Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

Маці паглядзела на сына разумнымі добрымі вачамі і нечакана ўсміхнулася:

— Ох, як ты ў мяне, сынок, вырас! Каб сказаць маме штосьці на вуха, ужо нагінацца стаў.

Валодзя стаяў збянтэжаны, глядзеў на маці і думаў: «Вось гэта мама! У гэткі момант так трымаецца ды яшчэ жартуе!»

Тым часам гестапаўцы і паліцаі пачалі гнаць натоўп праз плошчу ў бок вуліцы Цнянскай. Там яны ўтварылі прапускны пункт. Натоўп адціснуў ад Славіных суседку. Маці, праходзячы міма воза, звярнулася да старога, які сядзеў на ім:

— Дзядуля! Прадай дзясятак яек!

Дзед здзіўлена паглядзеў на жанчыну, якая вырашыла купляць яйкі ў такі момант.

— Я, дачка, не прадаю. Змяняю.

— Дзядуля, мілы, а ты прадай. Вось табе маркі, дай хоць бы дзясятак. Зразумей — вельмі трэба! — І, памаўчаўшы, гледзячы проста ў вочы старому, дадала: — Для жыцця трэба!

Стары перавёў погляд туды, дзе тоўпіліся ля прапускнога пункта людзі, і пачаў дрыготкімі рукамі, не лічачы, перакладаць у кошык Славінай яйкі.

— Бяры, родная, калі для жыцця трэба.

Калі ён паклаў у кошык дзясятка паўтара яек, маці сказала:

— Хопіць, дзякуй.

Але дзед працягваў перакладаць яйкі, штук трыццаць паклаў і прагаварыў:

— Ну, з Богам. Ідзіце, людзі добрыя.

Маці працягнула яму ўсе маркі, якія былі ў яе, але стары адмахнуўся:

— Не патрэбныя гэтыя паперкі, у нас з табой, дачка, ёсць толькі адны грошы. Прыйдзе час — будзем імі разлічвацца!

— Дзякуй, дзядуля! Шчасліва заставацца, добры чалавек!

Далей яны ішлі моўчкі. Усё бліжэй падвойнае ачапленне. Стаяць афіцэры, правяраюць дакументы, адводзяць у бок, пад асобую ахову, тых, у каго дакументаў няма. Амаль праз аднаго чалавека — ператрус. Валодзя ўпотай зірнуў на маці. Твар ледзь пабляднеў, але спакойная. Ужо зусім блізка кантроль.

У гэты момант Валодзя падумаў: «Цікава, колькі тут людзей, якія не хочуць, каб іх абшуквалі?» І раптам ён заўважыў знаёмы твар: «Каб іх чорт узяў, дзе я бачыў гэтага паліцэйскага?.. Нарэшце вось успомніў! Гэта ж ён… прыносіў тры пішучыя машынкі». Валодзя крануў маці за руку:

— Мама! Ідзі за мной! Толькі не хвалюйся.