыдумаў нічога лепшага за той фінал, які ўжо ведаў, калі ствараў файл пад паэму.