Вам — заданне

22
18
20
22
24
26
28
30

— Ну што, Вова? Пойдзем яечню дармовую гатаваць. Ох і вячэру закачу — пальчыкі абліжаце!

Дахаты прыйшлі задаволеныя. Бацька і Жэня гатавалі абед. Дзелячыся ўражаннямі пра паход на кірмаш, пра добрага старога, які выручыў яе і Валодзю ў цяжкую хвіліну, Настасся Георгіеўна расказала мужу і пра паводзіны Латанінай.

Густыя бровы Міхаіла Іванавіча сышліся на пераноссі. Ён доўга маўчаў, гледзячы ў акно, потым падышоў да жонкі і абняў яе:

— Настасся, давай дамовімся: калі здарыцца самае страшнае і мяне схопяць, то пра што б цябе ні пыталі, чаго б ні казалі, нават пра тое, што я нібы прызнаўся, нават калі назавуць імёны тых, каго ты сапраўды ведаеш, адмаўляй усё. Ты павінна казаць, што нічога не ведаеш, што ніхто да нас дахаты не прыходзіў.

— Ты што, Міша, думаеш, што цябе могуць схапіць?

— Цяжка сказаць, па-мойму, не павінны. Дома ў нас нічога падазронага няма, і надалей сюды прыносіць не будзем, але, разумееш, лістоўкі вырабляюцца друкаваным спосабам, гестапаўцы не дурні і ў першую чаргу, вядома, цікавяцца тымі, хто працуе ў друкарні. Калі Латаніна — здрадніца, а гэта, відаць, сапраўды так, то яна напэўна атрымала заданне прасачыць за намі. З ёй трэба паводзіць сябе як звычайна, хай думае, што мы ні пра што не здагадваемся. — Міхаіл Іванавіч усміхнуўся. — Ведаеш, я прыдумаў, як сёння гэту Светку праверыць. І зробіць гэта Жэня.

Настасся Георгіеўна спалохана прамовіла:

— Ой, Міша, баюся я за дзяцей. Скажы, што ты прыдумаў?

— Ты заўважыла, што на нашай вуліцы вобыск не рабілі толькі ў пяці дамах, у тым ліку ў нас і Латаніных?

— Так, пра гэта ўчора мы з Жэняй гаварылі.

— Дык вось, калі сёння яны прыйдуць да нас, то даю руку на адсячэнне, не абыдуць яны і Латаніных. Калі Светка працуе на гестапа, а я паўтараю, яны — не дурні, то яны зробяць вобыск і ў яе. Але які ім сэнс у свайго лакея ўсё дагары нагамі пераварочваць, як гэта яны звычайна робяць у іншых дамах? І я ўпэўнены, што да Светкі яны прыйдуць, пасядзяць і праз паўгадзіны выйдуць на вуліцу, каб суседзі бачылі, што і Латаніну не абышлі. А гэта значыць, што падазрэння на гэту верціхвостку не будзе.

— Гэта так, але я не разумею, што ты хочаш ад Жэні?

— Ты ж сама казала, што Светка ўзяла ў нас тарку. Дык вось, калі немцы ўвойдуць да яе ў дом, хвілін праз дзесяць — пятнаццаць зойдзе Жэня і спытае нашу тарку, скажа, што мы таксама вырашылі дранікі пячы, а заадно ўбачыць, ці робяць немцы ў іх ператрус.

Настасся Георгіеўна мякка ўсміхнулася:

— Ну і стратэг ты ў мяне. Не разумею толькі, для чаго гэта табе? Я лічу, што Жэню нельга пасылаць, каб яна лішні раз на вочы гэтым ірадам траплялася. Яна ў нас ужо дзяўчына, і ты сам ведаеш, колькі розных подласцяў робяць немцы, асабліва гестапаўцы.

Міхаіл Іванавіч падышоў да акна, памаўчаў, а затым сеў на канапу:

— Так, твая праўда. Пашлём Вову, а для чаго мне гэта трэба, то я скажу табе вось што: гэта трэба ўсім нам, маім таварышам. Разабрацца, хто ёсць хто, сабраць доказы віны здрадніка таксама важная справа. Наступіць час, і такім людзям будзе прад’яўлены рахунак за ўсё.

Настасся Георгіеўна ў знак згоды кіўнула і сказала:

— Добра, тады я бульбачкі начышчу.

— А гэта навошта?