Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

І ён, трымаючы маці за руку, падышоў да паліцэйскага:

— Пан паліцэйскі, дабрыдзень! Я Валодзя. Памятаеце, пішучыя машынкі рамантаваў? Вы яшчэ дзякавалі.

Паліцэйскі пазнаў хлопца, і на яго твары прамільгнула нейкае падабенства ўсмешкі.

— Памятаю, памятаю. Што ты хочаш?

— Разумееце, спазняюся, а шэф не любіць, калі спазняюцца. Сёння ён загадаў выйсці на работу. Неабходна адрамантаваць машынку для гестапа, а тут аблава. Пакуль я з мамай дачакаюся чаргі, пакуль нас прапусцяць, спазнюся. Дакументы ў нас у парадку. Вось, гляньце — мой аўсвайс. У мамы таксама ёсць. — Ён павярнуўся да маці: — Мам, пакажы. — Маці дастала пропуск, а Валодзя працягваў: — Вы ж усё можаце! Прапусціце нас без чаргі. А я за гэта заўсёды буду без чаргі рамантаваць вашы машынкі.

Паліцэйскі расправіў худыя плечы, зазірнуў у торбу і сказаў:

— Добра. Ідзіце за мной.

І ён правёў іх спачатку праз адзін ланцуг, затым праз другі, дзе стаялі толькі немцы. Тут ён, аддана ўсміхаючыся, некалькі разоў прагаварыў: «Аўсвайс, аўсвайс!»

Валодзя і маці былі свабодныя. Але Настасся Георгіеўна не адыходзіла. Яна насцярожана глядзела назад.

— Што ты так глядзіш, мама?

— Валодзя, бачыш, воддаль стаяць тры немцы — афіцэры, а з імі Святлана Латаніна.

Валодзя зірнуў і тут жа пазнаў суседку.

— Цікава, што яна тут робіць? — ціха спытала маці.

А Латаніна не прымусіла доўга чакаць адказу. Яна нахілілася да аднаго з афіцэраў і штосьці сказала яму, паказваючы пальцам на аднаго мужчыну, таго, што ўжо мінуў кантроль. Афіцэр зрабіў знак салдатам. Двое з іх падскочылі да мужчыны і, падштурхоўваючы яго ў спіну рулямі аўтаматаў, адвялі ў групу людзей, якая ахоўвалася асобна. Нічога не сказала маці, але вочы яе гаварылі пра многае.

Думаць пра сустрэчу з партызанскай сувязной зараз ужо не даводзілася. Моцна турбуючыся за яе лёс, маці і сын адправіліся дахаты. Але не прайшлі яны і квартала, як іх дагнала дзяўчына. Задыхаўшыся ад хуткай хады, яна спытала:

— Ці няма ў вас на продаж ботаў і жаночага футра, пажадана чорнага колеру?

Маці ўсміхнулася і адказала:

— Боты ёсць, але толькі мужчынскія, сорак пяты памер. Футрамі пакуль не гандлюем.

Далей яны пайшлі ўтраіх. Павярнулі ў маленькі бязлюдны завулак, і маці хутка перадала дзяўчыне каштоўны груз. Падзякаваўшы Славіным, тая хутка знікла.

Маці з палёгкай уздыхнула, ласкава паглядзела на сына: